Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка сустрэўся з кардыналам Казімерам Сьвёнткам


Валер Каліноўскі, Менск Гэта другая сустрэча кіраўніка каталіцкага касьцёлу ў Беларусі кардынала Сьвёнтка з прэзыдэнтам Беларусі. Папярэдняя адбылася неўзабаве пасьля леташняга рэфэрэндуму. Да гэтага цягам дзесяці гадоў Аляксандар Лукашэнка ігнараваў каталіцкіх ярархаў Беларусі.

Кардынал Сьвёнтак перадаў Аляксандру Лукашэнку ліст ад Папы Яна Паўла ІІ. Ён падзякаваў кіраўніку Беларусі за тое, што “дзяржава ня толькі прызнае каталікоў, але й дае ім магчымасьць актыўна дзейнічаць”.

Па выніках сустрэчы кардынал Сьвёнтак ахарактарызаваў адносіны касьцёлу і дзяржавы як “канструктыўныя” і спрагназаваў, што яны будуць паляпшацца далей. У прыватнасьці, дзяржава пагадзілася прафінансаваць рэстаўрацыю фрэсак Катэдральнага сабору ў Менску.

Літаральна за тыдзень да сустрэчы А.Лукашэнкі і К.Сьвёнтка Менскі гарвыканкам выдаткаваў на гэтыя мэты 100 мільёнаў рублёў, прычым у рашэньні было адзначана, што гэта робіцца на даручэньне кіраўніка дзяржавы.

Акрамя рэстаўрацыі старажытных фрэсак, размова ішла таксама пра пазалачэньне алтара і ўстанаўленьне ў катэдры новых арганаў, вырабленых у Аўстрыі, а таксама пра будаўніцтва ў Беларусі новых касьцёлаў. Як паведаміла прэсавая служба Аляксандра Лукашэнкі, цяпер распрацоўваецца адпаведны нарматыўны акт, у якім будуць улічаныя праблемы, што хвалююць кіраўніцтва каталіцкага касьцёлу.

Менскі каталіцкі актывіст Мікола Гракаў станоўча ацаніў вынікі перамоваў кіраўніцтва дзяржавы і касьцёлу:

(Гракаў: ) “З боку дзяржавы гэта справядлівы акт, тое, што касьцёл атрымлівае нейкую фінансавую дапамогу, бо ўсе гэтыя гады мы такой дапамогі і ўвагі былі пазбаўленыя. А гэта ненармальна, бо касьцёл вельмі шмат пацярпеў ад дзеяньняў папярэдніх дзяржаўных уладаў у час савецкага рэжыму”.

Мікола Гракаў спадзеяцца, што цяперашняе паляпшэньне адносінаў дзяржавы і касьцёлу ў Беларусі паспрыяе магчымаму візыту Папы Яна Паўла ІІ у Беларусь.

Прадстаўнік гарадзенскіх каталікоў Тадэвуш Гавін ня лічыць шчырай пазыцыю беларускага кіраўніцтва ў адносінах да касьцёлу. Беларускія ўлады, на ягоную думку, імкнуцца перацягнуць каталікоў на свой бок перад наступнымі выбарамі:

(Гавін: ) “Лічу, што ўсё гэта выклікана палітычным інтарэсам з боку дзяржавы да палітычнага касьцёлу. Дзяржава і кіраўніцтва каталіцкага касьцёлу, і сам касьцёл хоча выкарыстаць у сваіх мэтах, каб пераканаць каталікоў, што ўсё, што тут робіцца, робіцца ў тым ліку і ў інтарэсах гэтай групы насельніцтва, каб такім чынам захаваць за сабой уладу на наступныя гады”.

Тадэвуш Гавін мяркуе, што калі б дзяржава сапраўды паважала правы вернікаў, то не рабіла б рэпрэсіўных захадаў супраць пратэстантаў ды іншых канфэсіяў. І кіраўніцтва каталіцкага касьцёлу павінна было б улічваць гэткую няшчырасьць дзейнай улады, перакананы спадар Гавін.
XS
SM
MD
LG