Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На апазыцыянэра завялі крымінальную справу пасьля таго, як ён папрасіў прытулку ва Ўкраіне


Любоў Лунёва, Менск Актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандар Ваўчанін заяўляе, што жодзінскія праваахоўчыя органы намагаюцца яго запалохаць. Яго абвінавачваюць у паклёпе на беларускія спэцслужбы.

25 студзеня Аляксандар Ваўчанін падаў заяву на імя ўкраінскага прэзыдэнта Віктара Юшчанкі з просьбай палітычнага прытулку ва Ўкраіне. Ён спасылаўся на тое, што ў Беларусі існуе небясьпека для ягонага жыцьця з боку беларускіх спэцслужбаў. Некаторыя СМІ надрукавалі яго зварот да ўкраінскага прэзыдэнта.

Аляксандар Ваўчанін паведаміў Радыё Свабода, што 3 лютага да яго на працу прыйшоў пракурор Жодзіна Віктар Літвіненка. Ён запатрабаваў, каб Ваўчанін паставіў свой подпіс на публікацыі звароту ў “Народнай волі” і на дакумэнце, дзе было напісана, што супраць актывіста АГП распачалі крымінальную справу за паклёп на беларускія спэцслужбы.

(Ваўчанін: ) “На паперцы было няясна напісана — адміністрацыйная ці крымінальная справа за паклёп на спэцслужбы. Але ніякіх пратаколаў не было… Я напісаў на гэтай паперцы, што буду размаўляць толькі з генэралам Тарлецкім, якому давяраю, якога я асабіста ведаю. Я хачу, каб у Рэспубліцы Беларусь гэта ўсё праверылі. Мне ж не далі нават і паперы. У кабінэце галоўнага лекара гэта ўсё і адбылося”.

Сёньня ў жодзінскай пракуратуры не ўдалося застаць на месцы самога пракурора Віктара Літвіненку. Намесьнік пракурора Ігар Дамаронак інфармацыю аб крымінальнай справе не абверг і не пацьвердзіў.

(Дамаронак: ) “Я не магу камэнтаваць гэтую інфармацыю… А Літвіненка можа распачынаць любую крымінальную справу”.

У пракуратуры Жодзіна паведамілі, што больш падрабязную інфармацыю можна будзе атрымаць толькі 7 лютага.
XS
SM
MD
LG