Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будзе ў Эўразьвязе побач з нацысцкай забароненая і камуністычная сымболіка?


Сяргей Астраўцоў, Прага Група дэпутатаў ад былых камуністычных краінаў у Эўрапейскім парлямэнце прапануюць камуністычныя сымбалі разглядаць адпаведна таму, як разглядаюцца нацысцкія. Дэпутатаў падштурхнула да гэтага паведамленьне аб тым, што камісар Эўразьвязу ў справах юстыцыі Франка Фраціні разглядае пытаньне аб тым, каб забараніць у краінах Зьвязу нацысцкія сымбалі накшталт свастыкі. На прэс-канфэрэнцыі ў Брусэлі ў чацьвер гэтыя дэпутаты зазначылі, што злачынствы нацысцкіх і камуністычных рэжымаў былі, прынамсі, аднолькава жорсткія.

Франка Фраціні ў мінулым месяцы паведаміў, што прадумвае магчымасьць юрыдычна забараніць нацысцкія сымбалі. Кампанію за тое, каб забараніць і камуністычныя сымбалі — серп з молатам і чырвоную зорку — узначаліў дэпутат ад Вугоршчыны Ёжэф Шаер. Ён — адзін з намесьнікаў кіраўніка фракцыі кансэрватыўнай Народнай партыі ў Эўрапейскім парлямэнце. Разам зь ім у кампаніі ўдзельнічае былы літоўскі прэзыдэнт Вітаўтас Ляндзбэргіс. Шаер сказаў рэпарцёраў у чацьвер, што пісьмова выклаў Фраціні свае прапановы.

Шаер, Ляндзбэргіс і яшчэ чатыры дэпутаты патлумачылі, што яны не патрабуюць суцэльнай забароны камуністычных сымбаляў. Шаер сказаў, што мова ідзе пра краіны Эўразьвязу. Ён зазначыў, што Вугоршчына забараніла ў сябе сымбалі абедзьвюх ідэалёгіяў.

Гэтая справа выявіла адрознасьць паміж некаторымі з новых удзельнікаў Эўразьвязу і старымі ўдзельнікамі. Большасьць новых пацярпела ад камуністычнага рэжыму. У заходнеэўрапейскіх краінах, аднак, нацызм часьцей разглядаецца як большае зло. Ёжэф Шаер патлумачыў сваю пазыцыю:

(Шаер: ) “Я жыву ў краіне, якая не была такой удачлівай, як, напрыклад, Італія. Мы зьведалі абедзьве таталітарныя сыстэмы. І для нас, грамадзянаў Вугоршчыны, соцень і мільёнаў, хто быў у савецкіх канцэнтрацыйных лягерах у Расеі, цалкам зразумела, што вы ня можаце вызначыць адрозную асаблівасьць гэтых двух таталітарных рэжымаў дваццатага стагодзьдзя”.

Шаер сказаў, што калі Эўропа мае падвесьці маральныя вынікі сваёй мінуўшчыны, яна павінна зьвярнуцца да злачынстваў абодвух рэжымаў.

Чэскі дэпутат Эўрапейскага парлямэнту Ян Заградзіл зазначыў, што Заходняя Эўропа выкарыстоўвае падвойныя стандарты, калі мова заходзіць пра камунізм. Маўляў, сярод інтэлектуальных элітаў дагэтуль ёсьць людзі, якія шчыра вераць, што ўсе камуністы былі добрымі хлопцамі з добрымі ідэямі. Дэпутат ад Эстоніі Тунэ Келам падкрэсьліў, што Другая сусьветная вайна была “вырабам” таго, што ён назваў “сяброўствам” Гітлера і Сталіна. Ён сказаў, што ў Эўропе існуе патрэба ў яснай ацэнцы злачынстваў камунізму. Інакш, сказаў ён, дзесяткі мільёнаў ахвяраў камунізму ва Ўсходняй Эўропе і Расеі рызыкуюць быць расцэненымі як “другаразрадныя” ахвяры побач з тымі, хто пацярпеў ад нацызму.

Ёжэф Шаер сказаў, што некаторыя ўсходнеэўрапейскія дзеячы крытычна ставяцца да палітыкаў Эўразьвязу, якія разглядаюць левыя рэжымы значна больш лагодна. Група Шаера выступае, напрыклад, супраць скасаваньня санкцыяў Эўразьвязу адносна Кубы і за санкцыі ў дачыненьні Кітаю.
XS
SM
MD
LG