Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Opus Dei”


Кастусь Бандарук, Прага У Царкве здаўна існуе падзел на духавенства і сьвецкіх. Традыцыйна сьвятарскі сан лічыцца вышэйшым за статус сьвецкіх вернікаў. Ідэалам хрысьціянскага жыцьця да сёньняшняга дня застаецца манаства і цэлібат, а сьвятыя ў асноўным паходзіць зь іх ліку. Аднак у самой рымска-каталіцкай Царкве існуе арганізацыя, якая лічыць, што сьвятасьці можа дасягнуць кожны, ў любым статусе і на любым месцы. Гэта Опус Дэі – “Божая Справа”.

Летась бэстсэлерам у ЗША аказалася кніга Дана Браўна “Код Леанарда да Вінчы”. Гэта тыповы дэтэктыў, у якім, аднак, шэраг рэлігійных элемэнтаў: пра таямнічы Ордэн Сыёну, боскасьць Хрыста, лёс вялікай рэліквіі – Келіха Хрыстовага – Грааля, і сэнсацыйныя зьвесткі пра сучасную Царкву. На аўтара кнігі пакрыўдзілася за блюзьнерствы і скажэньне гістарычных фактаў шмат тэолягаў, у прыватнасьці – магутная, каталіцкая арганізацыя Опус Дэі.

Наша даведка: “Опус Дэі” значыць “ Божая Справа”. Гэтую арганізацыю заснаваў 2 кастрычніка 1928 году гішпанскі каталіцкі сьвятар Хозэмарыя Эскрыва дэ Балягэр. У 2002 годзе Папа Ян Павал ІІ далучыў яго да ліку сьвятых. Асноўны лёзунг Опус Дэі – “знаходзіць Бога ў працы і штодзённым жыцьці”. Эскрыва падкрэсьліваў, што да сьвятасьці пакліканыя ўсе, і духавенства, і сьвецкія, а шлях да яе неабавязкова вядзе цераз надзвычайныя ўчынкі, але цераз руплівую, ахвярную працу і належнае выконваньне сваіх штодзённых абавязкаў. Пасьля Хозэмарыі Эскрывы арганізацыю ўзначальвае біскуп Альвара дэль Партылла, які падлягае толькі Папу. Жанатыя альбо замужнія сябры арганізацыі называюцца “супэр-нумэрарыямі”, а цэлібатнікі – “нумэрарыямі”.

Опус Дэі дзейнічае на ўсіх кантынэнтах. Займаецца Опус Дэі пэдагагічнай, выдавецкай, дабрачыннай і місіянэрскай дзейнасьцю, кіруе такімі вучэльнямі, як прэстыжны Наваррскі ўнівэрсытэт у Памплёне і школа бізнэсу IESSE ў Барсэлёне. Зараз арганізацыя налічвае 85 тысяч сяброў. 5% зь іх гэта сьвятары.

Опус Дэі пакуль ня дзейнічае ў Беларусі, але прэлятуры гэтай арганізацыі актыўныя ў суседніх краінах: Расеі, Польшчы, Эстоніі, Славаччыне, Чэхіі. У Варшаве жыве беларус Андрэй Сьвярбут, які належыць да Опус Дэі, аднак мне не ўдалося зь ім зьвязацца. Затое я паразмаўляў з духоўным апекуном Опус Дэі ў Польшчы, айцом Стэфанам Машора-Дамброўскім, актывістам руху Эрхардам Газдам і шараговым сябрам – настаўнікам Марцінам Людвіцкім. Я пацікавіўся ў іх: што новае, незвычайнае прапануе Опус Дэі? Вось, што сказаў Эрхард Газда:

(Газда: ) “У сэнсе царкоўнай дактрыны ў гэтым няма нічога новага. Гэта проста напамін пра тое, што калі я хачу дасягнуць сьвятасьці, я ня мушу стаць сьвятаром, манахам, ці пустэльнікам. Наадварот. Трэба быць сапраўды добрым мужам, добрым бацькам, добрай жонкай, добрым рабочым, добрым настаўнікам ці рамесьнікам. Хозэмарыя Эскрыва гаварыў: “Вельмі сумна, што ён – добры каталік, але вельмі дрэнны шавец”.

Хрысьціяне заўсёды былі нармальнымі людзьмі: вайскоўцамі, гандлярамі, сялянамі. Опус Дэі – гэта не процівага манаскаму жыцьцю. У Царкве патрэбныя манахі, гэта духоўная моц Царквы, але ня кожны мусіць быць манахам. Людзі неабавязкова мусяць ведаць пра нашыя імкненьні. Ня трэба сутанай ці манаскай расай паказваць навонкі свае духоўныя памкненьні, ня трэба дзіўна апранацца і дзіўна выглядаць. Опус Дэі ня мае ніякіх сакрэтаў. Гэта выява натуральнасьці. З духоўнага жыцьця ня трэба рабіць паказухі. Калі б я гучна заявіў, што імкнуся стаць сьвятым, на мяне паглядзелі б як на вар’ята. Хай людзі ацэньваюць мяне па тым, як жыву і як сябе паводжу, а не па тым, як я апрануты.

Сутнасьць Опус Дэі ў тым, каб нагадаць усім, што сьвятасьці трэба шукаць там, дзе яны знаходзяцца, каб ня думалі пра экстраардынарныя, дзіўныя формы жыцьця. Бог чакае сьвятасьці ад кожнага чалавека. Гэта значыць, што ў адпаведнасьці са сваім сумленьнем кожны чалавек павінен добра выконваць свае штодзённыя абавязкі, свае заданьні. Зразумела, гэта тычыцца тых, хто ахрышчаны, і хто хоча быць добрым хрысьціянінам. Бог патрабуе ад нас, каб усе мы былі сьвятымі, і каб гэтай сьвятасьці шукалі ў штодзённым жыцьці”.

Эрхард Газда кажа, што неабавязкова быць манахам. Аднак цягам стагодзьдзяў Царква лічыла ідэалам хрысьціянскага жыцьця менавіта манаства і цэлібат. Каб атрымаць збаўленьне, трэба адмовіцца ад гэтага грэшнага сьвету, ад сямейнага жыцьця, ад багацьця, найлепш адгарадзіцца ад гэтага сьвету манастырскімі сьценамі. Ксёндз Стэфан Машора-Дамброўскі кажа, што разбурэньне гэтага стэрэатыпу – бадай, галоўная заслуга заснавальніка “Опус Дэі”.

(Дамброўскі: ) “Я думаю, што моцны бок Хозэмарыі ў тым, што ён падкрэсьліваў каштоўнасьць гэтага сьвету. У Сьвятым Пісьме неаднойчы гаворыцца, што “сьвет ляжыць у зьле”, што гэта – вораг чалавека, неспрыяльнае месца для ўнутранага ўдасканаленьня. Але ж у Сьвятым Пісьме гаворыцца, што сьвет – гэта божы твор, і Бог стварыў яго прыгожым і дасканалым. Вось таму Хозэмарыя Эскрыва лічыць, што застаючыся ў гэтым сьвеце, любячы яго, можна знайсьці Бога. Гэта вельмі сьвецкі шлях да Бога. Інакш кажучы, ня трэба адмаўляцца ад гэтага сьвету, закрывацца ад яго ў манастырскіх сьценах – паводле Опус Дэі, трэба быць у сьвеце і гэткім чынам выконваць божую волю”.

Вакол Опус Дэі ўзьнікла своеасаблівая “чорная легенда”. Паводле яе, сябры арганізацыі адыгралі вялікую ролю ў часе кіраваньня генэрала Франка ў Гішпаніі, у вайсковых пераваротах у Лацінскай Амэрыцы, у тайных фінансавых махінацыях Ватыкану і гэтак далей. Некаторыя называюць Опус Дэі “царкоўнай мафіяй”, кажуць, што арганізацыя імкнецца да ўлады на Царквою і ўсім сьветам, што вярбуе людзей найболей ўплывовых. Да Опус Дэі належаць прэс-сакратар Ватыкану Ёахім Навара-Вальц, духоўнік Папы біскуп Дзівіш, былы мэр Ню Ёрку Рудольф Джульяні, прэзыдэнт ЮНЭСКА Фэдэрыка Мэйджар, былы прэзыдэнт Міжнароднага Алімпійскага Камітэту Хуан Антоніё Самаранч, кіраўнік ФБР Луі Фрых, кіраўнікі дзяржаваў, урадаў, банкаў. Адсюль клімат насьцярожанасьці і таямнічасьці вакол Опус Дэі. Ксёндз Стэфан кажа, што гэта непаразуменьне. Трэба рабіць сваё і не хваліцца гэтым.

(Дамброўскі: ) “Менавіта. Хрысьціянства поўнае размаітых парадоксаў. Незвычайнасьць нашага шляху палягае ў тым, каб імкнуцца да вялікага і высокага, але без славалюбства. Гэта значыць жыць у пэўным сэнсе ў цені, прыхавана, без фэервэркаў. Праўда, існуе шэраг плётак і чутак пра Опус Дэі. Гэта вынікае ня столькі зь неразуменьня нас, колькі зь неразуменьня сутнасьці хрысьціянства. Праўдападобна, з часам усё праясьніцца. Зразумела, што мы ня маем чаго хаваць. Калі б гэтак было, дык першымі расчараваліся б ўцяклі, пакінулі нас самі сябры Опус Дэі”.

Гэтак лічыць ксёндз Стэфан Машора-Дамброўскі, духоўны апякун Опус Дэі ў Польшчы. Я пацікавіўся: а якім чынам людзі далучаюцца да Опус Дэі? Чаго ім не хапае ў сваім касьцёле, у сваёй парафіі? Што іх прывабіла і зацікавіла ў гэтай арганізацыі? Вось, што сказаў Марцін Людвіцкі з Варшавы:

(Людвіцкі: ) “Зацікавіла мяне менавіта тое, што Опус Дэі прапагандуе і запэўнівае аб магчымасьці стаць сьвятым на сваім месцы, бязь зьмены свайго статусу і месца жыхарства. І Опус Дэі дапамагае выяўляць веліч празаічнага жыцьця. Звычайна, кожны хрысьціянін пакліканы быць сьвятым. Дзеля гэтага ня трэба належаць да Опус Дэі. Аднак досьвед паказвае, што калі рабіць нешта самастойна, гэтага можа не атрымацца. Неабходная дапамога, парада, кіраўніцтва, нейкія сродкі, якія дазваляюць інтэнсіўней расьці ў духоўным сэнсе. Гэтыя сродкі – гэта больш інтэнсіўны ўдзел ў сакрамэнтальным жыцьці і больш інтэнсіўная малітва. Я часьцей чым раз у месяц, як прынята, спавядаюся, штодня ўдзельнічаю ў імшы і прымаю Прычасьце”.

З другога боку, часта маліцца, спавядацца, прыймаць Прычасьце можна колькі заўгодна. Добры хрысьціянін павінен жыць у адпаведнасьці з эвангельскімі запаведзямі, павінен быць сумленны, акуратны, працавіты. Ніхто гэтага не забараняе кожнаму шараговаму католіку, але наадварот – гэта вітаецца. Аднак Марцін Людвіцкі кажа, што ў сваёй асноўнай масе шараговыя каталікі проста гэтага ня робяць, а ён робіць, і пры тым штодня.

(Людвіцкі: ) “Для многіх людзей добра пачаць дзень – гэта, устаўшы, уключыць радыёпрымач, закурыць цыгарэту, выпіць каву, прачытаць газэту. Аднак што тычыцца мяне, дык дзякуючы Опус Дэі я пачынаю дзень з малітвы, з удзелу ў Сьвятой Імшы. Гэта для мяне найлепшы магчымы старт у новы дзень, які я поўнасьцю ахвярую Богу. Я – настаўнік, працую ў школе. Опус Дэі вучыць, што я не магу даць Богу нешта зробленае абы як. Для мяне прыладай асьвячэньня зьяўляецца добра выкананая праца. У гэтым, дарэчы, палягае ўвесь сэнс нашай супольнасьці: асьвячаць сябе і іншых з дапамогай працы, звычайнай, неаднойчы банальнай і шэрай. Гэта можа быць праца настаўніка, прафэсара, журналіста або хатняй гаспадыні. Значыць, трэба рабіць тое, што ўсе, але надаць гэтаму звышнатуральнае вымярэньне”.

У гэтай перадачы мы толькі закранулі пытаньне Опус Дэі. Многае – напрыклад, сапраўдны ўплыў арганізацыі на палітыку ўрадаў, яе фінансы і пазарэлігійныя мэты, застаюцца таямніцай. Можа, і ёсьць у гэтай “Божай Справы” нейкія чалавечыя справы, але адно напэўна вартае перайманьня: шукаць Бога ў працы і штодзённым жыцьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG