Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргею Антончыку пагражае арышт за “мітынг” на кватэры


Любоў Лунёва, Менск Сяргею Антончыку зноў пагражае арышт. У Савецкім раённым судзе Менску пачаўся разгляд адміністрацыйнай справы, паводле якой былога дэпутата Вярхоўнага Савета 12 скліканьня Сяргея Антончыка абвінавачваюць у арганізацыі несанкцыянаванага сходу... на прыватнай кватэры.

Судзьдзя Аксана Рэлява зачытала ў судовай залі абвінавачаньні міліцыянтаў. З адміністрацыйнага пратаколу вынікае, што Сяргей Антончык быў у прыватнай кватэры разам з двума дзясяткамі чалавек. Паводле міліцыянтаў, гэта ёсьць несанкцыянаваным сходам, бо людзі сабраліся на кватэры без дазволу Менгарвыканкаму.

5 лютага ў прыватнай кватэры на вуліцы Куйбышава сабраліся людзі. Сярод іх быў Сяргей Антончык. Празь некалькі хвілінаў туды прыйшлі міліцыянты і паведамілі, што ўсе затрыманыя для высьвятленьня асобаў. Амаль тры гадзіны людзі знаходзіліся ў аддзеле міліцыі Савецкага раёну. Усіх адпусьцілі, а на Сяргея Антончыка склалі пратакол і ўручылі позву ў міліцыю. Аўтар вядомага дакладу аб карупцыі ў найвышэйшых эшалёнах улады Сяргей Антончык заявіў Радыё Свабода:

(Антончык: ) “Тое, што адбылася са мной, ёсьць нэрвовай рэакцыяй уладаў, магчыма, нават на тую аранжавую рэвалюцыю, якая адбылася ва Ўкраіне. Нематываваная жорсткасьць, бессэнсоўная і беззаконная дзейнасьць супраць нас — гэта фантастыка. Рэжыму цяпер мроіцца за кожным чалавекам нейкае моцнае аб’яднаньне, якое можа прывесьці да ўлады іншых людзей. Гэта, канечне, было б сьмешна, калі б не было так горка. Быццам бы прыпынілася дзейнасьць Канстытуцыі ў краіне. Мы, напрыклад, сабраліся зь сябрамі і пілі гарбату ў прыватнай кватэры. Не на вуліцы — і нават ня ў офісе! Ім мроіцца ў кожнай сустрэчы людзей небясьпека для сябе, для свайго рэжыму”.

Паколькі Сяргей Антончык патрабаваў, каб суд дапытаў некалькі сьведкаў, судзьдзя перанесла далейшы разгляд справы на 14 лютага. Паколькі гэта ўжо другі пратакол за арганізацыю несанкцыянаванага сходу (першы быў паўгоду таму), Сяргею Антончыку пагражае арышт да 15 сутак альбо вялікі штраф.
XS
SM
MD
LG