Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці атрымае штампік у пашпарт гомельскі палітык?


Казімер Яноўскі, Гомель Сёньня судзьдзя Чыгуначнага раёну Гомеля Ларыса Казырэвіч разглядала скаргу вядомага палітыка Віктара Карнеенкі ў дачыненьні пашпартна-візавай служба і падатковай інспэкцыі Савецкага раёну.

На падставе паведамленьня падатковай інспэкцыі пра нібыта наяўнасьць у спадара Карнеенкі ня сплачанага ў бюджэт штрафу, пашпартна-візавая служба Чыгуначнага раёну адмовілася выдаць палітыку дазвол на часовы выезд за мяжу.

Як высьветлілася ў судзе, падаткоўцы маюць прэтэнзіі да закрытай уладамі грамадзкай арганізацыі “Грамадзянскія ініцыятывы”, якой кіраваў спадар Карнеенка.

Ужо пасьля ліквідацыі “Грамадзянскіх ініцыятываў” на падставе рашэньня суду, падаткоўцы вынесьлі штраф грамадзкай арганізацыі за бязвыплатную перадачу кампутарнай тэхнікі іншай грамадзкай суполцы.

Гэты штраф і стаўся падставаю для стварэньня перашкод Віктару Карнеенку на выезд за мяжу.

Чакаецца, што рашэньне паводле пазову спадара Карнеенкі суд прыме 15 лютага.
XS
SM
MD
LG