Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія “зялёныя” прапанавалі свайго адзінага кандыдата на выбары 2006


Казімер Яноўскі, Гомель Цэнтральная рада Беларускай партыі “Зялёных” вылучыла грамадзкага дзеяча з Гародні, навукоўца Аляксандра Мілінкевіча прэтэндэнтам на ролю адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад дэмакратычных сілаў Беларусі. Аляксандр Мілінкевіч – кандыдат фізыка-матэматычных навук, валодае пяцьцю мовамі, мае досьвед працы ў выканаўчых структурах. Вывучаў пытаньні эканомікі, дзяржаўнага будаўніцтва, правоў чалавека ў Нямеччыне, Галяндыі, Бэльгіі ды Польшчы. Са спадаром Мілінкевічам гутарыў наш гомельскі карэспандэнт.

Аляксандр Мілінкевіч прыехаў у Гомель на паседжаньне Цэнтральнай рады Беларускай партыі “Зялёных”, каб патлумачыць сваё бачаньне пэрспэктываў палітычнага ды эканамічнага разьвіцьця Беларусі.

Я пацікавіўся ў спадара Мілінкевіча, чым ён так зачараваў “зялёных”, што яго, беспартыйнага, “зялёныя” пагадзіліся назваць адзіным магчымым кандыдатам у прэзыдэнты?

(Мілінкевіч: ) “Падбіралі чалавека паводле дэмакратычных каштоўнасьцяў, які можа хутчэй аб`яднаць апазыцыю, а не рэалізаваць праграму “Зялёных”. Магчымыя кандыдаты павінны заручыцца падтрымкай і партый, і рэгіянальных супольнасьцяў”.

Паводле Мілінкевіча, першачарговай задачай для кіраўніка дзяржавы, абранага дэмакратычным шляхам, будзе вяртаньне Беларусі ў прававое, дэмакратычнае рэчышча.

(Мілінкевіч: ) “Вярнуць Беларусь у рэчышча дэмакратычных пераўтварэньняў, таму што Беларусь адышла ад гэтага шляху. Беларусь павінна быць дэмакратычнай краінай з рынкавай эканомікай, эўрапейскай краінай. Прэзыдэнт павінен адмовіцца ад шэрагу сваіх царскіх паўнамоцтваў. Ня можа быць уся ўлада ў аднаго чалавека. Ён павінен вярнуцца да прынцыпу раўнавагі розных галінаў улады. Павінна быць незалежная судовая ўлада. Павінен быць моцны парлямэнт. Магчыма, гэта павінна быць парлямэнцка-прэзыдэнцкая рэспубліка, а не “абсалютная манархія”, як сёньня”.

Будучы магчымы кандыдат у прэзыдэнты не прымае штучнага падзелу грамадзтва на “сваіх” і “чужых”, “усходніх” і “заходніх”. Ён выступае за збалянсаванасьць зьнешняй паліткі дзяржавы, за эўрапейскі шлях разьвіцьця Беларусі.

(Мілінкевіч: ) “Беларусь мусіць быць мостам паміж Захадам і Усходам. Не магчыма ня мець добрыя стасункі з Расеяй. Але, безумоўна, у нас павінен быць эўрапейскі шлях разьвіцьця. Заўтра нас ня прымуць у Эўразьвяз, але імкнуцца да гэтага Беларусі ў будучым, я думаю, варта. Гэтаксама, як і ўсім іншым нашым суседзям”, – сказаў Аляксандр Мілінкевіч, вылучэнец партыі “зялёных” на ролю адзінага кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG