Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У сталіцы мэдыкаў хочуць заахвоціць службовым жытлом


Іна Студзінская, Менск У гарадзкіх паліклініках, у сельскіх участковых лякарнях – заўсёды дэфіцыт лекараў-тэрапэўтаў і пэдыятраў. Здавалася б, штогод мэдычныя ВНУ выпускаюць сотні маладых спэцыялістаў, а праблема застаецца.У лепшым выпадку малады лекар адпрацуе 2-3 гады па размеркаваньні і зьбягае ў клініку ці камэрцыйную структуру. У сталіцы хочуць заахвоціць мэдыкаў службовым жытлом. Наколькі гэта рэальна і мэтазгодна?

Толькі ў сталічных паліклініках не хапае 466 лекараў. Асабліва вострая сытуацыя з участковымі тэрапэўтамі і пэдыятрамі. Камітэт па ахове здароўя Менгарвыканкаму выступіў з ініцыятывай унесьці ўчастковых тэрапэўтаў і пэдыятраў у пералік асобаў, якія маюць права на службовае жытло згодна з артыкулам 92 Жыльлёвага кодэксу.

Начальнік аддзелу арганізацыйна-кадравай работы Камітэту па ахове здароўя Менгарвыканкаму Вячаслава Патоцкая настойвае на тым, каб “дэфіцытных” лекараў забясьпечвалі менавіта службовым жытлом, бо калі даваць так званае сацыяльнае жытло, нават пры кантрактнай сыстэме лекар усімі праўдамі і няпраўдамі сыходзіць з паліклінік. Абгрунтаваньне Вячаславы Патоцкай:

(Патоцкая: ) “Калі гэта будзе службовае жытло, лекар павінен будзе адпрацаваць 10 гадоў менавіта ў гэтай установе. Гэта дапаможа стабілізаваць сытуацыю, каб лекары атрымоўвалі жытло і куды-небудзь не “сплывалі”. А то ён можа сысьці ў камэрцыйную структуру працаваць, і што ты яму зробіш? Сёньня працуе больш за 2 тысячы лекараў у камэрцыйных структурах. У нас толькі камэрцыйных мэдычных структураў 854. Вось сёньня не хапае 466 лекараў. Дык няхай гэтыя 2 тысячы пяройдуць у паліклінікі працаваць, і ў нас нават выбар будзе!”

Гэта ініцыятыва і меркаваньне гарадзкіх чыноўнікаў. А як на прапанову адрэагавала вышэйшае начальства? Намесьнік начальніка Упраўленьня кадравай палітыкі Міністэрства аховы здароўя Сьвятлана Сакалова абураная зваротам гарадзкога упраўленьня зрабіць сталічных лекараў ільготнікамі.

(Сакалова: ) “Службовае жытло па пастанове Саўміну – гэта лекары, правізары ў сельскай мясцовасьці, і сярэднія мэдыцынскія работнікі. Сельская мясцовасьць і Чарнобыльская зона. Але мы ж ня можам да ільготных катэгорыяў аднесьці яшчэ і жыхароў сталіцы. Дык што гэта будзе?”

Сьвятлана Сакалова з Упраўленьня кадравай палітыкі Міністэрства аховы здароўя сьцьвярджае, што дастаткова выпускнікоў мэдунівэрсытэту, якіх штогод па разьмеркаваньні пакідаюць у сталіцы менавіта ўчастковымі тэрапэўтамі і пэдыятрамі. Але штогод яны, нягледзячы на абавязак адпрацаваць 3 гады, сыходзяць. Гаворыць Сьвятлана Сакалова:

(Сакалова: ) “Я разумею, у тых рэгіёнах, куды пернікам не заманіш за 3 аклады, там, дзе сапраўды паветра “фаніць”, дзе цяжкія ўмовы, гэты лекар адзін на акругу 80 кілямэтраў. Дык вось у яго жытло павінна быць добрае. А мы тут у горадзе – збоку тэатар, перад вокнамі рэстарацыя, а ў двары паліклініка. І дай яму яшчэ жытло! Ну слухайце…”

А што кажуць самі лекары – ці затрымае іх службовае жытло ў паліклініках? Ганна Асмалоўская трэці год працуе ўчастковым пэдыятрам у мікрараёне Сухарава. Родам з Гомелю, свайго жытла няма, здымаюць разам з мужам і сынам прыватную кватэру. Заробак маладога спэцыяліста 240 тысяч з усімі надбаўкамі і даплатамі. Прызналася, што зьбіраецца сысьці ў асьпірантуру.

(Асмалоўская: ) “Я належу да такіх людзей, якія наперад хочуць ісьці і разьвівацца. Я не хачу сядзець на месцы і прагніваць нават дзеля хаты. Я лічу, што за гэты час змагу значна больш наперад разьвіцца, а потым зарабіць сабе на гэтую кватэру. І ў той жа час узьняцца ў пэўных сэнсах, да прыкладу, у навуковым, чым заставацца на адным месцы. Гэта я так лічу. А ёсьць людзі, якія згодныя ціха-мірна працаваць і жыць у дзяржаўнай кватэры”.

(Карэспандэнтка: ) “А праца ўчастковым лекарам – гэта дае практыку, веды, досьвед?”

(Асмалоўская: ) “Гэта такое гартаваньне. Досьвед у любым выпадку будзе, калі ты будзеш працаваць па спэцыяльнасьці, што ў паліклініцы, што ў клініцы. У любым выпадку ты адусюль будзеш цягнуць тое, што табе трэба: веды, досьвед, прыклады”.
XS
SM
MD
LG