Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На сходах прадпрымальнікаў зьбіраюцца подпісы за адмену ПДВ


Міхал Стэльмак, Менск Беларускія прадпрымальнікі працягваюць падрыхтоўку да аднадзённага агульнацыянальнага страйку, які прызначаны на 10 лютага. Зараз праходзіць збор подпісаў у падтрымку калектыўнага звароту да ўраду з патрабаваньнем адмены падатку на дабаўленую вартасьць.

У розных рэгіёнах 5 лютага прайшлі прадпрымальніцкія сходы, на якіх абмяркоўвалася сытуацыя з падаткам на дабаўленую вартасьць. У Менску, напрыклад, такі сход адбыўся на рынку “Дынама”:

(Спадарыня: ) “У сувязі з тым, што падпісана пагадненьне паміж Расеяй і Беларусьсю, міністэрства па падатках і зборах вырашыла, што мы яшчэ зьяўляемся плацельшчыкамі падатку на дабаўленую вартасьць. Гэта 18 працэнтаў ад закупачнай вартасьці тавару”.

(Спадар: ) “Тут засталося 20 працэнтаў прадпрымальнікаў. Трэба падымаць “Дынама”. Прадпрымальнікам патрэбна дапамагаць. Дапамагаць, а не душыць. Таму што іх мала засталося. Гляньце: свабодныя месцы”.

(Спадарыня: ) “Наагул нічога ня робіцца, але новы падатак уводзіцца. Прычым, 18 працэнтаў – гэта цяжка ўявіць”.

(Іншы спадар: ) “Нам нават няма магчымасьці працаваць. Таму што прыйдуць, правераць, а паказаць няма чаго. Канфіскуюць, і ўсё”.

(Спадарыня: ) “10 лютага прадпрымальнікі ўсіх рынкаў горада-героя ды ўсёй краіны ня будуць працаваць. У нас аднадзённы папераджальны страйк”.

Прадпрымальнікі-“дынамаўцы” актыўна падпісваліся пад зваротам да ўраду пра неабходнасьць адмены падатку.

Гэткія ж настроі і ў прадпрымальнікаў Барысаву. Як паведаміў нашаму радыё іхны лідэр Віктар Гарбачоў, падпісная кампанія ахапіла ўсё мясцовыя рынкі:

(Гарбачоў: ) “У нас ужо 700 подпісаў. Назьбіралі ўмомант. І, я думаю, паўтары-дзьве тысячы да чацьвярга мы прывязем сюды, у Менск. Людзі згодныя спыніць працу 10 лютага, калі ня пойдуць на саступку”.

Між тым, кіраўніцтва Барысаўскага гарвыканкаму сьцьвярджае, што ў прадпрымальніцкім асяродзьдзі нічога ня адбываецца. Напрыклад, як зазначыў намесьнік старшыні гарвыканкаму Іосіф Зубовіч, ён ня чуў пра прадпрымальніцкія праблемы з падаткам:

(Зубовіч: ) “Ні аднаго прадпрымальніка ў мяне ў кабінэце на гэтую тэму ня было”.

Тым часам у Пінску мясцовыя гандляры страйкуюць ужо пяць дзён. Як паведаміў іхны лідэр Сяргей Касьцюковіч, сёньня тут таксама адбыўся сход, на якіх вырашана працягваць акцыю:

(Касьцюковіч: ) “Сёньня пасьля сходу я быў запрошаны ў міліцыю, для дачы тлумачэньняў наконт сходу. Пыталіся: чаму мы праводзім сходы на рынку, а не ў закрытым памяшканьні. Я кваліфікую гэта як спробу ўладаў аказаць ціск, у прыватнасьці, на мяне”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG