Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цэнтарвыбаркам пакінуў у сіле папярэджаньне ініцыятыўнай групе Я.Раманчука


Уладзімер Глод, Менск ЦВК палічыла, што ўлёткі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, намесьнікам старшыні якой зьяўляецца Яраслаў Раманчук, ёсьць заўчаснай агітацыяй на ягоную карысьць. Да таго ж, яны надрукаваныя за партыйны кошт у Расеі, а не за сродкі рэспубліканскага бюджэту, як патрабуе выбарчае заканадаўства.

Яраслаў Раманчук, які спрабуе стаць кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па 52-й Гарадзенскай-Цэнтральнай выбарчай акрузе, спрабаваў тлумачыць, што ягоная партыя цяпер праводзіць вялікую агітацыйную кампанію, якая зьвязаная з прэзыдэнцкімі выбарамі. А тое, што яна пачалася менавіта з Гарадзенскай вобласьці, якую, дарэчы, курыруе спадар Раманчук, чыстая выпадковасьць. Аднак сябры ЦВК ягоныя доказы адхілілі. На думку спадара Раманчука, выбарчая камісія паставілася да яго прадузята:

(Раманчук: ) “Усё грунтуецца на нейкіх здагадках, чутках, а не на дакумэнтах і фактах. З гледзішча суровых нормаў закону, тут ніякай агітацыі няма, і я патлумачыў, чаму няма, чаму нашая партыя зрабіла такі крок, чаму гэта зьвязана зь іншымі кампаніямі”.

7 лютага, у апошні дзень вылучэньня кандыдатаў у дэпутаты, па 52-й акрузе тут зьявіўся яшчэ адзін, шосты па ліку, удзельнік выбарчай кампаніі — дырэктар Гарадзенскага каледжу бытавога абслугоўваньня Валеры Міхно, якога вылучыў працоўны калектыў. Намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Сяргей Альфер тлумачыць гэты ход жаданьнем уладаў падстрахавацца:

(Альфер: ) “Наколькі нам вядома, рэктар Гарадзенскага ўнівэрсытэту ня надта хацеў быць кандыдатам у дэпутаты, а тым больш дэпутатам, бо тады трэба будзе адмовіцца ад пасады рэктара і перайсьці ў Палату прадстаўнікоў на сталую аснову. І таму ўлады вырашылі падстрахавацца і знайсьці яшчэ аднаго кандыдата”.
XS
SM
MD
LG