Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чортаў тузін “Белорусской деловой газеты”


Ігар Карней, Менск 7 лютага 1992 году быў надрукаваны першы нумар газэты “Биржи и банки. Белорусская деловая газета”. І так супала, што ў мінулую пятніцу, 4 лютага, выйшаў юбілейны, паўтаратысячны нумар аднаго з самых аўтарытэтных у Беларусі незалежных выданьняў.

За 13 гадоў існаваньня “БДГ” улады падрыхтавалі рэдакцыі безьліч “сюрпрызаў”: неаднаразова прыпыняўся выхад газэты, яе выганялі зь беларускіх друкарняў, абмяжоўваўся распаўсюд праз шапікі “Белсаюздруку”, апісвалася маёмасьць журналістаў... Магчыма, у “БДГ” ужо прыстасаваліся да такіх рэаліяў, і раней экстрэмальныя ўмовы цяпер ўспрымаюцца як звычайны рэжым працы?

Ад сярэдзіны 1990-х уся незалежная прэса Беларусі выжывае насуперак лёгіцы. “Белорусская деловая газета” – не выключэньне. За апошнія 10 гадоў на розных уладных узроўнях з настойлівасьцю спрабавалі выданьне зачыніць, зьнішчыць яго як бізнэс. Я пацікавіўся ў выдаўца і галоўнага рэдактара “БДГ” Пятра Марцава: што ёсьць раздражняльнікам для ўладаў – канкрэтныя людзі, журналісты, ці сам факт існаваньня выданьня?

(Марцаў: ) “Ёсьць нейкія суб’ектыўныя фактары: магчыма, хтосьці ня любіць асабіста мяне. Магчыма, ня любяць усіх ці асобных журналістаў. Але справа ў тым, што ўжо тры каманды зьмяніліся, тры галоўныя рэдактары. Таму, напэўна, справа ў газэце, у яе пазыцыі і, можа нават у першую чаргу – у сьветапоглядзе тых асобаў, якія кіруюць дзяржавай. Бо ў іхным уяўленьні недзяржаўная, незалежная прэса ці журналістыка існаваць не павінна…”

На мінулым тыдні праходзілі паведамленьні, што рэдакцыю нават “мініравалі”. Гэта ў пэўным сэнсе таксама сьведчыць на актыўны інтарэс да таго, што зьяўляецца на старонках “БДГ”.

У рэдакцыйным артыкуле да свайго чарговага дня нараджэньня, які называецца “Міфы і легенды старажытнай прафэсіі”, супрацоўнікі ўзгадваюць, якімі эпітэтамі ўзнагароджвалі выданьне ў розныя гады: “газэта ўплыву”, “скандальная газэта”, “газэта для палітыкаў і бізнэсоўцаў”, ставілі знак роўнасьці паміж “БДГ” і КГБ...

Не хаваюць, што асабліва лашчаць вуха прызнаньні: “БДГ” піша пра тое, пра што не напіша ніхто”. Узгадваюць, як такая інфармацыя здабывалася: Павал Шарамет са Сьвятланай Калінкінай, каб узяць інтэрвію ў экс-кіраўніцы Нацбанку Тамары Віньнікавай, якая ўтрымлівалася пад хатнім арыштам, “зрабіліся” адвакатам і стэнаграфісткай. Андрэй Махоўскі “распусьціўся” сярод спэцслужбаў падчас сустрэчы на менскім лётнішчы афіцэраў з Іраку.

Апошні прыклад – расьсьледваньне забойства журналісткі Веранікі Чаркасавай. У пракуратуры публікацыя, як кажуць, нарабіла шмат шуму, і выданьню ўжо паабяцалі “вясёлае жыцьцё”... Тое, што газэта запатрабаваная, ніхто не сумняваецца. Але відавочна, што пазбавіцца ад яе хацелі б таксама многія. Апавядае Пётар Марцаў:

(Марцаў: ) “Шмат што залежыць ад саміх людзей. Ці хочуць яны атрымліваць незалежную інфармацыю? Калі грамадзтва захоча ведаць, што зь ім адбываецца, яно знойдзе спосабы атрымліваць інфармацыю, а, значыць, знойдуцца журналісты, якія яе пададуць. Гэтыя працэсы спыніць нельга. І гэта заўсёды пытаньне грамадзкай, палітычнай эліты краіны. Значыць, яна павінна арганізаваць гэтыя працэсы, каб грамадзтва атрымлівала інфармацыю, гэта ў іх інтарэсах. Гэта ня толькі апазыцыя, а ўвогуле грамадзкая, палітычная эліта. Гэта ўсё, на чым дзяржава трымаецца. Праўда, вельмі слаба трымаецца…”

У цывілізаваных краінах усе складаныя спрэчкі, якія ўзьнікаюць, вырашаюцца ў судзе. Чаму, на думку выдаўцоў “БДГ”, незалежныя выданьні ня могуць сябе абараніць такім чынам?

Пётр Марцаў у дадзеным выпадку проста канстатуе: на жаль, беларуская судовая сыстэма ня ёсьць месцам вырашэньня спрэчак, а толькі адпаведным палітычным інструмэнтам у руках цяперашніх уладароў.

(Марцаў: ) “Судовая сыстэма, як і шмат што ў гэтай дзяржаве, гэтак жа манапалізаваная. Кіраваньне дзяржавай сканцэнтраваная ў адных руках. У такой сыстэме, у такой ідэалёгіі незалежная журналістыка ёсьць непажаданым элемэнтам; яна, безумоўна, павінна быць задушаная. Таму можна спрачацца, казаць пра нейкія суб’ектыўныя фактары, асабістыя ўзаемадачыненьні... Але, тым ня менш, усё, што мы назіраем з “БДГ”, зь іншымі СМІ, сьведчыць на адназначны, сыстэмны падыход…”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG