Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пастаўкі расейскай рыбы ў Беларусь практычна спыненыя


Падрыхтавала Юлія Шарова Агляд незалежнага друку

Кошты на рыбу й морапрадукты ў Беларусі імкліва растуць і будуць расьці надалей, паведамляе “Белорусский рынок”. У Кіраўніцтве справамі прэзыдэнта, якое цяпер зьяўляецца правадніком дзяржаўнай палітыкі ў галіне імпарту рыбы, падвышэньне коштаў зьвязваюць з ростам усясьветных цэнаў на рыбу, розьніцай у курсах даляра й эўра, а таксама з новым мэханізмам спагнаньня ПДВ у гандлі з Расеяй. Сёлета пастаўкі ў краіну расейскай рыбы, якія складаюць ажно 56 адсоткаў у аб’ёме ўсяго беларускага імпарту гэтай прадукцыі, практычна спыненыя.

Таксама газэта піша пра цяжкасьці зь перарэгістрацыяй юрыдычных адрасоў палітычных партыяў. Як вядома, Міністэрства юстыцыі пастанавіла, што ад 1 лютага палітычныя партыі ня могуць выкарыстоўваць кватэры грамадзянаў у якасьці юрыдычных адрасоў. Калі судзіць па афіцыйнай статыстыцы, то маштаб праблемы не настолькі шырокі – офісы каля 7 адсоткаў грамадзкіх аб’яднаньняў знаходзяцца па адрасах пражываньня грамадзянаў. Аднак у выпадку з палітычнымі партыямі зьяўляецца небясьпека таго, што без юрыдычных адрасоў могуць застацца іхныя арганізацыйныя структуры ў рэгіёнах. Такім чынам, партыі вымушаны сыходзіць у падпольле.

Адзінаццаць чэскіх паляўнічых прыехалі ў Гарадоцкі раён – паляваць на ваўкоў, паведамляе “Витебский курьер”. Апошнім часам колькасьць ваўкоў на Віцебшчыне апошнім часам значна павялічваецца. Цяпер па тамтэйшых лясох гойсаюць зграі па 5-6, а часам і 10-12 зьвяроў . На людзей і хатніх жывёлаў драпежнікі не нападаюць – ім гэта не патрэбна, пакуль у лясох ёсьць спажыва. Дарэчы, за права адстрэліць аднаго ваўка замежныя паляўнічыя плацяць каля 400 эўра.

“Брестская газета” апавядае пра птушак-патрыётаў, лебедзяў, што засталіся на зіму ў Берасьці й не адляцелі ў цёплыя мясьціны. Дагэтуль зіма была мяккай, але цягам апошніх тыдняў усталяваліся даволі моцныя маразы й вадаёмы, сьцягнутыя лёдам. Між тым, птушкі сілкуюцца пераважна расьліннай ежай, якую здабываюць пад вадой. Каб лебедзі не памёрлі ад голаду, трэба іх падсілкоўваць.

А яшчэ “Брестская газета” публікуе сачыненьні берасьцейскіх школьнікаў. У гэтых творах прыгожага пісьменства ажываюць схаваныя ў лядоўні кансэрвы, з тэлефонных слухавак на кампутарную клявіятуру падаюць сьлівы. Такім чынам школьнікі спрабуюць зазірнуць у будучыню, калі чалавецтва засвоіць прынцып тэлепартацыі аб’ектаў у прасторы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG