Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі парлямэнт зацьвердзіў Юлію Цімашэнку прэм’ер-міністрам


Юры Сьвірко, Кіеў Яна стала трынаццатым кіраўніком украінскага ўраду пасьля 1991 году ды першай жанчынай-прэм’ерам на тэрыторыі СНД. Прэзыдэнт Віктар Юшчанка падпісаў адпаведны ўказ, а таксама прызначыў новых міністраў і кіраўнікоў абласных адміністрацыяў. Юшчанка й Цімашэнка заявілі, што галоўнае заданьне – барацьба з карупцыяй ва Ўкраіне.

Пасьля напружаных кансультацыяў пэрсанальны склад новага кааліцыйнага ўраду быў сфармаваны, і прэзыдэнт Віктар Юшчанка прыбыў у Вярхоўную Раду, каб прадставіць кандыдатуру прэм’ер-міністра. Ён назваў Юлію Цімашэнку сваім палітычным партнэрам і палітычным сябрам, прафэсійным чалавекам, і заявіў:

(Юшчанка: ) “Я маю гонар вам сказаць: мой урад ня будзе красьці. Я ведаю, што гэта фантазія для Ўкраіны, і я ведаю, што мы прызвычаіліся бачыць у тых людзях не партнэраў. Я ведаю, што ў гэтай краіне праблемай нумар адзін ёсьць карупцыя. І пачынаецца яна з галавы. Я хабараў браць ня буду, я красьці ня буду. Я гэтага патрабую ад ураду”.

У сваёй прамове Юлія Цімашэнка прадставіла праграму дзеяньняў ураду на тыя пяць гадоў, на якія абраны прэзыдэнтам Віктар Юшчанка. У праграме шэсьць разьдзелаў, якія называюцца “Вера. Справядлівасьць. Жыцьцё. Гармонія. Сьвет”.

Прадстаўляючы апошні разьдзел, спадарыня Цімашэнка заявіла, што стратэгічным партнэрам Украіны застаецца Расея, але падкрэсьліла:

(Цімашэнка: ) “Наш шлях з вамі ляжыць у Эўропу. І таму мы мусім ухваліць абноўленую нацыянальную стратэгію эўрапейскае інтэграцыі Ўкраіны, стварыць базы для набыцьця Ўкраінай паўнапраўнага сяброўства ў Эўрапейскім Зьвязе ды сфармаваць у грамадзтве стойкую праэўрапейскую большасьць”.

Варта нагадаць, што Юлія Цімашэнка раней заяўляла аб неабходнасьці экспарту ўкраінскае “памаранчавае рэвалюцыі” ў Беларусь.

За яе кандыдатуру прагаласавала 373 дэпутаты Вярхоўнай Рады, якая налічвае 450 мандатаў.

Пасьля гэтага спадарыня Цімашэнка прадставіла новы кабінэт. Першым віцэ-прэм’ерам стаў былы кіраўнік ураду Анатоль Кінах, які займаў гэтую пасаду пасьля Віктара Юшчанкі й да Віктара Януковіча. Пасаду міністра замежных справаў заняў Барыс Тарасюк, які ўжо быў шэфам МЗС, міністра ўнутраных справаў – дэпутат-сацыяліст Юры Луцэнка, а міністра абароны – былы намесьнік кіраўніка выбарчай кампаніі Віктара Юшчанкі ў справах аналітыкі Анатоль Грыцэнка.

Яшчэ два партфэлі дасталіся вядомым паплечнікам цяперашняга прэзыдэнта – міністрам надзвычайных стыуацыяў стаў Давід Жванія, а міністрам транспарту й сувязі – Яўген Чэрваненка.

Таксама ў Вярхоўнай Радзе прэзыдэнт Юшчанка абвясьціў, што прызначыў кіраўніком Службы бясьпекі Ўкраіны Аляксандра Турчынава, аднаго зь лідэраў парлямэнцкага блёку Юліі Цімашэнкі.

Сёньня ж былі падпісаныя ўказы аб новых кіраўніках абласных адміністрацыяў Украіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG