Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Моладзь пра дрэды і афрыканскія коскі, танец жывата, аголенасьць і інтымны пірсінг, шнараграфію


Франак Вячорка, Менск (moladz@tut.by) (эфір 6 лютага). Новая перадача сэрыі “Маладыя галасы”.

Гаворкі пра афрыканскія коскі

Пачнем з галавы. Ёсьць людзі, якія ўпэўненыя, што валасы на галаве растуць для таго, каб час ад часу састрыгаць іх “пад нуль”. Асобы з крышку багацейшай фантазіяй носяць прычоскі, валасы свае фарбуюць і нават укладваюць адмысловым чынам. Ну а самыя вялікія арыгіналы на думку навакольных не зважаюць і ставяць на сваіх валасах усемагчымыя экспэрымэнты. А вынікі лічаць пазнакай уласнай індывідуальнасьці.

Наша госьця Кацярына Яцкевіч сама перанасіла на сваёй галаве ўсё, што толькі магчыма. Паводле прафэсіі,яна цырульніца. Спэцыялізуецца на афрыканскіх касіцах.

(Яцкевіч: ) “Афрыканскія касічкі — гэта частка нэгрыцянскай культуры, і цяпер, на мой погляд, яна папулярная ў Беларусі. Ёсьць дзьве групы людзей, якія робяць сабе такія касічкі, гэта моладзь 18–20 гадоў, і даволі дарослыя жанчыны, якія едуць, напрыклад, куды-небудзь адпачываць на мора: вельмі зручна з гэтымі коскамі дзе-небудзь знаходзіцца — ня трэба ўкладваць валасы. Пытаньне гігіены, яно вельмі такое папулярнае, таму што таксама часта пытаюць: “Як вы мыеце валасы?” Мыць валасы прыходзіцца значна радзей. Валасы знаходзяцца ў косках, і не відаць, як яны становяцца бруднымі, і пакрысе галава прызвычайваецца да такога рэжыму, і мыць валасы можна ня больш, чым раз на тыдзень. Мыць, вядома, дастаткова цяжка, таму што гэта маса валасоў, таму што яны доўгія. У асобных майстроў, якія не працуюць дзе-небудзь у салёнах, касіцы каштуюць дзесьці 80–150 даляраў”.

(Карэспандэнт: ) “Што трэба, каб заплесьці такія коскі? Сам працэс: ад пачатку да канца”.

(Яцкевіч: ) “Займае ўвесь працэс гадзінаў 8–12. Даўжыня валасоў павінна быць ня меней як 5 сантымэтраў. Для гэтага трэба адмысловае штучнае валакно, якое ўплятаецца. Галава дзеліцца на маленькія квадрацікі, і ў свае валасы ўплятаюцца гэтыя штучныя валасы. Гэтых косак на галаве ня менш як 130–150. Касічку заплесьці займае хвіліны 2–3”.

(Карэспандэнт: ) “А што адчувае кліент у час, калі вы апрацоўваеце галаву?”

(Яцкевіч: ) “Пачуцьці ня самыя прыемныя, асабліва пад канец работы, калі кліент ужо вельмі стаміўся, калі яму ўжо цяжка сядзець, калі ў яго ўжо баліць ня толькі галава. Пад канец ужо становіцца непрыемна, балюча, цягне галава”.

(Карэспандэнт: ) “За тыдзень колькі людзей да вас зьвяртаюцца, каб вы аказалі такую паслугу?”

(Яцкевіч: ) “Летам у мяне было вельмі шмат кліентаў. Я за тыдзень магла зрабіць тры-чатыры прычоскі. Цяпер я раблю 3–4 на месяц, таму што не сэзон. Асабліва да сьвятаў людзі зьвяртаюцца да касічак. І калі пачынаецца вясна, калі людзі пачынаюць хадзіць без капелюшоў, тады яны таксама пачынаюць упрыгожваць свае галовы”.

(Карэспандэнт: ) “Узімку такую прычоску трэба неяк адмыслова даглядаць?”

(Яцкевіч: ) “Нейкага адмысловага дагляду непатрэбна, але ж ёсьць такое: шапку на гэтыя касічкі зімой ня вельмі й апранеш, таму што галава, прычоска значна аб’ёмней становіцца”.

(Карэспандэнт: ) “Колькі такія коскі трымаюцца?”

(Яцкевіч: ) “Ня менш за тры месяцы. Яны трымацца будуць яшчэ доўга, але ж яны пачынаюць губляць свой выгляд. Для гэтага патрэбна іх карэкцыя, тады іх можна яшчэ насіць”.

(Карэспандэнт: ) “Як гэта адбіваецца на валасах, як гэта адбіваецца на чалавечым целе?”

(Яцкевіч: ) “Валасы пасьля касічак, у беларусаў, напрыклад, калі яны былі здаровыя да гэтага, калі яны не былі пафарбаваныя, яны ня будуць значна зьмененыя. Наадварот — ёсьць такое, што пасьля касічак валасы растуць значна хутчэй”.

(Карэспандэнт: ) “Як беларускае грамадзтва рэагуе на афрыканскія касіцы? Што можа пачуць чалавек з такой прычоскай ад мінакоў на вуліцы, ад людзей, якія едуць у грамадзкім транспарце?”

(Яцкевіч: ) “Найбольш частыя пытаньні: “Ці расплятаеце вы іх наноч?” Калі касічкі рознакаляровыя: “Ці фарбавалі вам кожную прадку валос, каб заплесьці?” Цяпер, я думаю, што людзі ў Беларусі прывыклі да касіц, і іх цяпер шмат. І яны рэагуюць ужо ня так, як раней. Але ж сустракаюцца некаторыя, якія палохаюцца, гавораць, што гэта чэрці. У асноўным, я думаю, у гэтых людзей, якія глядзяць на касіцы, у іх галаве так: “О! Як прыгожа! Як цікава! Але ж калі мая дачка так зробіць, я яе заб’ю”.

Гаворкі пра танец жывата

Міла Ярмаковіч пачала навучацца танцу жывата з дакладна акрэсьленай мэтай. Яна закахалася ў мужчыну, мусульманіна паводле веравызнаньня. Адпаведна, хацела яго прывабіць. Але дзяўчына так захапілася вывучэньнем рознага кшталту выкрунтасаў, што аб’ект сымпатыі выпаў з жыцьцёвай абоймы. Карацей, каханьне прайшло, а танец жывата застаўся.

(Карэспандэнт: ) “Колькі трэба часу, каб навучыцца танцам жывата?”

(Ярмаковіч: ) “Базавыя элемэнты недзе займаюць месяцы чатыры. Гэта асноўныя рухі: сьцёгны і рукі. Першае, што мы вучым, гэта рукі і сьцёгны. Потым дадаем ужо жывоцік, нешта іншае. Ты прыходзіш, глядзіш на сваю выкладчыцу, не разумееш, што гэта яна робіць, як у яе гэта атрымліваецца? Самым складаным лічацца танцы з аксэсуарамі, гэта з кандэлябрай на галаве, альбо з тросткай, яна называецца “асая”, альбо з цымбалікамі (такія маленькія талерачкі, апранаюцца на пальцы). З тросткай ты проста танчыш тыя самыя танцы, якія ты танчыў дагэтуль, але проста карыстаесься яшчэ тросткай. Але адзінае, што складана, гэта навучыцца трымаць яе на галаве, альбо недзе там на грудзях — у такіх месцах, дзе вельмі складана трымаць нейкія рэчы і танчыць адначасова. Так, ёсьць сакрэты, калі ты, напрыклад, нечым хочаш зьдзівіць публіку… Вось у нас дзяўчына на мінулым чэмпіянаце, яны выйшла танчыць і на копчыку яна трымала яблык, і танчыла з гэтым яблыкам на копчыку. Ня ведаю, там напэўна быў нейкі хітрык, можа, яна прычапіла яго нейкім чынам да пасу да свайго”.

(Карэспандэнт: ) “Каб танчыць, трэба быць у адпаведнай фізычнай форме. Вы, як і спартоўцы, прытрымліваецеся пэўнай дыеты, альбо гэта такія добрыя прыродныя фізычныя дадзеныя?”

(Ярмаковіч: ) “Ніякіх спэцыфічных прыродных дадзеных ня трэба. Ёсьць такія даволі кругленькія жанчынкі, якія танчаць. Гэта дапамагае псыхалягічнаму стану, таму што ты раскрываесься як жанчына. Ты пачынаеш зусім па-іншаму сябе ўспрымаць. Ты ідзеш па вуліцы, разумееш, што ты каралева, што можаш усё. Ну, гэтыя танцы, яны неяк дапамагаюць самаацэнку сваю павысіць. Камусьці дапамагаюць палепшыць свой стан здароўя. Нашыя дзяўчынкі танчыць у розных рэстарацыях. Самыя вядомыя — “Астара”, “Сатурн”, “Аль-Халі”. За адзін выхад у рэстарацыі ты можаш атрымаць 10–15 даляраў”.

(Карэспандэнт: ) “Апошні час у Беларусі і ў сьвеце шмат сустракаесься з насьцярожанасьцю да ўсяго мусульманскага. Вашае захапленьне, яно неяк спрыяе, каб людзі па-іншаму ўспрымалі тую цывіллізацыю?”

(Ярмаковіч: ) “Ну, было б добра, каб яны паспрыялі. Таму што насамрэч гэта мастацтва. І такія рэчы, як мастацтва, яны павінны насамрэч збліжаць”.

(Карэспандэнт: ) “Анатамічная і фізіялягічная будова мужчыны і жанчыны — розная. Гэтыя рухі жыватом, ад чаго яны залежаць? Мужчына можа танчыць так, як жанчына?”

(Ярмаковіч: ) “Можа, але, вядома, гэта будзе выглядаць неяк так па-іншаму. Таму што тут адыгрываюць ролю цягліцы і тое, што ў цябе ў галаве. То бок ты сваёй галавой прымушаеш свой жывот рабіць так, як табе трэба. Зараз я пакажу некалькі прыёмаў сама, а ты, Франак, можаш пасьля паспрабаваць. Самае першае, што ты можаш зрабіць жывоцікам, гэта ўявіць, што ў цябе ўнутры там ёсьць аранжык і пакруціць яго вось так па коле. Ну, пакажы. Так-так. Перш-наперш, ты далучаеш свой верхні корпус, каб табе было лягчэй. Табе трэба адчуць усе свае цягліцы, якія там гэта робяць”.

(Карэспандэнт: ) “Я пузам магу пакруціць”.

(Ярмаковіч: ) “Пузам, так. Але ты ўяві, што ў цябе там унутры аранжык, цягліцы адчуваеш?”

(Карэспандэнт: ) “Ну, ёсьць”.

(Ярмаковіч: ) “Пакруці імі аранжык!”

(Карэспандэнт: ) “Ня ведаю, ці ў мяне атрымліваецца, але нешта круціцца ўсярэдзіне”.

(Ярмаковіч: ) “Ну, падобна, што атрымліваецца! Хвілінаў пяць некалькі разоў на дзень, тады ўсё атрымаецца! Наступнае практыкаваньне: трэба зразумець, што ёсьць верхні прэс і ніжні. Паспрабуй спачатку верхні ўцягнуць усярэдзіну, а потым ніжні, паасобку. Туды-сюды, туды-сюды”.

(Карэспандэнт: ) “Вельмі складана чаргаваць”.

(Ярмаковіч: ) “Гэта першы крок, каб зрабіць жывоцікам хвалю. Робіш так, нібы ты ўніз у сябе ўцягваеш, наверх выпускаеш. Потым верх уцягваеш, ніз апускаеш. Яно атрымліваецца як хваля такая”.

(Карэспандэнт: ) “Атрымліваецца, ну, я думаю, што трэба трэніроўкі — і практыка дасьць плён”.

(Ярмаковіч: ) “Некалькі разоў на дзень, хвілінаў па пяць. Гэтага дастаткова. Ну што, Франак, я зычу табе посьпехаў!”

Гаворкі пра натурніц

Цалкам распрануцца перад незнаёмымі людзьмі — на такое мала хто здольны. Яшчэ меней людзей пагодзіцца на тое, каб іхную аголенасьць фатаграфавалі. А здымкі пасьля зьмяшчалі ў інтэрнэце ці нават прадавалі пабочным асобам. Натурніца Антаніна Курдзя прайшла праз усё гэта. І цяпер дзеліцца ўражаньнямі і развагамі.

(Курдзя: ) “Натуршчыцы — вельмі простыя людзі, якія пажадалі пазбавіцца ад сваіх комплексаў, найперш, ад комплексу перад тым, як распрануцца ў публічным месцы, і ад комплексу адносна свайго цела. Праца абсалютна сабачая. Тут патрэбная вытрымка, патрэбнае трываньне, патрэбнае разуменьне, што табе гэта таксама трэба. Вельмі цяжка захоўваць прыгожы выраз твару, трэба вельмі-вельмі сачыць за сабой. Гэта акторскае майстэрства, па сутнасьці. Для аднаго вобразу трэба ад 10 да 50 дубляў, зь іх атрымліваецца 1–2 удалыя фотаздымкі, якія можна надрукаваць”.

(Карэспандэнт: ) “Як ты наважылася на здымкі аголенай?”

(Курдзя: ) “Мне спачатку прапанавалі: “А ці ня хочаш ты зрабіць вось гэтак?” Я сказала: “Не, не, не, канечне, не хачу! Гэта вышэй за мяне, канечне, не хачу! Я саромеюся, я лічу, мне гэта ня трэба!” Праз паўгоду я патэлефанавала той самай кампаніі і сказала: “Спадарства, давайце здымаць, я сасьпела, я хачу, мне гэта цікава!” Самыя першыя здымкі былі ўвогуле жахлівыя. Было вельмі страшна распрануцца, потым было вельмі халодна, потым было вельмі горача, таму што ты ляжыш, і на цябе скіраваная лямпа, пражэктары. За сарамлівасьцю прыйшло такое абсалютнае неразуменьне, таму што ты ляжыш, такая ўся прыгожая, бяз вопраткі. Наўкола ходзяць людзі, здымаюць цябе. Ім абсалютна абыякава, голая ты ці апранутая. Я здымалася менавіта для таго, каб мне было цяжка, каб я хвалявалася і каб зь цягам часу ў мяне гэта прайшло”.

(Карэспандэнт: ) “У грамадзтве пануе такая думка, што публічнае выстаўленьне здымкаў аголенага цела ці яго дэманстрацыя — гэта разбэшчанасьць, гэта адсутнасьць маралі”.

(Курдзя: ) “Я лічу, што адсутнасьць маралі — не здымаць аголенае цела, а паказваць яго па тэлебачаньні дзеля ўсіх. Я выкладаю свае фотаздымкі толькі ў тых месцах, дзе іх могуць пабачыць людзі, якія сапраўды зацікаўленыя ў маім аголеным целе. Выпадковыя людзі, дзеці, старыя, мае бацькі, туды не патрапяць, гэта дакладна”.

(Карэспандэнт: ) “Дарэчы, пра бацькоў і хлопца. Як яны паставіліся да вашых дзеяньняў?”

(Курдзя: ) “Бацькі адрэагавалі вельмі бурна. Ён сказаў: “Гэта не мая дачка, я яе ня ведаю!” Але празь месяц супакоіўся, астыў. Маці сказала: “Малайчына! Мне падабаецца, ты нешта робіш, што падабаецца табе. Ты спаўняеш свае жаданьні”. Сястра пазайздросьціла. Хлопец — яму было вельмі цікава, ён перацягаў усе гэтыя фотаздымкі, павесіў сабе на працоўны стол на кампутары”.

(Карэспандэнт: ) “Ці сутыкаліся вы з асобамі мужчынскага полу, якія распраналіся перад фотакамэрай?”

(Курдзя: ) “Так, я сутыкалася. Магу сказаць, што гэта ня менш захапляльны працэс, як здымкі дзяўчыны. Канечне, хлопцаў такіх яшчэ менш, чым дзяўчат. Яны робяць гэта звычайна проста: “А не слабо табе зьняцца?” “Не, мне не слабо. Я такі сьмелы”. Колькасьць хлопцаў, якія саромеюцца свайго цела, значна большая, чым колькасьць дзяўчат. Вось, Франак, а не слабо табе распрануцца перад камэрай?”

(Карэспандэнт: ) “Я ня думаю, што маё аголенае цела ва ўсіх яго месцах будзе вельмі прывабна выглядаць на фотаздымках. Але калі будзе такая запатрабаванасьць зьняцца — калі не для публікі, то для сябе, то я з задавальненьнем здымуся і буду на сябе любімага глядзець яшчэ не адзін раз”.

(Курдзя: ) “Франак, а ці лёгка табе распрануцца? Можа, у цябе такі ж самы комплекс свайго цела, як і ў большасьці? Не баісься грамадзкай думкі, што скажуць усе твае знаёмыя, усе людзі, якія цябе ведаюць? А раптам яны скажуць: “А! Франак распрануўся перад камэрай. Фу які!”

(Карэспандэнт: ) “Я спадзяюся, што гэтыя кадры застануцца менавіта прыватнымі здабыткамі. Саромецца я ніколі ня буду, бо ведаю, што раблю гэта для сябе”.

Гаворкі пра інтымны пірсінг

Нашая праграма — пад’ём угору, да вяршыняў экстрэмальнасьці. А па чалавечым целе мы вандруем зьверху ўніз. Ад пачатку рабілі экзатычныя прычоскі, пасьля танчылі жыватом, затым распрануліся і пазавалі перад фатакамэрай. Раз ужо агаліліся, то трэба нешта рабіць з раней прыхаванымі часткамі цела. Перад нашым наступным суразмоўцам такога пытаньня ніколі не паўставала. Сваё цела ён выпрабоўвае інтымным пірсінгам.

(Кірыл: ) “Гэта робяць для таго, каб атрымаць нейкае задавальненьне, напрыклад, у сэксе. Яны робяць гэты пірсінг для інтымных гульняў. Ёсьць шмат людзей, якія праколваюць інтымныя месцы. Гэта даведваесься толькі тады, калі яны самі скажуць, альбо калі будзеш удзельнічаць у гэтых інтымных гульнях. У мяне ёсьць шмат сяброў, якія знаёміліся зь дзяўчатамі. Калі ўсё пачыналася, яна: “Ого! Што ў вас ёсьць?!” Многім падабаецца гэта, таму што гэта экстрэмальна і незвычайна. Многім людзям падабаецца рабіць пірсінг, і яны гэта зьвязваюць з болем і задавальненьнем”.

(Карэспандэнт: ) “Наколькі рабіць такі пірсінг небясьпечна?”

(Кірыл: ) “Калі рабіць пірсінг, трэба выкарыстоўваць толькі хірургічную сталь, таму што іншыя мэталы будуць раздражняць мяккія тканкі, якія былі праколатыя. Небясьпечна праколваць смочкі, бо пасьля гэтага можа быць рак. Асабліва небясьпечна праколваць дзяўчатам смочкі, таму што ў будучыні яны ня змогуць карміць дзіцёнка. Я б не сказаў, што ўсё так небясьпечна. Гледзячы што пракалоць. Ёсьць жа ў мужчынскім чэлесе шмат частак, пракалоць можна што заўгодна. Калі праколеш, паўгоду нельга займацца сэксам”.

(Карэспандэнт: ) “Людзі, якія сабе нешта праколвалі, кажуць, што пасьля гэтай апэрацыі павышаецца адчувальнасьць цела. Гэта праўда ці не?”

(Кірыл: ) “У майго сябра, ён пракалоў — у яго зьмянілася. Яму вельмі гэта падабаецца. Яму вельмі падабаецца, калі дзяўчына мацае гэтую завушніцу, ён проста ў экстазе пасьля гэтага. Ну, мабыць, тэндэнцыя, што многім дзяўчатам падабаецца гэта рабіць: “О! Калі я пракалола сабе смочку, я адразу перажыла нейкія новыя адчуваньні. Калі мой хлопец мне пачынаў яго цалаваць, я дасягала аргазму”. Яны кажуць, што гэта ім вельмі-вельмі-вельмі падабаецца. Адна зь іх пракалола клітар, гаворыць: “Я ў экстазе!”

Гаворкі пра шнараграфію

Нарэшце мы дабраліся да самай экстрэмальнай часткі нашае праграмы. Апранутае ці аголенае цела можна размаляваць. Прынцыпова пакінем убаку звыклыя тату і элітарны бодзі-арт. Прадстаўляем вашае ўвазе ўласна беларускую распрацоўку — шнараграфію. Рабіць такое са сваім целам ня раім. А вось паслухаць інтэрвію будзе някепска. Так бы мовіць, для агульнага разьвіцьця. Антось Юркавец — працуе ў шнараграфіі.

(Юркавец: ) “Шнараграфія — гэта выразаньне розных сымбаляў, літараў, імёнаў на скуры. Звычайна лязом ці галяком. Бярэцца лязо, вядома, яго трэба спачатку прасьпіртаваць, але чамусьці гэтым ніхто не займаецца. Сам працэс вельмі небясьпечны. Калі лязо нестэрыльнае, то можна вельмі проста захварэць на сэпсіс ці на што іншае. Гэта як у наркаманаў са шпрыцамі. Потым лязом на руцэ выразаюцца розныя сымбалі. Каб не згубіць шмат крыві, накладваецца пасьля выразаньня бінт ці марля, потым, калі спыняецца кроў, яна здымаецца, і можна ўбачыць ужо вынік. Выглядае яно як шнар. Шчыра кажучы, усе гэтыя сымбалі й літары, яны даволі на прымітыўным узроўні, кшталту скандынаўскіх рунаў ці там нейкіх крыжыкаў, зорачак, бо зрабіць нешта больш складанае даволі цяжка, бо гэта балюча”.

(Карэспандэнт: ) “Загойваецца ці застаецца назаўсёды?”

(Юркавец: ) “Загойваецца. Колькі яно загойваецца, залежыць ад глыбіні парэзу. Калі проста драпаць, то зажываць будзе прыкладна месяц, два. Калі вельмі глыбокая рана, то можа застацца на некалькі год”.

(Карэспандэнт: ) “Калі гэта бачылі мэдыкі, што яны вам казалі?”

(Юркавец: ) “Звычайна, яны цікавіліся, адкуль гэтыя шнары? Я казаў: “Мяне падрапала нейкая жывёла”. Яны сьмяяліся, абураліся і казалі, што жывёла хутчэй за ўсё нейкая дзьвюхногая, і “лепей больш так не рабі”.

(Карэспандэнт: ) “Атрымліваецца, гэта ваш уласны стыль?”

(Юркавец: ) “Я хацеў бы так лічыць, але заўважу, што гэтым займаюся ня толькі я. Ведаю вельмі шмат людзей. Назваць гэта відам мастацтва ніяк не магу. Гэта хутчэй нейкія забабоны. Я займаюся гэтым даволі даўно. Пачалося з думкі: душэўны боль можна пераводзіць у фізычны, робячы сабе балюча. Менавіта псыхалягічны стан іграе тут ролю. Звычайна чалавек, калі ў яго дэпрэсія і ён бачыць уласную кроў, калі ён адчувае боль, ён забываецца на свае душэўныя праблемы. Гэта сымуляцыя самагубства. Я сымулюю самагубства — і такім чынам яго пазьбягаю”.

(Карэспандэнт: ) “99% людзей на маім бы месцы намякнулі б вам, што ў вас ня ўсё добра са здароўем, з псыхікай. Вы ўжо сутыкаліся з такой рэакцыяй?”

(Юркавец: ) “Так. Сутыкаўся. Гэта была рэакцыя бацькоў, якія бачылі гэтыя шнары”.

(Карэспандэнт: ) “Што вы ім казалі ў адказ на закіды пра свой псыхічны стан?”

(Юркавец: ) “Тое, што гэта мае ўласныя праблемы. Франак, а ці ня страшна табе было ўсё выслухаць і ці ня ўзьнікла жаданьне парэзаць сабе рукі?”

(Карэспандэнт: ) “Шчыра кажучы, страшна. І я не прыхільнік такіх заняткаў”.

(Юркавец: ) “Як ты лічыш, паслухаўшы мае адказы, гэта нейкі від мастацтва ці гэта ўсё-ткі нейкія ўласныя забабоны?”

(Карэспандэнт: ) “Цяпер усё прынята лічыць відам мастацтва і мастацтвам, гэта залежыць ад таго, наколькі ты творчы чалавек і наколькі ў цябе творчы падыход”.

Са сваім целамі беларуская моладзь экспэрымэнтуе настолькі сьмела, наколькі хапае фантазіі. Камусьці захапленьні ўдзельнікаў гэтай праграмы пададуцца занадта экстрэмальнымі і непрымальнымі. Але тут дзейнічае прынцып добраахвотнасьці: ня хочаш — не рабі.
XS
SM
MD
LG