Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Зэльве здарыўся пажар у хаце, дзе жыла паэтка Ларыса Геніюш


Міхась Скобла, Менск У мястэчку Зэльва днямі ледзь не згарэла хата паэткі Ларысы Геніюш. Пажар заўважылі суседзі й пасьпелі патушыць агонь у спальні ды выкінуць на вуліцу ахопленую полымем вопратку п’яных насельнікаў хаты.

Хаце больш за сто гадоў, і яна належала яшчэ сьвёкру паэткі Яну Геніюшу. Ларыса Геніюш жыла ў ёй два гады да вайны, і пасьля вяртаньня з Гулагу – з 1956 аж да самай сваёй сьмерці ў 1983.

Тут напісаныя яе знакамітая “Споведзь” ды паэтычныя кнігі “Невадам зь Нёмана” й “На чабары настоена”. У хаце ў розны час гасьцявалі Васіль Быкаў, Максім Танк, Уладзімер Караткевіч, Мікола Ермаловіч, Зянон Пазьняк ды многія іншыя слынныя дзеячы айчыннай культуры.

Пасьля сьмерці паэткі будынак стаў дзяржаўнай уласнасьцю, і ў яго засялілі выпадковых людзей.

Гаворыць сваячка Ларысы Геніюш Алена Канюшэўская, якая раней жыла ў геніюшаўскай хаце:

(Канюшэўская: ) “А халера іх ведае, што там за людзі, я іх ня ведаю, і не хачу туды хадзіць. Бо як пагляну на гэтую хату, мне балюча робіцца. Людзі гэтыя жылі раней у шматкватэрным доме, але выпівалі й не плацілі за кватэру. Іх адтуль выселілі й засялілі ў Геніюшаўскі дом. Калі б пажар ноччу адбыўся, то ўсё згарэла б: суседзі ледзь пасьпелі патушыць спальню, дзе ўжо падлога занялася, і ватоўку з агнём на вуліцу выкінулі. Хіба можна было такіх безадказных людзей у гэтую хату засяляць? Але ж знаеце, якая наша ўлада: што хоча, тое й робіць.”

Спадарыня Алена добра памятае паэтку:

(Канюшэўская: ) “Я, як малая была, часта хадзіла да Ларысы Антонаўны, і кніжкі яе чытала, яна мне пра сваё жыцьцё расказвала. Я й цяпер цікаўлюся, дзе што пра яе пішуць.”

Гадоў пяць таму ў зэльвенскі гарвыканкам быў накіраваны падпісаны зэльвенцамі ліст з просьбай надаць вуліцы Савецкай імя Ларысы Геніюш, а ў самой хаце адчыніць літаратурны музэй.

(Канюшэўская: ) “Можна было б і перайменаваць, хай была б памяць. У хаце павінен быць музэй, я так думаю. У нас тут нават гавораць, што скінуліся б, калі ва ўлады грошай няма. Скінуліся б на рамонт, а чаму б не.”

На зварот грамадзкасьці пра годнае ўшанаваньне славутай зямлячкі з Зэльвенскага гарвыканкаму адказу да гэтай пары няма.
XS
SM
MD
LG