Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі будзе ўсталяваны помнік Янку Купалу ў Маскве?


Галіна Абакунчык, Менск Помнік Янку Купалу ў Маскве будзе ўсталяваны ў трэцім квартале 2005 году, але дакладная дата канчаткова ня вызначаная. Пра гэта заявіў намесьнік міністра культуры Беларусі Ўладзімер Рылатка. Адначасна маскоўскія беларусы зьдзіўленыя, што беларускія ўлады прыпісваюць сабе гэтую ініцыятыву.

Помнік Янку Купалу ў Маскве плянавалі ўсталяваць яшчэ да 120-годзьдзя паэта ў 2002 годзе. Але чыноўнікі маскоўскага ўраду некалькі разоў прымушалі аўтараў праекту, скульптараў Сяргея і Льва Гумілеўскіх, перарабляць кампазыцыю. Апошні варыянт зацьверджаны афіцыйна, але помнік не адліваюць з тае прычыны, што праект мусіць пабачыць намесьнік галоўнага архітэктара Масквы спадар Грыгор’еў, які таксама ёсьць суаўтарам. Ці ня будзе зь ягонага боку новых заўвагаў — Сяргей Гумілеўскі ня ўпэўнены.

(Гумілеўскі: ) “Ён такі складаны чалавек. І як там будзе, я ня ведаю. Вось чакаем”.

Паводле Сяргея Гумілеўскага, спадара Грыгор’ева чакаюць у Менску ўжо некалькі тыдняў, і калі ён будзе — невядома. Магчыма, з тае прычыны, што невядомы час пачатку ўсталяваньня, няма і дакладнай даты адкрыцьця помніка. Вось што пра гэта кажа намесьнік міністра культуры Беларусі Ўладзімер Рылатка:

(Рылатка: ) “Мы плянуем, што помнік мусіць быць адкрыты ў трэцім квартале. Канечне ж, было б добра зрабіць гэта да Дня пісьменства і друку, які звычайна адзначаецца ў верасьні, і, па-мойму, гэта супадае з Днём Масквы. Больш дакладна не скажу, сьпяшаемся гэта зрабіць”.

Пасьля заяваў афіцыйнага Менску, што Аляксандар Лукашэнка ўхваляе адкрыцьцё помніка Янку Купалу, беларусы Масквы спадзяваліся, што гэта будзе зроблена да гадавіны нараджэньня паэта. Яны таксама былі вельмі зьдзіўленыя, што аўтарства ідэі прыпісваюць сабе беларускія ўлады. У кожным разе, маскоўскія беларусы намерваюцца прыйсьці на ўрачыстасьць зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. Вось што сказаў у інтэрвію Свабодзе адзін зь іх, Аляксей Каўка:

(Каўка: ) “Гэтай ініцыятыве гадоў пятнаццаць, калі цяперашнім кіраўніком яшчэ і ня пахла на прэзыдэнцкай пасадзе. Стваралася дыяспара і грукалася ва ўсе маскоўскія дзьверы. Але калі прэзыдэнт беларускі пахіліцца перад Купалам, дык з гэтага можна толькі цешыцца. Помнік у Маскве будзе — гэта самае галоўнае, і многія беларусы прыйдуць туды, у тым ліку зь бел-чырвона-белымі сьцягамі і партрэтамі Янкі Купалы на грудзях”.

Таксама з ініцыятывы расейскіх беларусаў у Калінінградзе нядаўна быў усталяваны помнік Францішку Скарыну. Бюст Янку Купалу ўсталяваны ў Нью-Ёрку. Помнікі Янку Купалу і Якубу Коласу плянуюцца таксама да адкрыцьця ў Польшчы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG