Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чаго чакаць ад візыту ў Беларусь упаўнаважанага АБСЭ ў пытаньнях мэдыяў?


Уладзімер Глод, Менск 9 лютага ў Беларусь мае намер прыбыць упаўнаважаны АБСЭ па пытаньнях СМІ Міклаш Харасты. Візыт працягнецца тры дні – ад серады да пятніцы – і ў часе яго спадар Харасты мае намер атрымаць зь першых рук уяўленьне пра сытуацыю са свабодай прэсы ў Беларусі. Паводле інфармацыі АБСЭ, размова ў тым ліку пойдзе і пра спробу Эўропы дапамагчы Беларусі ў стварэньні свабоднага і адкрытага мэдыйнага ляндшафту ў адпаведнасьці з крытэрамі Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе.

Калі гэты візыт адбудзецца, дык ён стане першым прыездам у Беларусь упаўнаважанага АБСЭ па пытаньнях мэдыяў. Усе ранейшыя спробы спадара Харасты і ягонага папярэдніка Фраймута Дувэ наведаць Беларусь заканчваліся безвынікова.

Сапраўды, была ўжо не адна спроба наладзіць візыт упаўнаважанага АБСЭ ў Беларусь. Я прагледзеў архівы, у якіх знайшоў, што ўпершыню такі чыноўнік, тады ім быў Фраймут Дувэ зь Нямеччыны, зьбіраўся прыляцець у Менск яшчэ ў сакавіку 2001 году. З таго часу мінула ўжо амаль чатыры гады.

Тады спадар Дувэ нават атрымаў беларускую візу, але Міністэрства замежных справаў Беларусі прапанавала яму адкласьці візыт. Тагачасны прэсавы сакратар МЗСу, цяпер ён амбасадар Беларусі ў Польшчы Павал Латушка, тлумачыў гэта тым, што ў Менску ў тыя дні праводзіцца шмат афіцыйных мерапрыемстваў, а таму тыя беларускія чыноўнікі, зь якімі зьбіраўся сустракацца спадар Дувэ, проста ня змогуць яго прыняць.

Але падобна, што гэта быў тактычны ход. Бо літаральна праз месяц, калі Фраймут Дувэ зноў сабраўся прыляцець у Менск, беларускія ўлады адмовіліся выдаць уязную візу Даяне Моксэй – ягонай дарадчыцы, якая раней працавала ў амбасадзе ЗША ў Беларусі. Спадар Дувэ палічыў гэта абразай і адмовіўся ад візыту.

І вось прыгадваецца такі цікавы момант – некаторыя аглядальнікі тады казалі: маўляў, Дувэ ў Беларусі ня хочуць бачыць толькі таму, што ён добры сябар тагачаснага кіраўніка місіі АБСЭ ў Беларусі Ганса-Георга Віка. Але гэта выглядае ня так, паколькі і са спадаром Харасты даволі хутка пачаліся складанасьці.

Летась у верасьні спадар Харасты хацеў на ўласныя вочы паглядзець, як працуюць беларускія мэдыі непасрэдна перад парлямэнцкімі выбарамі. Але высокаму чыноўніку АБСЭ беларускія ўлады адмовілі ва ўязной візе. Ну а перад гэтым была выкарыстаная тая ж тактыка, што і з Дувэ. Спачатку беларускія ўлады папрасілі Харасты перанесьці візыт, каб сумясьціць яго з мэдыйным сэмінарам, потым зьмянілі структуру сэмінара, а ў рэшце рэшт адмянілі сэмінар...

А што тычыцца нявыдачы візы, то ўжо цяперашні прэсавы сакратар беларускага МЗСу Андрэй Савіных патлумачыў гэта як “тэхнічную накладку”. Я так падрабязна расказваў пра ўсё гэта выключна дзеля таго, каб нашыя слухачы зразумелі, наколькі важны гэты візыт.

У рамках візыту спадар Харасты будзе мець размовы зь міністрам замежных справаў Сяргеем Мартынавым, міністрам інфармацыі Ўладзімерам Русакевічам, міністрам сувязі Ўладзімерам Ганчарэнкам і старшынёй парлямэнцкай камісіі па правах чалавека, этыкі і СМІ Юрыем Кулакоўскім. Таксама заплянаваная сустрэча з журналістамі і прадстаўнікамі беларускіх недзяржаўных СМІ.

Што ж чакаюць у Менску ад першага прыезду сюды такой высокай асобы? Бадай, галоўнай стане размова пра спробу Эўропы дапамагчы Беларусі ў стварэньні свабоднага і адкрытага мэдыйнага ляндшафту ў адпаведнасьці з крытэрамі Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе. Жаданьне, безумоўна, добрае, але, падобна, выканаць яго будзе вельмі цяжка, а можа і наогул немагчыма. Прынамсі, так думае шэф-рэдактар газэты “Народная воля” Сьвятлана Калінкіна:

(Калінкіна: ) “Я думаю, што цяпер беларускія ўлады будуць рабіць выгляд, быццам яны адкрытыя, што яны ідуць на перамовы. І там самым яны спрабуюць выключыць абвінавачваньне ў тым, што яны нават размаўляць не хочуць ні зь якімі міжнароднымі назіральнікамі. Але станоўчых вынікаў ад гэтых перамоваў я не чакаю. Таму што, нягледзячы ні на што, улады падрыхтавалі праект зьменаў у закон аб сродках масавай інфармацыі. Ён вельмі і вельмі жорсткі. І, напэўна, перад яго прыняцьцем улады вырашылі пусьціць дакладачыка АБСЭ ў Беларусь і нешта яму сказаць. Я ня думаю, што нехта будзе апраўдвацца ці нават слухаць прэтэнзіі, якія прад’яўляюцца да Беларусі і да таго стану, у якім у нас знаходзяцца СМІ”.

Няма аптымістычных спадзяваньняў ані ў сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў, першага намесьніка старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада) Ўладзімера Нісьцюка:

(Нісьцюк: ) “Усе інстытуцыі АБСЭ – і Парлямэнцкая асамблея, і іншыя структуры – гэта інстытуцыі кансультатыўнага, мэтадычнага кшталту. Яны могуць канстатаваць факт, яны могуць паспрабаваць надаць яму нейкі палітычны гук. Але ніякіх мэханізмаў уплыву на сытуацыю ў іх няма. Таму вельмі шкада гэтых людзей. Яны прыяжджаюць, на іх ускладаюць вялікія надзеі. Але я ўжо даўно бачу – гэтыя людзі прыедуць, як фотаапаратам зробяць здымак таго, што ёсьць у Беларусі, павязуць гэтыя здымкі і прадэманструюць іх эўрапейскай грамадзкасьці. І пасьля гэтага ўсё застанецца так, як яно было. Гэта толькі маральная ацэнка, маральны ўплыў. І ня больш. Дзякуй Богу, калі прыедзе чалавек, убачыць тое, што ёсьць, завязе інфармацыю пра тое, што ў нас ёсьць на самой справе. Але пра гэта ўжо даўно добра ведаюць у Эўропе. Ён нічога новага не адкрые”.
XS
SM
MD
LG