Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міклаш Харасты з аптымізмам глядзіць на Беларусь


Ул. інф. Упаўнаважаны АБСЭ па пытаньнях СМІ Міклаш Харасты прыбудзе заўтра ў Беларусь на запрашэньне беларускага МЗС, перадае аўстрыйская інфармацыйная агенцыя APA. Візыт працягнецца тры дні – ад серады да пятніцы – і ў часе яго спадар Харасты мае намер атрымаць зь першых рук уяўленьне пра сытуацыю са свабодай прэсы ў Беларусі.

Паводле інфармацыі АБСЭ, размова ў тым ліку ідзе і пра спробу Эўропы дапамагчы Беларусі ў стварэньні свабоднага і адкрытага мэдыйнага ляндшафту ў адпаведнасьці з крытэрамі Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе.

У рамках візыту спадар Харасты таксама будзе мець размовы зь міністрам замежных справаў Сяргеем Мартынавым, міністрам інфармацыі Уладзімерам Русакевічам, міністрам сувязі Уладзімерам Ганчарэнка і старшынёй парлямэнцкай камісіі па правах чалавека, этыкі і СМІ Юрыем Кулакоўскім. Таксама заплянаваная сустрэча з журналістамі і прадстаўнікамі беларускіх недзяржаўных СМІ.

Як зазначае аўстрыйская інфармацыйная агенцыя АРА, апошнім часам Беларусь на чале з аўтакратам Лукашэнкам знаходзіцца ў зоне ўвагі Эўразьвязу. Беларускага кіраўніка рэзка крытыкуюць за тое, што ён масіўна абмяжоўвае дэмакратыю, правы чалавека, свабоду слова, і гэтым парушае прынцыпы АБСЭ.

Нагадаем, што вугорац Міклаш Харасты адказвае ў АБСЭ за пытаньні прэсы ад красавіка мінулага году, калі ён зьмяніў на гэтае пасадзе немца Фраймута Дувэ. Празь некалькі месяцаў Харасты выступіў перад Пастаяннай радай гэтае арганізацыі са справаздачай пра свабоду слова, дзе была выказаная занепакоенасьць у зьвязку са станам мэдыяў у Беларусі. Харасты адзначыў заангажаванасьць беларускіх дзяржаўных тэлеканалаў, іхныя пастаянныя напады на апазыцыю.

Спадару Харасты – 59 год. Гэта добра вядомы ў Вугоршчыне паэт, эсэіст, журналіст, праваабаронца, аўтар забароненых у часы камуністычнага рэжыму кнігаў. У інтэрвію журналістам ужо на пасадзе ўпаўнаважанага АБСЭ па справах прэсы ён заявіў, што будзе працягваць курс, распачаты ягоным папярэднікам Фраймутам Дувэ, аднак пры гэтым адзначыў: “Спадар Дувэ, гэты прынцыповы барацьбіт за свабоду, адрозьніваецца сваім пэсымізмам у дачыненьні да таго, што тычыцца свабоды СМІ. Я ж належу да аптымістаў і глыбока перакананы, што ў пытаньні свабоды думкі, свабоды меркаваньняў можа быць зроблены надзвычайны прагрэс”.
XS
SM
MD
LG