Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля Кветкі будуць дзеткі


Антаніна Хатэнка, Менск Новая перадача сэрыі "Магія мовы".

Першае сьвята, што сабрала ў нашу хату ці не паўвёскі, моцна запала ў маё дзіцячае сэрца. Ніколі больш я й ня трапіла на такое прыгожае й незвычайнае гуляньне. Маючы гадкоў чатыры ад роду, я шчасьліва зьбірала з маці на стол усялякага смакоцьця.

Сёньня мы займелі новую хату. Талакою ўзьвершылі кветку – перавітае стужкамі бярозавае вецьце, прымацаванае на скрыжаваньні крокваў.

Кветкаю ўласна завуць і само сьвяткаваньне, падчас якога дзеецца штось таемнае: уся ваколіца ўвачавідкі ператвараецца нібы ў адну сям’ю. Людзі сьпяшаюць на Кветку з дарункамі й найлепшымі зычаньнямі, і ўсім хапае прасторы – на танцы, гульні й частаваньне. Гэткую лучнасьць я адчула хіба яшчэ на Купальлі ў 90-я, ладжаным – дзіва – таксама “Талакой”.

Тады ж, гойсаючы між вясёлых гасьцей, пачула, як маладая прыгожая пара ці не ўрачыста абяцала грамадзе: “Пасьля Кветкі будуць дзеткі, бо дома ежа й салома; дома край, як рай”.

Шмат пазьней, сустрэўшы расейскае выслоўе свое хозяйство милее чужого царства, падзівілася: які невычэрпны наш нацыянальны рамантызм, здатны гэтакае ratio – здабываньне дому – падаць у вобразе кветкі ў неба, скуль маюць прылятаць дзеці.

У маленстве ж разважыла: дзеці зьяўляюцца, напэўна, калі ўзносіцца над новай хатай гэткая вось кветка й зьбіраецца гэтакі гаманкі гурт. Тое амаль праўда. Бо дазналася я тады формулу любові, ладу й адказнасьці, найважны закон дому. Дбай пра жытло, пра гняздо роду, а тады ўжо дзетак пладзі – гэтакі маральны закон вякоў чуцён у народным зароку: пасьля Кветкі будуць дзеткі.
XS
SM
MD
LG