Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Селішча на Меншчыне


Ягор Маёрчык, Селішча, Слуцкі раён, Меншчына (эфір 7 лютага) Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

(Казак: ) “Тут цяпер слуцкія могілкі, з гораду возяць сюды хаваць”.

Разам зь Міхасём Казаком я крочу па алеі між пахаваньняў. Мы спыняемся ля гранітнага абэліску немалых памераў.

(Казак: ) “Вось гэтае пахаваньне. Падыдзіце бліжэй і паглядзіце, які добры хлопчык быў! “Руды Зьміцер Віктаравіч. 1973–1995”.

(Карэспандэнт: ) “Першага студзеня памёр”.

(Казак: ) “Так. Гэта майго стрыечнага пляменьніка сыночак. Ён паступіў у Новасібірскую палітычную вучэльню. Хораша яе скончыў. Прыехаў і тут ажаніўся. Ужо Расея была асобна ад нас. Я прасіў у ягонай маці Соні: “Зрабіце ўсё, каб дзіця сюды служыць вярнулася!” “Ой, там болей грошай плацяць”. А 13 сьнежня 1994 году яго накіравалі ў Чачэнію. Мне афіцэры, што яго пасьля сюды прывозілі, казалі: “Свае сваіх там бамбілі. Там не разьбіраліся”. Гэта было ноччу з 31 сьнежня на 1 студзеня”.

(Карэспандэнт: ) “Гэта ў той дзень, калі быў першы штурм Грознага”.

(Казак: ) “Так, гэта зрабілася ў першы дзень штурму Грознага. Яго некімі асколкамі забіла. Труна была запячатаная. У маленькае акенца толькі твар разглядзелі”.

(Карэспандэнт: ) “А якое вашае прыватнае стаўленьне да вайны ў Чачэніі?”

(Казак: ) “Я стаўлюся адмоўна. Калі чачэнцы хочуць свабоды, ім трэба яе даць. А замест гэтага не вынішчаць тых чачэнцаў. Некаторыя кажуць, што чачэнцы такія-сякія. А народ гэты — ня роўня беларусам. Ён змагаецца за сваю свабоду”.

(Карэспандэнт: ) “Уласная трагедыя не зьмяніла вашага стаўленьня да чачэнскай праблемы?”

(Казак: ) “Натуральна, што не. Яны здабываюць сваю свабоду. Яны таксама людзі, і мне падаецца, што трэба там спыніць гэтую мясарубку”.

Вымаві слова “Селішча” — і любы жыхар Слуцку аўтаматычна дадасьць “гарадзкія могілкі”. Але Селішча ня толькі райцэнтраўскі нэкропаль, тут яшчэ і людзі жывуць. Гэта ладная вёска, цэнтар сельсавету, якія чамусьці называецца Акцябарскім. Жыхар паселішча дзед Анатоль зьвяртае маю ўвагу на тое, што мясцовыя ўлады болей клапоцяцца пра гараджанаў ды іхных памерлых сваякоў. Не, ён ня мае нічога супраць. Ён толькі абураецца, “бо ў вёсцы яшчэ засталіся і жывыя людзі”.

(Карэспандэнт: ) “Быў у вас прыпынак…”

(Анатоль: ) “Быў. Але яго зьліквідавалі, занесьлі яго ажно на вуліцу Пралетарскую. Зрабілі ля могілак, аб гарадзкому насельніцтву было зручна на могілкі езьдзіць. Атрымліваецца, што мы — ня людзі, нелюдзі, а гарадзкія — гэта людзі. Ім зрабілі так, каб было зручна на могілкі дабірацца. Ад той вуліцы трэба да сваёй хаты ісьці кілямэтар у адваротным кірунку”.

(Карэспандэнт: ) “Вы прасілі, каб зрабілі два прыпынкі?”

(Анатоль: ) “Яны палічылі, што гэта непатрэбна. А чаму не зрабіць? Ня трэба нам камфорту, ня трэба нават будкі. Можна толькі шыльдачку павесіць, каб чалавек мог сесьці альбо вылезьці. Ва ўсім гэтым вінаватыя гарадзкія чыноўнікі. Быў тут дарожнік, ён заявіў нам: “Хопіць з вас і аднаго прыпынку!” Для пэнсіянэраў гэта галоўнае — зрабіць прыпынак, але нікому гэта не патрэбна”.

Вынік ініцыянаванай найвышэйшым кіраўніцтвам Беларусі кампаніі дробраўпарадкаваньня ў Селішчы адшукаеш не адразу. Болей вочы колюць незаасфальтаваныя дарогі і нахінутыя платы. Ёсьць яшчэ і аўтамабільная траса, што праходзіць паўзь вёску. Сядзібы вяскоўцаў ад дарогі аддзяляе ельнік. Ён своеасаблівы санітарны кардон і адначасна сьметнік.

(Спадар: ) “Як па дарозе едуць, шмат сьмецьця выкідаюць — мяхі з рознымі банкамі ды склянкамі, плястыкавы посуд, парваныя чабаты і вопратку — ўсялякая муць. Хай бы ён кідаў у адным месцы, хай бы выпіў бутэльку ды паставіў, але яму абавязкова трэба яе разьбіць. Аднаго-другога наказалі б, наступны б падумаў”.

(Карэспандэнт: ) “Ці шмат ёсьць людзей, якія ў патрэбным месцы выкідаюць сьмецьце? Альбо вы адзін такі на ўсе Селішчы?”

(Спадар: ) “Я за людзьмі назіраю: пагрузіў, каб завезьці на сьметнік, а завёз толькі за агароды і выкінуў. За вёскай ёсьць сьметнік. Але ён распаўзаецца. Падграблі былі бульдозэрам. А пасьля зноў усё распаўзлося”.

Кантакты гараджанаў і вяскоўцаў — тэма асобнай размовы. У першых ёсьць грошы, у другіх — тавар (няхітрыя харчы альбо рыштунак для могілак). Мяняюцца. У выніку абодва бакі задаволеныя. Гэта называецца прыдарожным гандлем.

У прыватных гутарках случакі ганяць прэзыдэнта і райвыканкам. А насельнікі Селішчаў кіраўніка краіны абараняюць. І гэта называецца палітычнай дыскусіяй. У наступным запісе жаночы голас — навасьпечаная вясковая пэнсіянэрка, а мужчынскі належыць беспрацоўнаму са Слуцку.

(Карэспандэнт: ) “Чаму вяскоўцы падтрымліваюць цяперашняга кіраўніка дзяржавы?”

(Спадарыня: ) “Тут адныя пэнсіянэры. Ім грошы ў час аддаюць”.

(Карэспандэнт: ) “Але людзі, якія жывуць ў горадзе, прытрымліваюцца іншых думак”.

(Спадарыня: ) “Для моладзі ў горадзе зусім невыносна. Мае сын і нявестка бяз працы. Як ім сёньня жыць? Яны і гавораць: “Што мне гэты Лукашэнка даў? Ці заробак? Ці працу? Ці жытло? Я сёньня застаўся без кватэры і працы!”

(Карэспандэнт: ) “Гэтак і сын ваш кажа?”

(Спадарыня: ) “Так”.

(Спадар: ) “Яна кажа, што ёй добра, а дзецям дрэнна жывецца. Усё адно разумее, што жыць дрэнна. У яе проста моцныя эмоцыі!”

(Спадарыня: ) “Я вам гавару, што ці Лукашэнка, ці безь яго, але лепшага нам ня бачыць. Цэны расьлі, растуць і будуць расьці!”

(Спадар: ) “Вось і будзем за аднаго дурня трымацца. Я наўпрост гэта скажу — дурань! Хай гэта і запісваюць”.

(Спадарыня: ) “Мы ў палітыцы людзі цёмныя. Радыё паслухаем, тэлевізар паглядзім — усё. Нам ціха і мірна на зямлі, дзякуй богу!”

Вера Васілевіч — знакамітасьць у маштабах усёй Менскай вобласьці. Яна слынная мастацкім вышываньнем. Самыя складаныя малюнкі на любой тканіне — такое ў яе хобі. Пасьля традыцыйнай праявы сьціпласьці зь непрыхаваным задавальненьнем спадарыня дэманструе свае шэдэўры.

(Карэспандэнт: ) “Ух ты, як прыгожа!”

(Васілевіч: ) “Ну як, цікава ці не?”

(Карэспандэнт: ) “Цікава”.

(Васілевіч: ) “Хораша ці не?”

(Карэспандэнт: ) “Хораша! А вунь яшчэ які прыгожы бел-чырвона-белы абрус…”

(Васілевіч: ) “А там яшчэ ёсьць чырвона-зялёны”.

(Карэспандэнт: ) “А колькі такое захапленьне забірае часу?”

(Васілевіч: ) “Настольнік я за месяц магу вышыць. Як сяду вышываць, каб на працу не адрывалі, дзень і ноч магу гэтым займацца”.

(Карэспандэнт: ) “А як сужанец ставіцца да такога захапленьня?”

(Васілевіч: ) “Мужык пагражае выгнаць з хаты”.

(Карэспандэнт: ) “Яшчэ хацеў распытаць, як людзі ў Селішчы жывуць?”

(Васілевіч: ) “Праблемы ёсьць. Чаму вы думаеце, што іх няма? З калодзежа цяжэй цягаць ваду, чым браць яе ў калёнцы. Цэлае лета чынілі гэтую ваду — і ўсё адно няма вады. На рагу вуліцаў глыбокую яміну перад самымі выбарамі выкапалі! Добра, што мы з суседкай пайшлі каровы пераймаць. А дзіця ў той канаве ўжо плавае! Маці з бацькам пайшлі на цялятнік працаваць, а Сярожка ўжо там плёхае. Добра, што мы яго выцягнулі! А каб не?”

(Карэспандэнт: ) “Канаву тую закапалі?”

(Васілевіч: ) “Перад выбарамі засыпалі. А пасьля зноў адкапалі”.

(Карэспандэнт: ) “Менавіта пасьля выбараў адкапалі?”

(Васілевіч: ) “Адкапалі. Але нічога так і не зрабілі. Вады няма”.

Станоўчы момант жыцьця Селішчаў — зноў запрацаваў дзіцячы садок. Маці дваіх дзяцей Сьвятлана ўздыхнула з палёгкай. На адну праблему ў жыцьці паменела.

(Сьвятлана: ) “У дзіцячым садку не было вады. Санстанцыя прыехала і закрыла яго. Тыдні на два зачынілі, але ад панядзелка ўжо працуе”.

(Карэспандэнт: ) “А вы на каго сваіх дзяцей пакідалі?”

(Сьвятлана: ) “На бабулю, бо мы з мужам працуем. Натуральна, што гэта была праблема, бо садок ёсьць садок. Хай дзіцё толькі да пяці гадзінаў пад наглядам, але ж там зь дзецьмі і заняткі праводзяць”.

(Карэспандэнт: ) “А іншыя сем’і як гэтую праблему вырашалі?”

(Сьвятлана: ) “Некаторыя пайшлі ў адпачынак, а хтосьці браў дзяцей на працу”.

(Карэспандэнт: ) “А як гэта так? Атрымліваецца, што дзіця альбо 12 гадзінаў трасецца на трактары, альбо гуляецца на кароўніку?”

(Сьвятлана: ) “Так, нам тут ня проста”.

Вырашыў завітаць у сельсавет. Пытаньняў назапасілася — будзь здаровы! Пра сьметнік, пра разьбітыя дарогі, пра ваду. Урэшце, чаму сельсавет дагэтуль называецца Акцябарскім, а ня Селіцкім. Вясковага вэртыкальніка спадара Мяцельскага на месцы я не засьпеў. Да канца працоўнага дня заставалася яшчэ дзьве гадзіны, а ў сельсавеце пуста. Блукаючы па цёмных калідорах, вылавіў сакратарку. Тая з нэрвовымі інтанацыямі ў голасе паведаміла: старшыня на нейкім там аб’екце. На якім — удакладніць адмовілася, калі ён вернецца — таксама засталося таямніцай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG