Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы разам палякамі наведалі лягер чачэнскіх уцекачоў


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня ў Варшаве, у адным з лягераў для ўцекачоў у Варшаве, беларусы, што жывуць у польскай сталіцы, разам з палякамі зарганізавалі сьвята для дзяцей уцекачоў з Чачэніі. А чачэнцаў у гэтым лягеры – больш за 90%.

У чачэнскіх дзяцей і моладзі было сапраўднае сьвята – яны атрымалі падарункі: вопратку, кнігі, мыючыя сродкі, дзеці – цукеркі, але, хіба, галоўнае, гэта прысутнасьць саміх гасьцей.

Стылісты зь вядучых варшаўскіх салёнаў зрабілі чачэнскім дзяўчынам фрызуры, а прафэсійная настаўніца выяўленчага мастацтва Алена Іванова вучыла іх маляваць.

(Іванова: ) “Гэтым людзям патрэбна літаральна ўсё. Спачуваньне, зацікаўленасьць іхным лёсам, гэта самае малое, што мы можам ім даць”.

Чачэнцам даволі цяжка прыстасавацца да жыцьця ў абсалютна іншай культуры, аднак, нягледзячы на цяжкія ўмовы і недахоп літаральна ўсяго, чачэнскія дзеці нярэдка вельмі добра вучацца ў польскіх школах, пасьпяхова займаюцца спортам. Так як Султан, які жыве лягеры ў адным пакойчыку з бацькамі і двума братамі, але вучыцца “на выдатна”, займаецца танцамі і заваяваў напярэдадні тытул чэмпіёна Варшавы ў таэквандо.

(Султан: ) “Пасьля школы я іду адразу на трэніроўку, а калі трэніроўкі няма, дык на танцы. Мы вывучаем тут нашыя нацыянальныя танцы. Трэба, яшчэ, канечне, пасьпець зрабіць урокі”.

Варта дадаць, што пераважная большасьць чачэнцаў, які знаходзяцца ў лягерох для ўцекачоў у Польшчы, адмаўляюцца ад здымкаў на відэа, а таксама ня хочуць падаваць у размове з журналістамі свае сапраўдныя імёны, баючыся, перадусім, за жыцьцё сваіх блізкіх, што засталіся ў Чачэніі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG