Лінкі ўнівэрсальнага доступу

8 лютага Галіне Жураўковай і яе саўдзельнікам павінны вынесьці прысуд


Алег Грузьдзіловіч, Менск 8 лютага ў Вярхоўным судзе будзе абвешчаны прысуд былой кіраўніцы спраў прэзыдэнта Галіне Жураўковай і яе саўдзельнікам зь дзяржаўнага прадпрыемства “Белая Русь”. Напярэдадні пракурор запрасіў для Галіны Жураўковай 4 гады калёніі, але не выключаецца, што былая кіраўніца спраў ўвогуле можа пазьбегнуць зьняволеньня.

Больш за 20 дзён мінула з таго моманту, як судзьдзя Вярхоўнага суду Ірына Ступень разам з памочнікамі спыніла працэс над Галінай Жураўковай і сышла рыхтаваць прысуд. Нагадаю, былую кіраўніцу справаў прэзыдэнта судзілі за крадзеж дзяржаўнай маёмасьці ў асабліва вялікіх памерах – нібыта яна атрымала незаконных узнагароджваньняў на суму больш як 3 мільёны даляраў. Інкрымінаваны ёй артыкул прадугледжвае пакараньне ад 8 да 15 гадоў.

Сёньня ў працэсе будзе пастаўленая кропка, але ці прызнаюць Жураўкову вінаватай і ці адправяць яе за краты? Паводле пракурора, віна Жураўковай у судзе была даказаная. Былыя саўдзельнікі Жураўковай з прадпрыемства “Белая Русь” Аляксандр Мурашка і Юрый Матусевіч засьведчылі, што перадавалі ёй грошы. Дзесяткі тысячаў даляраў нібыта насілі ёй ў хату у поліэтыленавых пакунках. Але рахункаў Жураўковай у замежных банках сьледзтва гэтак і не знайшло, а спадарыня Жураўкова свае ранейшыя прызнаньні ў судзе цалкам зьмяніла. Яна заявіла, што нічога не крала, а на яе нібыта навялі паклёп.

Удалы крок зрабілі і адвакаты. Яны заклікалі суд перакваліфікаваць справу з крадзяжу на менш значнае злачынства. Адвакат Васіль Лушкінаў гэтак засьведчыў сваю пазыцыю ў інтэрвію для Радыё Свабода:

(Лушкінаў: ) “Гаворку можна весьці толькі пра злоўжываньні. Злоўжываньні чым? Сыстэма кіраўніцтва справамі, пры ёй дзяржаўнае прадпрыемства. У іх вялікія магчымасьці. Замежныя фірмы супрацоўнічаюць з гэтай сыстэмай і за гэта плацяць ім ўсім праз оф-шор. А сама “Белая Русь” ад гэтага нічога не губляе”.

Перакваліфікацыя справы з крадзяжу ў злачыннай групе на злоўжываньне будзе мець вынікам значнае зьніжэньне тэрміну пакараньня – ад трох да пяці гадоў. Назіральнікі заўважылі, што і пракурор запрасіў для Галіны Жураўковай і яе саўдзельнікаў тэрміны менавіта ў гэтых межах – былой кіраўніцы справамі 4 гады зьняволеньня, большасьці яе саўдзельнікаў па 5 гадоў.

Такім чынам, не выключаецца, што Галіна Жураўкова атрымае мінімальнае пакараньне, прычым не зьвязанае з пазбаўленьнем волі. Нагадаю, такое ў нядаўняй гісторыі ужо было. Два гады таму былы кіраўнік беларускай чыгункі, сябра верхняй палаты парлямэнту Віктар Рахманько быў прызнаны судом вінаватым у злоўжываньнях і атрымаў амаль 2 гады зьняволеньня, але за краты гэтак і не патрапіў. Назіральнікі не выключаюць, што і спадарыня Жураўкова застанецца на волі.

Нагадаю, у апошнім слове Галіна Жураўкова заявіла, што закон не парушала, а вінаватая толькі перад Аляксандрам Лукашэнкам за неразборлівасьць у падборцы кадраў. Паглядзім, ці хопіць ёй такога прызнаньня дзеля таго, каб пазьбегнуць турмы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG