Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Амэрыканскія навукоўцы стварылі мікраскапічных “біяробатаў”


Ганна Соусь, Прага Навукоўцы з Каліфарнійскага ўнівэрсытэту ў Лос-Анжэлесе стварылі міні-робатаў, якія ў будучым можна будзе выкарыстоўваць для лячэньня хваробаў і траўмаў. Міні-робаты выраблены з клетак сэрца пацука. Навукоўцы лічаць такіх робатаў эфэктным прыкладам таго, як біятэхналёгія можа спалучацца з нанатэхналёгіямі.

Велічыня мікраскапічнага біяробата – як дыямэтар чалавечага воласа. І клеткі мускулаў, якія выкарыстоўвалі дасьледчыкі для стварэньня робата, прыкладна гэткага ж памеру як найменшы мускул, знойдзены ў прыродзе – мускул воднай блыхі.

Робаты ствараліся наступным шляхам: сардэчныя клеткі пацука дадаваліся да мікраскапічных сіліконавых чыпаў. Клеткі могуць рухацца без аніякага вонкавага ўзьдзеяньня. Гэтак званыя біяробаты нагадваюць мініятурную пару ног жабы, якія адыходзяць ад яе цела на 45 градусаў.

Ці можна лічыць такія робаты сапраўды жывымі істотамі? Гаворыць адзін з распрацоўшчыкаў робатаў прафэсар Карло Мантэмагна:

(Мантэмагна: ) “Яны абсалютна жывыя. Гэта гібрыд жывога і нежывога. Вы маеце нежывы шкілет і жывыя мускулы, такім чынам, гэта жывая істота. Гэта крыху нагадвае, калі нехта атрымлівае штучнае бядро, у нашым выпадку мы мяняем увесь касьцяк. Менавіта гэта мы робім”.

Праект першапачаткова распрацоўваўся для касьмічнага агенцтва НАСА, якое шукала новыя ідэі і тэхналёгіі для дапамогі будучым астранаўтам. НАСА фінансавала працу прафэсара Мантэмагны і ягоных студэнтаў у стварэньні робатаў. НАСА можа паспрабаваць выкарыстоўваць біяробатаў, каб паглядзець, як чалавечыя мускулы атрафіруюцца падчас доўгатэрміновага касьмічнага палёту.

Сардэчным клеткам, якія пакуль былі ўзятыя толькі ад пацукоў, не патрэбен электрычны зарад для ўзбуджэньня. Мантэмагна гаворыць, што ягоная каманда спадзяецца ў будучыні стварыць робатаў з выкарыстаньнем сардэчных клетак чалавека.

Разьвіцьцё такіх мікраскапічных бія-кампутараў магло б істотна зьмяніць мэдыцыну. Напрыклад, іх можна было б выкарыстоўваць для лячэньня пацыентаў, якія маюць пашкоджаньне сьпіннога мозгу, што перашкаджае мозгу задаваць дыяфрагме дыхальную функцыю.

Мантэмагна лічыць, што біяробаты маглі бы тэарэтычна вымяраць кісларод і склад крыві і выкарыстоўваць гэтыя дадзеныя, каб стымуляваць дыханьне чалавека.

Паводле Мантэмагны, выкарыстоўваць робатаў можна і па-за межамі мэдыцыны – напрыклад, у мікраскапічных прыборах, для запраўкі кампутарных чыпсаў.

Нанатэхналёгія (ці апэрацыі з малекуламі) лічыцца галіной з вялікімі магчымасьцямі. Некаторыя наначасьціны ўжо ўключаныя ў некаторыя касмэтычныя прадукты ды іншыя матэрыялы дзеля павелічэньня іх эфэктыўнасьці. Нанатэхналёгію выкарыстоўваюць каб павялічыць памер памяці на кампутарных дыскаводах ці ў якасьці кампанэнтаў ў супрацьгрыбковых фарбах. Некаторыя ж навукоўцы засьцерагаюць ад выкарыстаньня нанатэхналёгіяў, кажучы, што гэта можа мець доўгатэрміновы разбуральны эфэкт.
XS
SM
MD
LG