Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія палітыкі па-рознаму камэнтуюць зацьвярджэньне Юліі Цімашэнкі


Алесь Дашчынскі, Менск Беларускія палітыкі камэнтуюць зацьвярджэньне Вярхоўнай радай Юліі Цімашэнкі на пасаду ўкраінскага прэм’ер-міністра і прызначэньне новага "аранжавага" ўраду ва Ўкраіне.

Былы прэм’ер-міністар Беларусі Міхаіл Чыгір адзначыў, што Юлія Цімашэнка ўсё вельмі добра ведае, бо яна працавала ва ўрадзе. Але як жа цяпер будуць складвацца стасункі паміж Менскам і Кіевам?

(Чыгір: ) “Я думаю, што яны былі нармалёвымі і такімі застануцца, іначай нельга: дзьве краіны – дзьве суседкі. А тое, што мы палітычна крыху разыходзімся на гэтым этапе, я думаю, што гэта сур’ёзнага ўплыву на эканамічныя стасункі не акажа: як было так і застанецца ў асноўным. Палітычна ў нас будзе нейкае непаразуменьне ў адносінах, таму што сказаў жа Юшчанка, што яны будуць садзейнічаць таму, каб у Беларусі прайшла дэмакратызацыя. Таму палітычныя разыходжаньні будуць”.

Старшыня дэпутацкай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Вадзім Папоў сказаў, што чакае ад новага ўкраінскага ўраду канкрэтных дзеяньняў.

(Папоў: ) “Я думаю, што ня трэба сьпяшацца з гэтымі камэнтарамі. Я мяркую не па заявах, а па канкрэтных кроках кожнага палітыка ці практычнага работніка. Наша справа працаваць з тым, каго абраў украінскі народ – без усялякіх эмоцый і ўсяго астатняга”.

Намесьнік старшыні АГП, знаны эканаміст Яраслаў Раманчук лічыць, што новы ўкраінскі прэм’ер у рамках паўмёртвага СНД будзе настойваць на рэалістычнай і прагматычнай палітыцы. Ён не выключае, што будзе вялікі супраціў ураду, і лёгкага жыцьця ў спадарыні Цімашэнкі ня будзе.

(Раманчук: ) “Урад Юліі Цімашэнкі будзе ўрадам больш прагматычным, рацыянальным, які будзе сур’ёзна ставіцца да рынкавых рэформаў ва Ўкраіне і наблізіць Украіну да стандартаў Эўразьвязу. І таму я лічу, што ўзаемаадносіны да Беларусі будуць таксама праз прызму правоў чалавека, а ня толькі праз прызму гандлёвага балянсу”.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Вольга Абрамава не дапускае, што прызначэньне "аранжавага" ураду будзе мець вялікае значэньне для беларуска-украінскіх стасункаў.

(Абрамава: ) “Новая ўкраінская адміністрацыя з галавой пагрузіцца ў асабістыя ўнутраныя праблемы – іх ва Ўкраіне больш чым дастаткова. Яна будзе перш за ўсё вырашаць свае пытаньні, а беларуска-ўкраінскія стасункі не падпадуць пад істотнае ўзьдзеяньне асабістых фактараў, хіба што гэта можа быць на роўні ня вельмі значных палітычных дэклярацый”.

Міжнародны каардынатар Хартыі 97, былы намесьнік міністра замежных справаў Андрэй Саньнікаў адзначае той факт, што ўрад Юліі Цімашэнкі фактычна прыйшоў з дэмакратычнай апазыцыі й падтрымліваў стасункі зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі.

(Саньнікаў: ) “Менавіта гэта павінна вызначаць стасункі зь Беларусяй. Яшчэ для нас вельмі важна, што Ўкраіна, прэзыдэнт Юшчанка і ўрад заявілі пра зацікаўленасьць ва ўваходжаньні ў Эўразьвяз, і гэта азначае, што прынцыпы дэмакратычнага разьвіцьця, прынцыпы Эўразьвяза павінны быць вызначальнымі ў стасунках да іншых дзяржаў, у тым ліку да сытуацыі ў Беларусі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG