Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як знайсьці за мяжой працу, якая падабаецца?


Натальля Судлянкова, Прага Займацца тым, што падабаецца – гэта, напэўна, адзін з самых вялікіх сакрэтаў посьпеху і адна з найбольш складаных задач, якую вырашае чалавек. Здалёк ня кожны здолее знайсьці тое, што сапраўды падабаецца рабіць, а потым яшчэ ўкласьці ў гэтую справу сваю душу й сэрца. Пра тое, як гэтыя задачы вырашаюць людзі, што жывуць у эміграцыі – у наступнай праграме цыклю “Беларусы за мяжой”.

Амэрыканскі пісьменьнік Браян Трэйсі зазначае, што заможныя людзі, што самі зарабілі свае грошы – гэта тыя, хто знайшоў такую сфэру дзейнасьці, дзе іх таленты проста могуць быць поўнасьцю рэалізаваныя. І раіць знайсьці такую працу, якая будзе проста задавальненьнем і асалодай. Не заўсёды гэта атрымліваецца адразу, асабліва для тых, хто жыве за мяжой, таму што эмігрантам даволі часта даводзіцца згаджацца на любую працу, якая толькі трапляе пад руку.

Максім Гарданаў пераяжджаў у Новую Зэляндыю, нават ня маючы асаблівага ўяўленьня аб тым, што яго чакае наперадзе.

(Гарданаў: ) “Ехалі зусім у новае месца, ніколі нікуды не пераяжджаўшы, і зусім ня ведалі, што там будзе наперадзе. Мы не разьлічвалі ні на што, мы вырашылі паспрабаваць пачаць жыцьцё занава, фактычна з нуля, паглядзець, як яно будзе”.

Цяпер, згадваючы першыя дні пасьля пераезду, Максім гаворыць пра іх:

(Гарданаў: ) “Гэта тое ж самае, як расьліна – ты яе выкапаў дзе, пасадзіў у іншым месцы, і ня ведаеш – прыжывецца яна ці не. Тое ж самае і з чалавекам. Калі чалавек прыяжджае на новае месца, ён трапляе ў новую сытуацыю, у якой ён яшчэ не разабраўся – што за людзі, што за месца, як там з працай, што там з адносінамі паміж людзьмі. Усё гэта даволі складана спачатку”.

Максім скончыў факультэт гісторыі і культуры гарадзенскага ўнівэрсытэту. Ён добра разумеў, што ягоная спэцыяльнасьць наўрад ці спатрэбіцца ў Новай Зэляндыі, тым больш, што

(Гарданаў: ) “Я спэцыялізаваўся на сярэднявечнай археалёгіі. Тут у час нашага сярэднявечча ня было нікога. Былі жывёліны і ўсё. Справа ў тым, што Новая Зэляндыя – краіна больш не гістарычная, а для антраполягаў”.

Першыя два гады Максім працаваў на невялікай фабрыцы звычайным рабочым, але ўвесь час добра разумеў, што гэта часовая праца, проста неабходнасьць на пэўным этапе жыцьця. Назапасіўшы грошай, Максім купіў машыну і цяпер працуе таксоўшчыкам, і гэтая праца яму падабаецца.

(Гарданаў: ) “Калі б не падабалася, не займаўся б. Заўсёды на паветры, прыгожа апрануты, у чыстай машыне, чаму б не?”

Насуперак таму, што Максіму падабаецца тое, чым ён цяпер займаецца, ён ставіцца да гэтай працы як да часовай і рыхтуецца да таго, што прыйдзе час, калі ён будзе мець магчымасьць рэалізаваць свае пляны і ідэі.

Часам кажуць, што толькі ідэалістам-рамантыкам уласьціва абіраць любімы занятак справай свайго жыцьця, а людзі разважлівыя займаюцца тым, што дае прыбытак, не прыслухоўваючыся да сваіх памкненьняў. Тацяна Сапач – чалавек пасьпяховы і на староньні пагляд, і на яе ўласную думку. Усё жыцьцё яна робіць тое, што ёй насамрэч падабаецца.

Тацяна Сапач прыехала ў Вільню зь Беларусі дзеля творчае працы 14 гадоў таму – усе гэтыя гады яна стварае на літоўскім нацыянальным тэлеканале штотыднёвую беларускую перадачу “Віленскі сшытак”. Дзякуючы ёй перадача сталася самастойнай зьявай культуры, якая пераўзыходзіць узровень традыцыйнай тэлепрадукцыі для нацыянальных меншасьцяў. Паводле шматлікіх і разнастайных сьведчаньняў, “Віленскі сшытак” высока ацэнены усёй тэлеаўдыторыяй Літвы, ня толькі беларускамоўнай – і пры гэтым перадача зьяўляецца значным даробкам у беларускім тэлемастацтве. Адна са слухачак сказала, што ў Тацяны – царская праца.

(Сапач: ) “Работа сапраўды царская. Па той прычыне, што любімая. З боку гледзячы, сапраўды можа здацца, што за гэтым няшмат чаго стаіць. Нікому з тых, у каго я бяру інтэрвію, зь кім размаўляю, невядома, што пасьля ёсьць яшчэ мантаж, прагляд, ёсьць яшчэ ўсялякія розныя рэчы павольныя, марудныя. А мне весела зь людзьмі размаўляць і радасна”.

Паводле псыхолягаў, самы верны тэст, які вызначае, ці займаецца чалавек сапраўды сваёй улюбёнай працай – гэта папрасіць яго адказаць на пытаньне: ці працягваў бы ён займацца тым самым надалей, калі б у яго было шмат грошай і не было пільнай патрэбы працаваць.

(Сапач: ) “На самой справе я працую ня дзеля грошай. Калі б так здарылася, што ў мяне было б больш грошай, чым цяпер, дык я стала б працаваць проста болей”.

Здаецца, што ў гэтым ёсьць пэўнае супярэчаньне, але Тацяна тлумачыць, што цяпер яна абмежаваная заяўкамі свайго працадаўцы – літоўскага тэлебачаньня, якое вызначае ёй тэмы, час мантажу й гэтак далей. Калі б была магчымасьць самастойна гэта вызначаць, дык Тацяна значна больш часу выдаткавала б на пошук і падрыхтоўку матэрыялаў.

(Сапач: ) “Мы ўсе выбіралі гэтую прафэсію, прафэсію журналіста, не таму, што яна будзе прыносіць нейкія вялікія грошы, а таму, што гэта – наша ўлюбёная справа, наш занятак. І таму мы працягваем займацца гэтай справай і надалей”.

Здараецца і так, што ў адной сям’і камусьці пашанцавала больш, і ён ужо добра ведае, чым будзе займацца, а другі яшчэ толькі шукае сябе.

Андрэй Самохін жыве ў Даніі. Андрэй па спэцыяльнасьці – электраінжынэр, але працаваць у гэтай якасьці яму амаль не давялося.

(Самохін: ) “Проста я не хацеў. Я займаўся бізнэсам. У той час бізнэс прыносіў больш грошай, чым праца інжынэра”.

У Даніі Андрэй паступіў вучыцца яшчэ раз, каб найлепш засвоіць былую спэцыяльнасьць у новых умовах.

(Самохін: ) “Нам залічылі чатыры гады, якія мы адвучыліся ў Беларусі, і сказалі, што, маўляў, цяпер у вас свабодны доступ на рынак працы, можаце шукаць працу. Мы паспрабавалі, але высьветлілася, што гэта бессэнсоўна, таму што быў вялікі перапынак, а ў дадатак у Беларусі мы па спэцыяльнасьці не працавалі. І цяпер вярнуцца да былой спэцыяльнасьці даволі цяжка. Ох, а так, у прынцыпе, мне ня вельмі падабаецца...”

Таму што Андрэй хацеў бы займацца –

(Самохін: ) “Бізнэсам. Але тут гэта вельмі цяжка, таму што тут патрэбныя вялікія грошы на тое, каб заняцца бізнэсам”.

І на пытаньне, ці не адчувае ён пэўнага дыскамфорту ад таго, што вымушаны займацца тым, што яму не падабаецца, Андрэй адказвае шчыра:

(Самохін: ) “Адчуваю. Але іншага выйсьця пакуль няма. Можа, што-небудзь будзе ў будучым”.

Жонка Андрэя Галіна паглядзела на сытуацыю, у якой апынулася іх сям’я, як на магчымасьць рэалізаваць свае мары і пачаць рабіць тое, што сапраўды падабаецца. У свой час, яшчэ ў Менску, Галіна пачынала вучыцца на праграміста, але потым перавялася на іншую спэцыяльнасьць – яна шчыра прызнаецца, што проста пабаялася складанасьці прадметаў.

(Самохіна: ) “Але мне гэта заўсёды падабалася, і ў мяне гэта атрымлівалася. І калі тут трэба было рабіць свой выбар, дык я вырашыла пайсьці вучыцца менавіта на праграміста. Праграмістам значна прасьцей знайсьці працу, гэта можа быць ня толькі нейкая праграмісцкая фірма, можна і ў банку ўладкавацца”.

Галіне цяпер 34 гады, і памяняць сваё жыцьцё ёй давялося ўжо ў сталым узросьце. Яна не пабаялася гэтых зьменаў. Галіна заўважае, што наадварот, цяпер вучоба дае ёй значна больш, чым у маладосьці, таму што чалавек ставіцца да яе значна больш сур’ёзна і ўважліва:

(Самохіна: ) “Калі малады, дык пра гэта ня думаеш, абы здаць іспыты, а як, якім чынам – гэта ўжо неістотна. У 34 гады да гэтага падыходзіш больш уважліва, вучысься зь першага ж дня, бачыш перад сабой мэту і добра ведаеш, што чым лепш скончыш інстытут, тым лепшую працу знойдзеш, натуральна, зь лепшым заробкам”.

Галіну не запалохала нават тое, што падручнікі, па якіх даводзіцца вучыцца, выдадзеныя на ангельскай мове, а яна ведала толькі нямецкую. Яна была гатовая да перашкодаў, якія могуць яе напаткаць.

(Самохіна: ) “З самага першага дня, калі я пайшла вывучаць дацкую мову, я ўжо ведала, што я пайду вучыцца на праграміста, ведала, куды, для мяне проста ня было іншага варыянту дзейнасьці, якая была б для мяне цікавай і якой я магла б зарабляць грошы”.

У Галіны не было сумневу ў тым, што яна нарэшце знайшла сябе. І нават калі б была магчымасьць нешта зьмяніць ды пачаць усё спачатку –

(Самохіна: ) “Я б ізноў абрала праграмаваньне. Я не магу сябе ўявіць зь іншай спэцыяльнасьцю”“Вось гэтыя 10 гадоў, калі я не займалася праграмаваньнем і не вучылася, на маю думку, былі змарнаваныя, і таму было вялікае жаданьне пачаць вучыцца”.

Пошук сябе й свайго мейсца ў жыцьці ня позна пачаць у любым узросьце, памяняць старыя пляны і меркаваньні дзеля таго, каб стаць шчасьлівым і пасьпяховым. Марыя Чоўдхуры жыве ў Таронта й працуе асыстэнтам мэнэджэра аптэкі.

(Чоўдхуры: ) “Мы абслугоўваем некалькі тысячаў пацыэнтаў рознага ўзросту, прымаем рэцэпты ад іх. Побач з намі знаходзіцца клініка, і часьцяком пацыенты з рэцэптам ад лекара ідуць да нас, і мы дапамагаем ім”.

Аптэка, у якой працуе Марыя, таксама ладзіць кансультацыі для мэдыкаў ,што да новых лекаў. Для інвалідаў і пэнсіянэраў створаная спэцыяльная служба – іх забясьпечваюць камплектам лекаў адразу на тыдзень і прывозяць дамоў. Марыя пра ўсё гэта распавядае з захапленьнем, якога, напэўна, цяжка чакаць у гэтай сытуацыі ад географа.

(Чоўдхуры: ) “Гэта вельмі далёка ад маёй прафэсіі, ад той адукацыі, якую я атрымала ў свой час. Але ж у Канадзе, якая для мяне адносна новая краіна, я тут толькі 4 гады, усё трэба пачынаць з нуля. Калі знойдзецца сіла волі і час, а таксама грошы на новую адукацыю, на новыя пошукі сябе, дык застаецца толькі пажадаць: “У добры час!”

На думку Марыі, вельмі важна, каб чалавек заўсёды быў гатовы найперш убачыць тыя магчымасьці, якія яму прапануе жыцьцё, а потым гэтыя магчымасьці пасьпяхова рэалізаваць.

(Чоўдхуры: ) “Я заўсёды была гатовая ўзяцца за тое, што прапанаваў мне лёс. Мне даводзілася працаваць перакладчыкам, мне даводзілася працаваць выкладчыкам. А цяпер – зусім новая прафэсія, новая сфэра для мяне –фармакалёгія. І я задаволеная гэтым, гэта мне цікава. Калі б мне давялося абіраць прафэсію менавіта цяпер, я б абрала фармацэўта. Мне вельмі падабаецца гэтая праца”.

Цяпер Марыя імкнецца даведацца пра сваю новую спэцыяльнасьць як мага болей, стаць сапраўдным спэцыялістам у гэтай галіне, давесьці да дасканаласьці свае веды і здольнасьці. Пра тое, як пошукі дасканаласьці дапамагаюць на шляху да посьпеху – у наступнай праграме цыклю “Беларусы за мяжой”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG