Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пагоршыўся стан здароўя Валянціны Налівайкі, якая трымае галадоўку


Алег Супрунюк, Берасьцейская вобласьць Жыхарка вёскі Яглевічы Івацэвіцкага раёну скардзіцца на боль у нырках і сэрцы, але па-ранейшаму адмаўляецца прымаць ежу.

5 лютага – 19-ты дзень галадоўкі Валянціны Налівайкі. Такім спосабам жанчына спрабуе дамагчыся ад уладаў справядлівага разьбіральніцтва ў яе канфлікце зь мясцовай міліцыяй. Спадарыня Налівайка кажа, што адчувае слабасьць, але ня хоча зьвяртацца да лекараў, бо ў раённым мэдычным аб’яднаньні ставяцца да яе прадузята. Кіраўніцтва гэтага аб’яднаньня тэлефануе жанчыне на хату і ў катэгарычнай форме патрабуе спыніць галадоўку.

Паводле словаў Валянціны Налівайкі, на рэзкае пагаршэньне стану ейнага здароўя паўплывала таксама рэакцыя на галадоўку некаторых чыноўнікаў і публікацыі ў мясцовым друку. Так, пракурор раёну Тамара Стасевіч заявіла, што галадоўка жыхаркі вёскі Яглевічы можа быць зьвязаная зь ейным жаданьнем схуднець, а пракуратура не знайшла парушэньняў з боку міліцыянтаў у дачыненьнях з Валянцінай Налівайкай. Пра міліцэйскую вэрсію канфлікту распавяла на сваіх старонках і дзяржаўная газэта “Івацэвіцкі весьнік”: быццам бы ў часе адной са сваіх паездак жанчына знаходзілася за рулём у нецьвярозым стане і не падпарадкоўвалася патрабаваньням супрацоўнікаў ДАІ.

Спадарыня Налівайка абвяргае гэтую вэрсію, бо падчас той вандроўкі ніхто не патрабаваў ад яе прайсьці абсьледаваньне наконт ужываньня алькаголю. Жанчына кажа, што вытрымаць такі ціск з боку мясцовых чыноўнікаў ёй вельмі цяжка.

(Налівайка: ) “Я зараз, у дадзены момант, разумею Чачэнію, і тых людзей, што даведзеныя да адчаю. Цалкам у такім становішчы знаходжуся зараз і я. Іншы раз прыходзяць думкі, каб пайсьці ў міліцыю і падарваць сябе. Разумееце, я ў такім адчаі і ня ведаю, што рабіць. Калі вакол падман і ўсё вакол павязана”.

На наступным тыдні Валянціна Налівайка зьбіраецца прыехаць у Менск, дзе яе абяцаў прыняць адзін з намесьнікаў міністра ўнутраных справаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG