Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнікі Ўсясьветных журналісцкіх арганізацыяў патрабуюць ад беларускіх уладаў спыніць ціск на сям’ю забітай журналісткі Веранікі Чаркасавай


Ігар Карней, Менск Кіраўнік Усясьветнай асацыяцыі газэтаў Кэвін О’Рэйлі і прэзыдэнт Усясьветнага форуму рэдактараў Джордж Брок накіравалі звароты шэрагу беларускіх афіцыйных асобаў, у якіх просяць забясьпечыць аб’ектыўнае расьсьледаваньне справы аб забойстве 20 кастрычніка 2004 году журналісткі Веранікі Чаркасавай і спыніць перасьлед яе сям’і.

Як паведамілі ў Беларускай асацыяцыі журналістаў, адпаведныя лісты накіраваныя кіраўніку Беларусі Аляксандру Лукашэнку, міністру ўнутраных справаў Уладзімеру Навумаву і генэральнаму пракурору Пятру Міклашэвічу. Апроч таго, копіі дасланыя генэральнаму сакратару ААН Кофі Анану і генэральнаму дырэктару ЮНЭСКО Каішыра Мацууры. Прадстаўнікі Ўсясьветнай асацыяцыі газэтаў і Ўсясьветнага форуму рэдактараў абураюцца, што сьледзтва спынілася на вэрсіі бытавога забойства, а галоўнымі падазраванымі лічацца 15-гадовы сын Чаркасавай Антона яе айчым Уладзімер Мялешка.

“Нягледзячы на тое, што праваахоўныя органы ня маюць доказаў, каб абвінавачваць гэтых людзей, сьледчыя пракуратуры адмовіліся зьняць зь іх статус падазраваных, у выніку чаго Антон быў шпіталізаваны з моцнай дэпрэсіяй. А днямі сьледчыя спрабавалі даставіць хлопца на прымусовае абсьледаваньне ў псыханэўралягічны дыспансэр “Навінкі” наўпрост са школы. Бабуля Антона, Дыяна Чаркасава, кажа, што такія захады супярэчаць заканадаўству, ня кажучы пра маральны бок падобных “экспэрымэнтаў”.

(Чаркасава: ) “Паколькі ён мае статус падазраванага, без адваката зь ім наагул ня маюць права ні размаўляць, ні ўвогуле мець справу. У школе яны спрабавалі тлумачыць дырэктару, настаўнікам: маўляў, калі б Антон быў проста сьведкам, то яму адвакат быў бы патрэбны, а калі ён падазраваны, яны маюць права размаўляюць зь ім без адваката. Хоць усё наадварот”.

У сваім звароце да шэрагу кіраўнікоў Беларусі прадстаўнікі Ўсясьветнай асацыяцыі газэтаў і Ўсясьветнага форуму рэдактараў дадаюць: “Мы просім вас гарантаваць, што пераслед сям’і Чаркасавай будзе тэрмінова спынены. Мы заклікаем вас зрабіць усе неабходныя крокі дзеля таго, каб фактам, высьветленым падчас незалежнага расьсьледаваньня, была нададзеная належная ўвага і каб вінаватыя ў забойстве Чаркасавай у хуткім часе былі працягнутыя да адказнасьці”. Падпісанты асабліва акцэнтуюць увагу на тым, што, паводле апошніх сьведчаньняў, незадоўга да свайго забойства Вераніка Чаркасава дасьледавала тэму паставак беларускай зброі ў Ірак.

Відавочна, блізкія забітай 20 кастрычніка мінулага году Веранікі Чаркасавай ня вельмі вераць у аб’ектыўнасьць сьледзтва. У хуткім часе пасьля інцыдэнту ў школе, калі сьледчыя спрабавалі даставіць ў псыханэўралягічны дыспансэр, Антон ад’ехаў у Маскву, да свайго бацькі. Дыяна Чаркасава дапушчае, што ўнук у Беларусь ня вернецца, паколькі ў атмасфэры псыхалягічнага ціску жыць у Беларусі не ўяўляецца магчымым.
XS
SM
MD
LG