Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары Магілёўшчыны ў апытаньні падтрымалі школьную форму, але ў розных варыянтах


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў У Магілёўскай вобласьці зрабілі сацыялягічнае апытаньне наконт школьнай формы. У ім бралі ўдзел настаўнікі, вучні і іх бацькі з гарадзкіх і сельскіх школаў. Большасьць выказалася за ўвядзеньне школьнай формы ў навучальных установах.

У Магілёўскай абласной управе адукацыі паведамляюць, што цяпер беларускія прадпрыемствы прапануюць 200 варыянтаў школьнай формы – трэба выбраць самыя лепшыя, прыгожыя і зручныя касьцюмы. Адміністрацыі навучальных устаноў разам з бацькамі павінны самі вырашыць, якая школьная форма пасуе вучням. Пазыцыю кіраўніцтва сфэры адукацыі выказала намесьніца начальніка абласной управы Сьвятлана Лявонава:

(Лявонава: ) “Сёньня размова ідзе не пра тое, што ўсіх трэба зноў апрануць у карычневыя сукенкі і чорныя фартухі для дзяўчынак, і гэтак далей. Сёньня ідзе размова пра тое, што дзеці ў школе павінны быць у школьным адзеньні дзелавога стылю”.

Абласная ўправа адукацыі дашле вынікі апытаньня ў міністэрства, якое можа зрабіць афіцыйныя рэкамэндацыі наконт школьнай формы.

А як цяпер у магілёўскіх школах апранаюцца вучні? Некалькі школаў ужо ўвялі школьную форму з выбарам у некалькі варыянтаў. Аднак іх вельмі мала. Некаторыя вызначаюць напрамак – сьветлы верх і цёмны ніз. Сёньня дзеці ходзяць у школу і ў джынсах – гэта ў горадзе, у вёсцы – часьцей у спартовых касьцюмах. Вучні апранаюцца так, як дазваляе бацькоўскі кашалёк.

Вось якраз фармальная роўнасьць дзяцей у школе, незалежна ад узроўню жыцьця сям’і – якраз першы аргумэнт, які вылучылі магілёўцы пры апытаньні на вуліцы. У дарослых і дзяцей я пыталася, ці патрэбна ўводзіць школьную форму.

(Спадарыня: ) “Я мяркую, што трэба. Таму што гэта ня школа, а дом мадэляў”.

(Дзяўчынка: ) “Ня трэба. Лепш хадзіць так, як хочаш, як цябе падабаецца”.

(Спадарыня: ) “Не хацелася б рабіць ураўнілаўку, каб усе дзеці былі аднолькавыя. Але проста бацькам будзе лягчэй, не будуць галаву ламаць, ува што апрануць дзяцей”.

(Хлопчык: ) “Так, усе будуць прыгожа хадзіць, прыгожа апранутыя”.

(Спадарыня: ) “Мы лічым, што трэба. Таму што гэта неяк стымулюе, дысцыплінуе дзяцей. А тое яны адзіным перад адным… А вось ты, школьніца, скажы!”

(Дзяўчынка: ) “Мне падаецца, што яна патрэбная. Таму што гэта падкрэсьлівае, што ты вучаніца ці вучань”.

(Спадар: ) “Я, канечне, супраць школьнай формы, таму што ўсе атрымліваюцца аднолькавымі як салдацікі. Ну, я мяркую, што гэта ўсё ж лішнія грошы, дадатковыя выдаткі”.

(Спадарыня: ) “Няма ніякіх праблемаў, няма спаборніцтва паміж дзецьмі. А наконт стандартнасьці я хачу сказаць: гэта школа і гэта дзеці, і ўсё ў іх наперадзе”.

Як вы чулі, ёсьць меркаваньні і за, і супраць школьнай формы. Дарэчы, у Расеі таксама няма адзінай формы, а ў Сьвярдлоўскай вобласьці кіраўніцтва сфэры адукацыі лічыць, што школьная форма спрыяе распаўсюджаньню сярод дзяцей вірусных інфэкцыяў. Каб было іначай, трэба мець некалькі камплектаў, каб своечасова чысьціць адзеньне, а гэта выдаткі для бацькоў.

Хаця ёсьць і іншы падыход для школьнай формы. У Японіі вельмі моднае адзеньне, якое нагадвае форму вучняў. А летась і ў нас у Магілёве найбольш модным убраньнем на апошні званок у школах была якраз форма савецкага ўзору. Ну і самае галоўнае, пагадзіцеся – ня ў чым ты вучысься, а як ты вучысься.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG