Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага – 8 лютага


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Беларуская прэса розных гадоў 8 лютага.

“Крыніца”, 1925 год. Са спасылкай на “Dziennik Wilenski”:

“У Вільні была раскідана адозва, падпісаная праз беларусаў камуністаў Заходняй Беларусі; у гэтай адозве беларускія камуністы аб’яўляюць барацьбу з камуністычнай партыяй расейскай і польскай, дзеля таго, што абедзьве гэтыя партыі ня лічацца з беларускім народным рухам. Цэнтральныя камітэты партыі польскай і расейскай за гэта дужа абураны на беларусаў і нат думаюць іх выключыць з партыі. Аказваецца, што і тут беларусам быць ня лёгка! Хочыш-ня хочыш, а скачы, брат, пад дудку расейскую ці польскую!”

“Звязда”, 1955 год. Выступ дэпутата ад Беларусі В.І.Казлова падчас пасяджэньня Вярхоўнага Савету СССР:

“У апошнія гады Дзяржплан СССР і Міністэрства лясной прамысловасці СССР няправільна плануюць завоз у Беларусь і вываз з Беларусі лесу і піламатэрыялаў. Толькі ў 1954 годзе з Беларусі вывезена ў іншыя раёны краіны 667 тыс. кбм. круглага лесу і піламатэрыялаў. У той-жа час амаль столькі-ж лесу, але горшай якасці, завезена ў Беларусь з Карэла-Фінскай ССР і Архангельскай вобласці. Цяжка вытлумачыць такое планаванне, паколькі яно прыводзіць да лішніх, нічым не апраўданых далёкіх перавозак лесу…”

“Свободные новости”, 1995 год. Былы віцэ-прэм’ер Віктар Ганчар:

“Што датычыць ацэнкі Лукашэнкі-палітыка, дык мне заўсёды падабалася ў ім надзвычайная інтуіцыя. Яго можна было б раней называць, безь перабольшаньня, народным самародкам. На жаль, улада загубіла Лукашэнку. Так, я адкрыта расчараваўся ў Лукашэнку і як у асобе, і як у палітыку. Мне шчыра шкада прэзыдэнта… Я ўжо неяк казаў: Бог пакараў Лукашэнку ўладаю, і ён атрымаў тое, чаго хацеў. Але гэта была б ягоная асабістая драма, і яна цікавіла б толькі асобных людзей, калі б не адбівалася на драму ўсяго народу”.
XS
SM
MD
LG