Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму прэзыдэнты ў Сярэдняй Азіі так ня хочуць сыходзіць?


Ганна Соусь, Прага Ніводны з кіраўнікоў пяці краінаў Сярэдняй Азіі пакуль яшчэ не пакінуў сваю пасаду з таго часу, як гэтыя краіны набылі незалежнасьць пасьля развалу Савецкага Саюзу. Пры тым, што ў іншых постсавецкіх краінах лідэры мяняліся хаця б аднойчы. Прэзыдэнты краінаў Сярэдняй Азіі ўнесьлі зьмены ў Канстытуцыі сваіх краінаў, правялі сумнеўныя рэфэрэндумы з тым, каб працягнуць тэрміны сваіх паўнамоцтваў як мага даўжэй. Пры гэтым, аднак, яны праз заканадаўства гарантавалі сябе недатыкальнасьць і прывілеі пасьля адстаўкі. Але ж чаму яны так ня хочуць сыходзіць? Ці сапраўды гэты навязьлівая ідэя ўлады, адсутнасьць пераемніка ці нейкая іншая прычына?

Чацьвёра зь пяці кіраўнікоў краінаў Сярэдняй Азіі прыйшлі да ўлады яшчэ за савецкім часам як кіраўнікі рэспубліканскіх кампартый.

Чаму гэтыя лідэры ня хочуць пакідаць свае пасады?

Мухамэд Саліх, лідэр забароненай апазыцыйнай партыі Узбэкістану, які быў вымушаны пакінуць краіну і зьвярнуцца па палітычны прытулак у Эўропе, лічыць, што калі прэзыдэнты ў Сярэдняй Азіі пакінуць свае пасады, то страцяць ня толькі палітычную ўладу, але і кантроль над эканомікай. Але самая галоўная прычына, паводле Саліха, гэта тое, што прэзыдэнты баяцца, што пасьля адстаўкі ім ня будзе гарантаваная бясьпека.

(Саліх: ) “Яны баяцца таго, як да іх будуць ставіцца людзі пасьля зыходу. Гэта асноўная прычына. Але калі разглядаць сытуацыю з узбэцкім прэзыдэнтам, то тут больш верагодна, што будзе адплата з боку ягоных паплечнікаў, а не народу. Але відавочная ўсеагульная нянавісьць да Карымава”.

Іслам Карымаў гарантаваў сябе шэраг прывілеяў у выпадку, калі ён пакіне сваю пасаду. У 2003 узбэцкі прэзыдэнт ўхваліў закон, які гарантуе былым прэзыдэнтам і іхнім сем’ям пажыцьцёвую недатыкальнасьць. Па заканчэньні свайго тэрміну былы прэзыдэнт становіцца пажыцьцёвым сэнатарам і захоўвае права на сваю цяперашнюю рэзыдэнцыю.

Казахскі прэзыдэнт Нурсултан Назарбаеў і прэзыдэнт Кыргызстану Аскар Акаеў таксама забясьпечылі сябе заканадаўчым чынам гэткія ж гарантыі.

А “Туркмэнбашы” Сапармурат Ніязаў зьяўляецца ўвогуле пажыцьцёвым прэзыдэнтам, аднак часу ад часу кажа пра магчымае правядзеньне выбараў прэзыдэнта. Апошні раз ён гэта зрабіў 2 лютага, калі абвясьціў пра правядзеньне наступных выбараў прэзыдэнта ў 2008 ці 2009 гадах.

(Ніязаў: ) “Прэзыдэнцкія выбары будуць праведзеныя, як таго жадае Алах. Мы будзем мець прынамсі трох ці чатырох кандыдатаў, якія будуць удзельнічаць у выбарах. Яны будуць мець права на два тэрміны на гэтай пасадзе, як гэта гарантуе Канстытуцыя. Калі вы становіцеся прэзыдэнтам, то можаце быць ім два тэрміны – усяго 10 гадоў. Давайце ня будзем рабіць болей. Вы зрабілі выключэньне для мяне, таму што я — першы прэзыдэнт. Давайце працаваць далей. Што да новага прэзыдэнта, калі гэтага захоча Алах, калі гэты чалавек будзе сумленна працаваць і будзе папулярным сярод людзей... тады ў нас будуць выбары з удзелам канкурэнтаў”.

Аналітыкі адзначаюць, што калі сваю пасаду пакіне адзін з сярэднеазіяцкіх лідэраў, то гэта зьменіць палітычную сытуацыю ва ўсім рэгіёне.

Кыргызстан можа стацца першай кранай, якая будзе мець новага прэзыдэнта, калі Аскар Акаеў вырашыць ня браць удзел у выбарах, якія маюць адбыцца сёлета ў кастрычніку. У першыя гады незалежнасьці Акаеў лічыўся прыхільнікам дэмакратыі, і Кыргызстан называлі “выспай дэмакратыі” ў Сярэдняй Азіі. Але хутка Акаеў павялічыў сябе прэзыдэнцкія паўнамоцтвы, як і кантроль над эканомікай.

Палітычны аналітык з маскоўскага цэнтру Карнэгі Адрэй Рабаў лічыць, што найбольш верагодны сцэнар, калі кіраўнікі краінаў Сярэдняй Азіі прызначаць пераемніка з асобаў, якія належаць да роднасных клянаў.
XS
SM
MD
LG