Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адбылася міжнародная нарада “Рэспубліка Беларусь й агульнаэўрапейская адукацыйная прастора”


Сьвятлана Курс, Менск 26 студзеня на нарадзе па разьвіцьці вышэйшай адукацыі Аляксандар Лукашэнка няўхвальна выказаўся аб рэформе вышэйшай адукацыі, прапанаванай айчыннымі спэцыялістамі. У прыватнасьці, прэзыдэнт засумняваўся ў неабходнасьці рэфармаваньня вышэйшай школы паводле ўсясьветных узораў, бо гэта, маўляў, узмацніць адток выпускнікоў ВНУ за мяжу, а таксама падкрэсьліў неабходнасьць захаваньня “наймагутнейшай савецкай сыстэмы адукацыі”.

Якія пляны рэформы маюць міністэрства і Нацыянальны інстытут адукацыі? Перад гэтымі выходнымі я пабывала на міжнароднай нарадзе “Рэспубліка Беларусь й агульнаэўрапейская адукацыйная прастора”, зладжанай з удзелам Нацыянальнага інстытуту адукацыі. Ужо са складу запрошаных можна меркаваць, па якіх кшталтах будуць фармаваць сыстэму вышэйшай адукацыі. Прысутнічалі прадстаўнікі Расеі, Ўкраіны і Казахстану. З заходнікаў быў толькі прадстаўнік найстарэйшай школы Швэцыі.

26 студзеня прэзыдэнт выразна сказаў: пераймаць міжнародную адукацыйную сыстэму рана, за аснову трэба ўзяць “магутную савецкую сыстэму адукацыі”. У той жа час падпісаньне Беларусьсю пагадненьня аб далучэньні да Балёнскага працэсу вымагае рэфармаваньня на заходні кшталт – чатырохгадовае навучаньне з наданьнем ступені бакаляўра, а потым навучаньне ў магістратуры з наданьнем ступені магістра. Прыкладна гэта і прапаноўвала Міністэрства адукацыі. Аднак прэзыдэнт палічыў гэтыя пляны за “спробу рэвалюцыі ў сыстэме вышэйшай адукацыі”.

Дырэктар Нацыянальнага інстытуту адукацыі Генадзь Пальчык сказаў, што Аляксандар Лукашэнка мае рацыю.

(Пальчык: ) “Кіраўнік дзяржавы вельмі своечасова сказаў: давайце ацэнім рэальную сытуацыю, у якой мы апынуліся, мы можам гаварыць і пра Балёнскі працэс, і пра тэмпы ўваходжаньня. Я лічу й заклікаю калегаў спыніцца, не фарсіраваць падзеі”.

Аднак з размоваў са спэцыялістамі ў сфэры адукацыі я зрабіла выснову, што ў іхным асяродку ідэя ўніфікацыі з сусьветнай адукацыйнай сыстэмай вельмі папулярная. Проста яны пакуль ня маюць магчымасьці яе ажыцьцявіць. А такая ўніфікацыя дала б магчымасьць падвысіць стандарты нацыянальнай адукацыі, а таксама дазволіла б выпускнікам зь беларускімі дыплёмамі прапанаваць сябе на заходнім рынку працы й адукацыі.

Як вядома, Аляксандар Лукашэнка падкрэсьліў, што беларускія студэнты й выпускнікі, якія выяжджаюць за мяжу, павінны атрымоўваць дазвол на выезд ад міністра адукацыі, а таксама вяртаць грошы, якія дзяржава патраціла на іхную адукацыю. “ВНУ павінны працаваць на беларускую эканоміку” – падкрэсьліў Лукашэнка.

Спэцыялісты ад адукацыі згодныя, што выпускнікі мусяць прыносіць карысьць Бацькаўшчыне, але прыхільна ставяцца й да вольнага міжнароднага абмену ведамі й спэцыялістамі. Вось словы дырэктаркі ліцэя БДУ Тацяны Калевіч. Я запыталася, ці едуць іхныя выпускнікі вучыцца за мяжу:

(Карэспандэнтка: ) “Ці ёсьць статыстыка, дзе працуюць вашыя выпускнікі?”

(Калевіч: ) “Статыстыкі асобна мы не вядзем. Думаю, што нічога страшэннага няма ў тым, калі самыя здольныя, самыя таленавітыя, нейкая частка іх, будзе працаваць у міжнародных аранізацыях, але ж асноўная маса будзе тут. А калі ж хто-небудзь паедзе і будзе працаваць, напрыклад, у фірму “Майкрасофт” і распрацоўваць кампутары, якімі мы потым будзем карыстацца, нічога ў гэтым дрэннага й няма”.

Удзелькі нарады падкрэсьлілі: “Адукацыйная прастора ня мае межаў і ўсталёўваць іх – значыць рабіць нацыянальную адукацыйную сыстэму дамарослай і неэфэктыўнай”.

Вядома таксама, што дзеці шэрагу высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў навучаюцца за мяжою, у асноўным у прэстыжных ВНУ англамоўных краінаў.

І яшчэ адна заўвага: на афіцыйным роўні чыноўнікі ад адукацыі кажуць, што адным з найлепшых складнікаў беларускай сыстэмы ёсьць ідэалягічны. А ў кулюарах скардзяцца, што заходнія прынцыпы “open your minds“ і “be free” больш эфэктыўныя, чым найвышэйшы дзяржаўны кантроль над адукацыяй.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG