Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдат ад АГП па 52-й выбарчай акрузе Я.Раманчук абскарджвае вынесенае яму папярэджаньне


Уладзімер Глод, Менск 7 лютага – апошні дзень вылучэньня кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па 52-й Гарадзенскай акрузе. А заўтра Цэнтарвыбаркам будзе разглядаць скаргу аднаго з прэтэндэнтаў – Яраслава Раманчука, якому акруговая камісія вынесла афіцыйнае папярэджаньне. Нагадаю, што 52-я акруга – гэта адзіная выбарчая акруга са 110, якая да гэтага часу ня мае свайго прадстаўніка ў ніжэйшай палаце беларускага парлямэнту. 30 сакавіка гэтая вакансія, праўдападобна, будзе запоўненая.

Хто ж цяпер прэтэндуе на дэпутацкі мандат? Пакуль прэтэндэнтаў – пяць. Гэта два былыя дэпутаты Палаты прадстаўнікоў – Валеры Фралоў і Сяргей Скрабец, намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук, актывіст партыі БНФ, дэпутат Гарадзенскага гарадзкога савету Сяргей Антусевіч і кандыдат ад уладаў – рэктар Гарадзенскага ўнівэрсытэту Сяргей Маскевіч.

Магчыма, сёньня да іх дадасца нехта яшчэ: справа ў тым, што закон дазваляе вылучацца кандыдатам ад працоўных калектываў, у якіх ня менш за 300 чалавек. Так што зьяўленьне яшчэ аднаго альбо некалькіх прэтэндэнтаў тэарэтычна магчымае. Хаця, з другога боку, іх колькасьць можа й скараціцца, паколькі ініцыятыўная група Сяргея Скрабца, паводле папярэдніх зьвестак, ня можа сабраць неабходныя для вылучэньня тысячу подпісаў.

Між тым палітычная барацьба ў акрузе пачалася. І вось як характарызуе яе сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік:

(Лазавік: ) “Калі ацэньваць перадвыбарчую сытуацыю ў 52-й выбарчай акрузе, дык можна сказаць, што там ідзе звычайная перадвыбарчая работа – працуюць ініцыятыўныя групы, якія зьбіраюць подпісы ў падтрымку таго ці іншага кандыдата. Нейкія палітычныя сутычкі паміж імі адбываюцца, паколькі ўсе адсочваюць дзеяньні адзін аднаго. Зьяўляюцца й нейкія ўлёткі, якім яшчэ ранавата зьяўляцца. Тым ня менш Цэнтравыбакрам лічыць, што нейкіх вялікіх парушэньняў Выбарчага заканадаўства там няма. Хаця адна зь ініцыятыўных групаў ужо атрымала папярэджаньне акруговай камісіі – за распаўсюджаньне ўлётак са зьвесткамі аб сваім кандыдаце. Гэта – кандыдат Раманчук”.

У чым абвінавачваюць спадара Раманчука? Яраслаў Раманчук ёсьць адным з намесьнікаў старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі. А партыя цяпер праводзіць кампанію пашырэньня сваіх шэрагаў. Таму распаўсюджваецца шмат агітацыйных матэрыялаў. І вось гарадзенскія ўлады вырашылі, што гэтыя матэрыялы, так бы мовіць, спрыяюць спадару Раманчуку. А гэта ёсьць парушэньне заканадаўства. І таму яны вынесьлі кандыдату на дэпутаты афіцыйнае папярэджаньне.

Падчас парлямэнцкіх выбараў шмат казалася пра тое, што пасьля двух афіцыйных папярэджаньняў кандыдата на дэпутаты могуць зьняць з выбарчай гонкі. Аднак паводле заканадаўства такой нормы няма. Колькасьць папярэджаньняў тэарэтычна неабмежаваная. Але практыка мінулых выбараў сьведчыць – другое папярэджаньне станавілася той мяжой, пачынаючы зь якой непажаданых кандыдатаў на дэпутаты проста здымалі з выбарчай гонкі. І вось як тлумачыць свой зварот у ЦВК Яраслаў Раманчук:

(Раманчук: ) “Гэта прынцыпова, таму што я не магу адказваць за дзейнасьць усёй партыі. Я зьбіраю подпісы, я не парушаю закон таму, што я зьбіраю подпісы за сябе як за кандыдата. А партыя праводзіць па ўсёй краіне рэгіянальную кампанію, каб насельніцтва даведалася пра пазыцыю партыі. Але акруговая камісія палічыла, што гэта адно й тое ж. У тых матэрыялах, якія распаўсюджваліся, ня ўзгадваліся ні выбары, ні выбарчая акруга й г.д. Таму я лічу, што гэта памылка акруговай камісіі, якую Цэнтральная мусіць выправіць”.
XS
SM
MD
LG