Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы кіраўнік дэпутацкай групы "Рэспубліка" Сяргей Скрабец цудам пазьбег аварыі


Уладзімер Глод, Менск Дарожна-транспартнае здарэньне адбылося 7 лютага ў Горадні. Сюды спадар Скрабец прыехаў, каб здаць подпісы грамадзянаў, што былі сабраныя ў падтрымку яго вылучэньня ў якасьці кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Гарадзенскай-Цэнтральнай выбарчай акрузе № 52.

Здарэньне адбылося ў той час, калі спадар Скрабец ехаў у памяшканьне свайго выбарчага штабу. Аўтамабіль "Audi", у якім ў якасьці пасажыра сядзеў былы дэпутат парлямэнту, належыць прыватнай асобе. Паводле Скрабца, гаспадар машыны вельмі старанна за ёй даглядае, і яна заўжды знаходзіцца ў выдатным стане.

За рулём машыны знаходзіўся прафэсійны кіроўца, паслугамі якога Сяргей Скрабец часта карыстаецца. Але на павароце ў "Audi" нечакана зламалася рулявое ўпраўленьне. Экс-дэпутат лічыць, што яму проста пашанцавала:

(Скрабец: ) “Тое, што мы ні з кім не сутыкнуліся, гэта – цуд. Руль круціцца, а колы – не. Рулявое, там жа нічога не шуміць, нічога не рыпіць. Гэта ж патрэбна гайкі адвярнуць, каб пабачыць. Цяпер машына знаходзіцца на станцыі тэхнічнай абслугі”.

Спадар Скрабец не выключае, што гэта мог быць наўмысны акт адносна яго з боку спэцслужбаў. Таму ён зьвярнуўся у гарадзкую пракуратуру Горадні з патрабаваньнем правесьці расьсьледаваньне гэтага факту.

Сёньня ўвечары Сяргей Скрабец перадаў у акруговую камісію 1020 подпісаў выбаршчыкаў ў ягоную падтрымку. Для таго, каб быць зарэгістраваным у якасьці кандыдата ў дэпутаты патрэбна сабраць ня менш за 1000 подпісаў.
XS
SM
MD
LG