Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Верагодная прычына сьмерці жанчынаў у Гомелі – памылка тэхніка, які пусьціў вуглякіслы газ


Юры Дракахруст, Прага Як мы паведамлялі ўчора, у Гомельскім гарадзкім радзільным доме дзьве жанчыны памерлі амаль адначасова падчас апэрацыі Кесарава сячэньня. У 21-гадовай Інгі Карамышавай гэта былі першыя роды, у 34-гадовай Натальлі Кухарчык – пятыя. Народжаныя дзеці –хлопчык і дзяўчынка – жывыя.

Пракуратура Цэнтральнага раёну Гомеля распачала крымінальную справу па факце сьмерцяў. Судова-мэдычная экспэртыза прыйшла да папярэдняй высновы, што прычынай сьмерцяў была тэхнічная памылка апэратара, які падчас апэрацыі замест балёну з кіслародам падключыў балён з вуглякіслым газам.

Пакуль падазраваны тэхнік знаходзіцца на свабодзе, працягваецца сьледзтва. Цяпер у Гомлі працуе таксама камісія на чале з галоўным акушэрам краіны Вольгай Перасадай, якая дасьледуе прычыны трагедыі.

Гомельскія ўлады паведамілі, што сем’ям загіблых будзе аказаная дапамога, прадугледжаная заканадаўствам, асаблівая ўвага будзе нададзеная сям’і Натальлі Кухарчык, у якой засталіся пяць дзяцей.

Апэрацыйныя блёкі Гомельскага гарадзкога раддому апячатаныя. Радзільны дом прымае толькі парадзіх, якія могуць нарадзіць натуральным шляхам. Да высьвятленьня абсатавінаў трагедыі ўсе апэрацыі Кесарава сячэньні будуць рабіцца толькі ў абласным раддоме.

Гл. таксама • У Гомелі пасьля апэрацыі Кесарава сячэньня амаль адначасна памерлі дзьве жанчыны
XS
SM
MD
LG