Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні высяляюць БНФ


Сяргей Астраўцоў, Горадня У Гарадзенскім абласным гаспадарчым судзе пачаўся разгляд справаў аб высяленьні гарадзкой і абласной радаў грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне”. Каб іх выселіць з арандаваных памяшканьняў, у суд зьвярнулася жыльлёвае рамонтна-эксплюатацыйнае прадпрыемства Ленінскага раёну гораду. Судовае паседжаньне прыпынена да 21 лютага, каб суд меў час сабраць дадатковыя матэрыялы, якія датычаць справы.

Першай разглядалася справа адносна гарадзкой Рады БНФ. Судзьдзя Сяргей Кулакоўскі адразу зазначыў, што жыльлёва-камунальная служба просіць скасаваць дамову аб арэндзе з БНФ і выселіць арганізацыю. У БНФ былі зьдзіўлены гэтаму: у лістападзе дамова аб арэндзе была працягнутая, а 6 студзеня іх раптам пачалі высяляць. Камунальная служба спасылаецца на тое, што дом у аварыйным стане. У час суду ў кіраўніка гарадзкой Рады БНФ Міколы Ворана узьнік сумнеў у экспэртнай выснове наконт аварыйнасьці будынку.

(Воран: ) “Нас вырашылі правесьці на мякіне і прадставіць дакумэнт, які ні да чаго не абавязвае, бо яго выдаў інстытут “Горадняграмадзянпраект”, які практычна ня мае права праводзіць экспэртызы такога кшталту”.

Адразу за гэтым суд зьвярнуўся да справы аб высяленьні абласной Рады БНФ “Адраджэньне”, якая месьціцца ў тым жа будынку на вуліцы К.Маркса, 11.

(Мальчык: ) “Рашэньне аб высяленьні было прынятае, я думаю, палітычнае. Там знаходзіцца дастаткова многа грамадзкіх арганізацыяў і вельмі актыўных, гэта па-першае. І па-другое, гэты будынак падлягае, хутчэй за ўсё, прыватызацыі нейкай асобай ці фірмай з далейшай рэканструкцыяй яго. Гэта — цэнтар гораду, гэта вельмі спакусьлівае месца. Ну, а што тычыцца законнасьці: усе дакумэнты, якія прадставілі арэндадаўцы для скасаваньня арэнды, яны ня маюць законнай сілы, і мы ў судзе паспрабуем гэта даказаць”.
XS
SM
MD
LG