Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія тэмы з гісторыі другой усясьветнай вайны найбольш цікавяць жыхароў Гомеля?


Казімір Яноўскі, Гомель “Мы рыхтуем цыкл перадачаў да 60-х угодкаў заканчэньня другой сусьветнай вайны. Якія тэмы з гісторыі вайны падаюцца вам недастаткова асьветленымі, яснымі, раскрытымі? Што б вы хацелі дадаткова даведацца на гэтую тэму”? Пытаньне тыдня жыхарам Гомеля задаваў наш карэспандэнт.

(Студэнтка: ) “Вайна 1941-1945 гадоў – гэта вайна двух рэжымаў, сталінскага і гітлераўскага. Таму патрэбна яе так і разглядаць”.

(Мужчына: ) “Пра сьмерць Гітлера хацелася б даведацца больш падрабязна. Невядома дакладна: дзе ён памёр, калі? І наогул, ці памёр ён?”

(Мужчына: ) “Думаю, трэба лепей асьвяціць першы год вайны, і асабліва першыя месяцы яе ў 1941 годзе”.

(Мужчына: ) “Ня надта паказана змаганьне беларускага народу ў вайне. Усё ў тумане. Як партызаны ваявалі? Ня ўсе ж аднолькава”.

(Мужчына: ) “Не асьветлена добра жыцьцё беларускага народу, яго клопаты, турботы. Як ён жыў у гэты час, чым займаўся? Што дапамагло беларускаму народу выжыць?”

(Хлапец: ) “Мала напісана, чым займалася на акупаваных тэрыторыях моладзь. Як маладыя людзі перажылі акупацыю? Як змагаліся?”

(Студэнт: ) “Цяпер шырока асьвятляецца дзейнасьць партызанскіх атрадаў. Аднак амаль не асьвятляецца дзейнасьць тых беларусаў, якія змагаліся супраць Чырвонай Арміі”.

(Студэнт: ) “Мала ўвагі надаецца нацыянальным сілам, якія ўдзельнічалі ў вайне. Калі нават нешта пішацца, то вельмі аднабакова. Маўляў, калябаранты злыя, яны былі памагатымі ў немцаў. Падаецца ўсё адназначна. Насамрэч, праблема гэта больш глыбокая. Патрэбныя адмысловыя гістарычныя дасьледаваньні”.
XS
SM
MD
LG