Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці зможа Міклаш Харашты дапамагчы беларускім СМІ?


Ул. інф. У Міністэрстве замежных справаў Беларусі пацьвердзілі інфармацыю адносна трохдзённага візыту ў Менск ўпаўнаважанага АБСЭ ў пытаньнях СМІ Міклаша Харашты. Афіцыйная мэта візыту, які арганізаваны беларускім замежнапалітычным ведамствам – атрыманьне аб’ектыўнай інфармацыі пра стан беларускіх мэдыяў ды дапамога Беларусі ў стварэньні свабоднай і адкрытай мэдыйнай прасторы ў адпаведнасьці з абавязацельствамі АБСЭ. У часе візыту Харашты плянуе сустрэцца з прадстаўнікамі афіцыйнага Менску міністрамі замежных справаў, інфармацыі і сувязі, а таксама з прадстаўнікамі незалежных мэдыяў.

Упаўнаважаны АБСЭ Міклаш Харашты прыбудзе ў Менск заўтра. З гэтае нагоды некаторыя аўстрыйскія газэты напісалі “Харашты мусіць дапамагчы Беларусі ў стварэньні ляндшафту свабодных мэдыяў”. Маецца на ўвазе досьвед і аўтарытэт гэтага колішняга вугорскага праваабаронца, журналіста і дысыдэнта.

Паводле самога Харашты, ён у якасьці ўпаўнаважанага АБСЭ зьбіраўся наведаць Беларусь яшчэ летась, ў часе падрыхтоўкі даклада аб стане СМІ ў краінах АБСЭ. Аднак яму доўга ня давалі беларускай візы. Тады, выступаючы на паседжаньні Сталай Рады АБСЭ спадар Харашты заявіў:

(Харашты: ) “Я мог толькі падсумоўваць інфармацыю, якую мы атрымліваем ад шмат якіх вядомых і паважаных аглядальнікаў мас-мэдыя. І сутнасьць у тым, што сытуацыя са сродкамі масавай інфармацыі ў Беларусі сыстэматычна пагаршалася”.

У дакладзе спадара Харашты згадваліся захады беларускіх уладаў супраць журналістаў, прыпыненьне й закрыцьцё незалежных газэт і пазбаўленьні іх доступу да дзяржаўных друкарняў, а таксама вельмі высокі ўзровень манапалізацыі тэлебачаньня, бо ўсе чатыры нацыянальныя каналы належаць дзяржаве.

Паводле Міклаша Харашты, апошнім часам рэпрэсіі супраць медыяў набылі самыя вычварэнскія формы. Гэта і запалохваньні, і перасьлед журналістаў, уключна зь іхным фізычным зьнішчэньнем і разнастайны палітычна-фінансавы ціск на незалежную прэсу.

Усё гэта знаёма Харашты з уласнага досьведу. У 1970-я гады ён быў адным з заснавальнікаў вугорскага “самвыдату”. Творы Міклаша Харашты забараняліся камуністычнымі ўладамі, але некаторыя зь іх ўдалося вывезьці на Захад, дзе яны былі перакладзеныя і выйшлі ў сьвет з уступным словам Генрыха Бёля. Вельмі важным досьведам Харашты лічыць і сваю дзейнасьць ў 1980-я гады калі ў Вугоршычне ствараліся незалежныя мэдыі.

У красавіку 2004 адразу ж пасьля прызначэньня на пасаду ўпаўнаважанага АБСЭ Харашты заявіў, што будзе працягваць лінію свайго папярэдніка Фраймута Дувэ, якога і на Захадзе і на Ўсходзе многія называлі “вартавым сабакам свабоды прэсы”. Паводле Харашты, падобна свайму папярэдніку ён будзе праводзіць кампаніі ў падтрымку незалежных СМІ і зьняволеных журналістаў. Акрамя таго, ён хоча надаць больш увагі канфлікту паміж свабодай думкі ў Інтэрнэце і дзяржаўным кантролем за Інтэрнэтам і іншым праблемам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG