Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Летась колькасьць злачынстваў з удзелам падлеткаў падвысілася на Гомельшчыне амаль на 10 адсоткаў


Казімір Яноўскі, Гомель У Гомельскай вобласьці павялічваецца колькасьць зарэгістраваных злачынстваў. Летась іх зьдзейсьнена блізу 28 тысячаў злачынстваў – на 13,5 адсотка болей, чымсьці ў папярэднім годзе. Шмат злачынстваў учынена падлеткамі.

Колькасьць злачынстваў, учыненых непаўнагадовымі, узвысілася летась амаль на 10 адсоткаў. Даволі часта гэтыя злачынствы вызначаюцца надзвычайнай жорсткасьцю. У Лельчыцах 17-гадовы вучань сярэдняй школы №2 завёў непаўнагадовую вучаніцу сваёй жа школы ў закінутую пабудову, адабраў грошы, рэчы і моцна зьбіў. Калі дзяўчынка ўпала ў непрытомнасьці, юнак вырашыў, што ахвяра ўжо мёртвая. Тады ён падпаліў памяшканьне, каб схаваць сьляды. На вялікі жаль, уратаваць школьніцу не ўдалося.

У чым прычына праяўленьня жосткасьці ў паводзінах падлеткаў? Ва ўсякай зьявы, у тым ліку і ў падлеткавай злачыннасьці ды жорсткасьці, прычынаў шэраг. Гэта і сацыяльныя ўмовы, і, канешне, выхаваньне ў сям’і ды школе. Гэта, відавочна, і агульная псыхалягічная атмасфэра ў краіне. Супрацоўнікі міліцыі, у сваю чаргу, зьвязваюць пашырэньне падлеткавай злачыннасьці зь недастатковым пакараньнем вінаватых.

Пра прыроду жорсткасьці падлеткаў я пытаўся ў дзевяціклясьнікаў 62-й сярэдняй школы Гомеля. Вось два меркаваньні на гэтую тэму:

(Першы дзевяціклясьнік: ) “Баявікоў шмат наглядзеліся. Ну і жыцьцё кепскае. Бываюць падлеткі зь сем’яў, дзе дрэннае выхаваньне. Яшчэ многа падлеткаў п’юць. Калі напіваюцца, яны абы што вытвараюць”.

(Другі дзевяціклясьнік: ) “Выпускаюць цяпер шмат гульняў крывавых. Іх не забараняюць, ну там, дзе шмат крыві. Дзеці нагуляюцца ў такія гульні – і гэта іх штурхае на злачынствы”.

Так лічаць 15-гадовыя школьнікі.

У выхавацелькі адной са школаў Сьветлагорску свой пагляд на падлеткавую жорсткасьць:

(Выхавацелька: ) “Падлеткавы ўзрост сам па сабе яшчэ болю добра ня ведае. Таму гэта ў іх за звычай – птушак забіваць, усё ламаць і нішчыць. Да таго ж у краіне такія ўмовы – сацыяльныя ды іншыя, што выхоўваюць дзяцей жорсткімі, цынічнымі, крыўдзіцелямі слабейшых. Калі гэта замацоўваецца ў сьвядомасьці падлетка, ён і ў сталыя гады застаецца грубым і жорсткім”.

На жаль, нярэдка дарослыя падаюць дзецям ўрокі проста-такі нечалавечай жорсткасьці. У раённы шпіталь Рэчыцы нядаўна прывезьлі пецярых дзяцей з адной вясковай сям’і. У трох зь іх проста жывога месца на целе не засталося. П’яная маці зьбівала дзяцей да паўсьмерці.

Цяжка, канешне, прадбачыць, якімі яны вырастуць. Але псыхалягічная траўма дзецям нанесена надзвычай глыбокая, гэта лекары канстатавалі. Ня выключана, што з узростам дзеці захочуць адпомсьціць – калі ня маці, то нейкаму іншаму.
XS
SM
MD
LG