Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве аб’ядналіся сацыял-дэмакраты


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў У Магілёве аб’ядналіся гарадзкія арганізацыі БСДГ і БСДП (НГ). Такое рашэньне было прынятае на агульным сходзе, які адбыўся ў абласным цэнтры ў нядзелю. Упершыню сацыял-дэмакраты ня толькі заявілі пра аб’яднаньне, але і абралі кіраўніцтва аб’яднанай партыйнай структуры.

У агульным сходзе магілёўскіх сацыял-дэмакратаў бралі ўдзел больш за 40 чалавек, якія прадстаўлялі дзьве палітычныя партыі. Аб’яднаньне прайшло адзінагалосна.

Кіраўніком гарадзкой арганізацыі аб”яднанай БСДП (НГ) стаў выкладчык унівэрсытэту Павал Усаў. Спадар Усаў спадзяецца, што аб’яднаньне сацыял-дэмакратаў паставіць кропку на палітычных непаразуменьнях і бязьдзейнасьці.

(Усаў: ) “Тут у арганізацыі сабраліся ў большасьці маладыя людзі, якія цьвяроза ацэньваюць сытуацыю і разумеюць, што аб’яднаньне для сацыял-дэмакратычных партыяў можа стаць другім шанцам аднаўленьня палітычнай вагі”.

Прадстаўнікі сацыял-дэмакратычных партыяў зь Менску на сход не прыехалі, аднак лідэры аб’яднанай арганізацыі паведамілі, што ў сталіцы падтрымалі рашэньне магілёўцаў. Сяргей Фамін, які абраны намесьнікам старшыні гарадзкой арганізацыі, заявіў, што ў Магілёве ўзялі на сябе ініцыятыву, каб стаць прыкладам для іншых партыйных арганізацыяў, а таксама і падштурхнуць да аб’яднаньня менскае кіраўніцтва.

(Фамін: ) “Пяць партыяў сацыял-дэмакратычнай скіраванасьці ў рэспубліцы – гэта, на мой погляд, залішне. Ідэі ж ва ўсіх аднолькавыя, а любую справу разам нашмат лягчэй рабіць. Тым больш, што ўся праца будзе скіраваная на прэзыдэнцкія выбары”.

Першымі крокамі магілёўскіх сацыял-дэмакратаў пасьля аб’яднаньня стане інфармаваньне насельніцтва і прыцягненьне новых людзей. Плянуецца выданьне бюлетэня і працяг кампаніі “ад дзьвярэй да дзьвярэй”.

Найбліжэйшым часам у справе аб’яднаньня сацыял-дэмакратаў мяркуецца правесьці агульны сход у Бабруйску, дзе на гэты час прынятая дэклярацыя аб намерах. Потым аб’яднаньне партыяў адбудзецца на ўзроўні магілёўскіх абласных арганізацыяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG