Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомельскай вобласьці пашыраецца кампутарнае хакерства


Казімір Яноўскі, Гомель У Гомельскай вобласьці пашыраецца так званае хакерства – несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі. Гэта сьцьвярджаюць супрацоўнікі аддзелу барацьбы са злачынствамі ў сфэры высокіх тэхналёгіяў рэгіянальнай управы міліцыі.

Паводле інфармацыі абласной управы міліцыі, за апошнія два гады колькасьць злачынстваў у сфэры высокіх тэхналёгіяў узвысілася больш як у 4 разы. Пашыраюцца кампутарны сабатаж, хакерства, распаўсюд шкодных праграмаў.

У прыватнасьці, з кампутарным сабатажам – наўмысным зьнішчэньнем адмысловых праграмаў – ужо сутыкаліся Інстытут лесу Нацыянальнай акадэміі навук, аб’яднаньне “Гомсельмаш”. Шкода ў абодвух выпадках перавысіла 100 тысячаў даляраў.

А нядаўна да ахоўнікаў зьвярнуўся дырэктар будаўнічай арганізацыі “Рагачоўпрамбуд” са скаргаю на тое, што ад імя арганізацыі нехта карыстаецца сеткаю Інтэрнэту. Як высьветлілася, хакерам аказаўся непаўнагадовы юнак. Скарыстаўшы праграму “траянскі конь”, ён здолеў скапіяваць кампутарныя файлы будаўнічай арганізацыі з паролямі выхаду ў Інтэрнэт.

Падобныя крадзяжы – даволі распаўсюджаная зьява. Гаворыць Аляксандр Кулага, начальнік аддзелу “К” – адмысловага падразьдзяленьня барацьбы са злачынствамі ў сфэры высокіх тэхнялёгіяў абласной управы міліцыі:

(Кулага: ) “Несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі з выкарыстаньнем рэквізытаў арганізацыяў і прыватных асобаў – гэта цяпер найбольш распаўсюджанае злачынства. Зьдзяйсьняюцца яны найчасьцей таму, што многія карыстальнікі кампутараў проста ня маюць магчымасьці аплаціць сваю працу ў Інтэрнэце, – кажа начальнік аддзелу “К” абласной міліцэйскай управы Аляксандр Кулага.

Паводле яго, далёка ня ўсе кіраўнікі надаюць належную ўвагу абароне кампутарных праграмаў грашовага забесьпячэньня сваіх арганізацыяў. Даволі часта прадпрыемствы і арганізацыі карыстаюцца неліцэнзійнымі праграмамі, якія найбольш даступныя ўзлому так званых хакераў.

Сустракаюцца ўжо факты крадзяжу грошай з плястыкавых картак: нядаўна з тэрыторыі суседняй Польшчы невядомы зламысьнік абчысьціў плястыкавую картку жыхаркі Гомеля, кліенткі “Прамбудбанку”.
XS
SM
MD
LG