Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Vox Populi: Ці дастаткова беларускай мовы на беларускім тэлебачаньні?


Галіна Абакунчык, Менск Ці часта ў эфіры беларускіх тэлеканалаў гучыць беларуская мова? Якія праграмы павінныя быць беларускамоўнымі, расескамоўнымі і дзьвюхмоўнымі? Ці магчымы перавод аднаго ці некалькіх каналаў на беларускую мову? Гэтыя пытаньні мінакам на вуліцах Менску задавала наша карэспандэнтка.

(Карэспандэнтка: ) “Як вы лічыце, ці дастаткова беларускай мовы ў беларускім тэлеэфіры?”

(Спадар: ) “Вельмі, вельмі мала. Хацелася б больш беларускай мовы, беларускіх песьняў у праграмах. Хаця б адзін канал можна было б цалкам перавесьці — і рэкляму, і навіны, і ўсё астатняе. Каб было толькі па-беларуску”.

(Спадарыня: ) “Недастаткова. Хоць у нас і дзьве дзяржаўныя мовы, але патрэбна пашыраць, актуалізаваць, прывіваць любоў і павагу да роднай мовы”.

(Спадарыня: ) “На тэлеэкране? Дастаткова. А калі хацець нацыянальнага, так, як ва Ўкраіне, і палітыкі лічаць, што гэта трэба, то я спадзяюся на палітыкаў. Гэтая справа палітычная, ня гэтулькі нашая грамадзянская, колькі палітычная”.

(Спадарыня: ) “Усё адносна: дастаткова ці не. Пажадана, каб яна была больш пісьменнай — мова, якая гучыць. Каб зьмест быў. Калі гучыць беларуская мова, але мы ня чуем узору літаратурнай мовы, дык ці радавацца таму, што ёсьць нейкі адсотак беларускай мовы?”

(Спадарыня: ) “Паводле нашых адносінаў да мовы, магчыма, што і дастаткова”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці магчыма, каб існавалі толькі беларускамоўныя, расейскамоўныя альбо дзьвюхмоўныя праграмы? Ці дапускаеце вы, каб адзін альбо некалькі тэлеканалаў цалкам перавесьці на беларускую мову?”

(Спадарыня: ) “Я думаю, што так. Цалкам верагодна, а можа нават і патрэбна. Усё ж такі сваю родную мову патрэбна берагчы і захоўваць. Асабліва гэта важна для моладзі”.

(Спадар: ) “На нацыянальных каналах беларускай мовы вельмі мала. Канечне, патрэбна, каб быў тэлеканал выключна беларускі — перадачы, фільмы. Цалкам згодны”.

(Спадарыня: ) “Ці шмат беларускай мовы на беларускіх каналах? Магло б і больш быць. Некалькі цалкам беларускамоўных каналаў, можа, і непатрэбна. Але адзін дакладна павінны быць”.

(Спадар: ) “У Расеі павінна быць расейская мова, у Беларусі — беларуская. Таксама мусіць быць і на тэлеэкранах. Я, як патрыёт Беларусі, лічу, што беларускім каналам — беларускую мову”.

(Спадар: ) “Мне вельмі непрыемна было, калі мае дзеці вучыліся па-беларуску, і затым гэты працэс сталі ўціскаць усё больш і больш. Як я разумею, дык я ўсё перавёў бы на беларускую мову”.
XS
SM
MD
LG