Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскія футбалісты рыхтуюцца да сустрэчы са зборнай Беларусі


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава 9 лютага ў Польшчы адбудзецца таварыская гульня паміж зборнымі Польшчы і Беларусі па футболе. Польскія камэнтатары, як, зрэшты, і футбалісты, лічаць беларускіх спартоўцаў сур’ёзнымі супернікамі – мэдыі cуседняй краіны надаюць гэтай сустрэчы вялікую ўвагу. Як рыхтуюцца польскія футбалісты да сустрэчы з футбалістамі Беларусі?

Як кажа галоўны трэнэр нацыянальнай каманды Польшчы Павал Янас, ягоныя футбалісты у добрай форме. Большасьць гульцоў, якіх трэнэр запрасіў узяць удзел у гульні з камандай Беларусі ужо на месцы і распачалі трэніроўкі. Дарэчы, у Гродзіск Велькапольскі, а менавіта ў гэтым гарадку недалёка ад Познані адбудзецца сустрэча, у панядзелак прыляцелі і беларускія спартоўцы.

Тут варта адзначыць, што ў польскай камандзе будуць граць таксама шэраг легіянэраў. Мабыць, найбольш вядомы зь іх – гэта варатар ангельскага клюбу Лівэрпуль Ежы Дудэк. Затое не пасьпеў на трэніроўкі і таму ня будзе граць зорка польскага футболу Міраслаў Шымковяк – з гэтай нагоды, беларускім заўзятарам хіба што варта цешыцца.

Вось што сказаў трэнэр польскай каманды Павал Янас:

(Янас: ) “Трэніроўкі праходзяць зь перапынкамі, у добрым тэмпе. Гульні зь беларускай камандай маюць для нас істотнае значэньне. Гэта адзіныя таварыскія сустрэчы, якія наша каманда будзе мець перад адборачнымі гульнямі чэмпіянату сьвету”.

Гэта быў галоўны трэнэр польскай каманды.

А як выглядае гісторыя сустрэчаў нацыянальных футбольных камандаў Польшчы і Беларусі? Дагэтуль каманды Польшчы і Беларусі сустракаліся 4 разы, прычым два разы гульні скончыліся ў нічыю, адзін раз выйгралі беларусы і адзін раз палякі. У гэтых сустрэчах беларусы забілі 7 галоў, а палякі 6. Сярод іншага і таму амаль ніхто не бярэцца прадказваць вынік сустрэчы – такіх камэнтароў у спартыўных аглядах я не сустрэў.

Ці далёка прыйдзецца ехаць тым беларускім заўзятарам, хто захоча падтрымаць нацыянальную каманду? Гродзіск Велькапольскі знаходзіцца каля Познані, што даволі далёка ад мяжы зь Беларусьсю – трэба ехаць амаль праз усю Польшчу ледзь не да мяжы зь Нямеччынай, так што, на жаль, гэта ня надта блізка. Нагадаю яшчэ, што нацыянальныя каманды Беларусі і Польшчы згуляюць двойчы – ў сераду ўвечары і ў суботу раніцай – у другой сустрэчы возьмуць удзел толькі футбалісты, што граюць у клюбах Польшчы і Беларусі, без легіянэраў.
XS
SM
MD
LG