Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зінаіда Ганчар пра расейскіх праваабаронцаў: “Маўчаньне зь іх боку мяне зьдзіўляе”


Любоў Лунёва, Менск Зінаіда Ганчар зьвярнулася да шэрагу расейскіх праваабаронцаў і журналістаў з просьбай дапамагчы высьветліць лёс яе мужа. Нагадаем, былога віцэ-прэм’ера і старшыню Цэнтрвыбаркаму Віктара Ганчара выкралі 16 верасьня 1999 года. Менская гарадзкая пракуратура распачала крымінальную справу. Час ад часу з розных крыніцаў гучала інфармацыя наконт датычнасьці да выкраданьня апазыцыйных палітыкаў асобаў з атачэньня Аляксандра Лукашэнкі, але дагэтуль ніводнага чалавека не прыцягнулі да адказнасьці.

Цягам апошніх двух месяцаў Зінаіда Ганчар накіравала некалькі лістоў у Расейскую Фэдэрацыю. Яна разьлічвае на дапамогу адтуль у пошуках свайго мужа. Апошнія лісты Зінаіда накіравала кіраўнікам ФСБ і Генэральнай пракуратуры. Яна спаслалася на тое, што вышэйшыя службовыя асобы з атачэньня Аляксандра Лукашэнкі не аднойчы заяўлялі аб тым, што да выкраданьня беларускіх апазыцыянэраў датычныя расейскія спэцслужбы. Яна папрасіла кіраўнікоў ФСБ і пракуратуры скарыстацца канвэнцыяй аб прававой дапамозе паміж Беларусьсю і Расеяй і прызначыць групу сьледчых, каб высьветліць усе абставіны злачынства.

У сьнежні Зінаіда Ганчар накіравала некалькі лістоў Эле Памфілавай, старшыні Рады па правах чалавека пры прэзыдэнце РФ, а таксама доктару Рашалю. Адзін зь лістоў Зінаіда Ганчар накіравала Ўладзіміру Салаўёву, вядучаму праграмы “Да бар’ера” на НТВ. Яна папрасіла журналіста запрасіць у перадачу Аляксандра Лукашэнку і яе асабіста. Адказаў на лісты дагэтуль няма.

Я некалькі разоў тэлефанавала ў прыёмную Элы Памфілавай і доктара Леаніда Рашаля. У першай мне адказвалі, што спадарыня Памфілава вельмі занятая, а ў другой – доктар Рашаль, на жаль, не валодае інфармацыяй пра падзеі ў Беларусі.

Зінаіда Ганчар не чакала такой рэакцыі:

(Ганчар: ) “Я спадзяюся, што нейкая рэакцыя мусіць быць. Я зьвярнулася ў краіну, дзе нарадзілася, дзе жывуць мае сваякі, знаёмцы і сябры. Я не сумняваюся, што ў кіраўніцтве Расеі добра ведаюць пра маю трагедыю і, больш за тое, ведаюць імёны вінаватых. Адзінае, што патрэбна – гэта іх воля, воля прымусіць кіраўніцтва Беларусі зрабіць крок да раскрыцьця злачынства. Праваабаронцы заўсёды адгукаюцца першымі, незалежна ад таго, у якой краіне жывуць. Яны не павінны прытрымлівацца палітычных тэндэнцыяў. Сёньня маўчаньне зь іх боку мяне зьдзіўляе”.

Зінаіда Ганчар дасылала ліст на імя Уладзіміра Пуціна, але з адміністрацыі расейскага прэзыдэнта яго адаслалі ў беларускую пракуратуру. Адтуль ёй паведамілі, што ліст далучылі да крымінальнай справы. Цяпер Зінаіда Ганчар падрыхтавала яшчэ адзін ліст – да старшыні Маскоўскай Хэльсынскай групы Людмілы Аляксеевай. Яна спадзяецца, што хоць на яго яна атрымае адказ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG