Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адбылася прэзэнтацыя першага нумару часопісу “ЭЎРАБЕЛАРУСЬ”


Альгерд Невяроўскі, Менск Ягоная тэматыка – праблемы адносінаў Беларусі з Эўрапейскім Зьвязам і пытаньні беларускай зьнешняй палітыкі. Сябры рэдакцыйнай рады новага выданьня гавораць, што галоўная мэта іхнага праекту – наблізіць Беларусь да працэсаў эўрапейскай інтэграцыі.

Часопіс “ЭЎРАБЕЛАРУСЬ” – першае выданьне такой тэматыкі за больш чым 13 гадоў незалежнасьці Беларусі. Яго выдае беларускае Шуманаўскае таварыства – грамадзкае аб’яднаньне, якое мае на мэце папулярызаваць ідэі эўрапейскай інтэграцыі. Гаворыць старшыня Шуманаўскага таварыства і старшыня рэдакцыйнай рады часопісу Ігар Лялькоў:

(Лялькоў: ) “Што ўсіх нас аб’ядноўвае, што ўсіх нас прымусіла рабіць гэты часопіс – гэта тое, што ўсе мы лічым, што нацыянальным інтарэсам Беларусі ёсьць далучэньне да працэсаў эўрапейскай інтэграцыі. І ўсе падзеі альбо зьнешняй палітыкі Беларусі, альбо палітыкі, якія адбываюцца вакол Беларусі мы будзем намагацца падаваць з гледзішча далучэньня Беларусі да працэсаў эўрапейскай інтэграцыі”.

Тэмы першага нумару новага часопісу – гэта ўсходняя палітыка Польшчы і Эўрапейскі Зьвяз, а таксама эўрапейская палітыка Беларусі. Аўтары першага нумару, вядомыя палітолягі з ЗША, Польшчы й Расеі пішуць пра месца Беларусі ў Эўропе і абмяркоўваюць стратэгію Эўразьвязу ў адносінах да новых краінаў-суседзяў. Таксама публікуюцца дакумэнты Міністэрстваў замежных справаў Польшчы й Беларусі адносна гэтай стратэгіі Эўразьвязу, ды думкі незалежных экспэртаў.

Галоўным рэдактарам часопісу стаў былы супрацоўнік Міністэрства замежных справаў, які доўгі час працаваў у беларускім прадстаўніцтве ў Арганізацыі аб’яднаных нацыяў, Карэн Акопаў.

Вось, што ён сказаў у часе прэзэнтацыі выданьня:

(Акопаў: ) “ Мне падаецца гэтая ідэя вельмі актуальнай. Зрабіць такі часопіс каб выказваць свае думкі. Каб правакаваць грамадзтва, правакаваць тых, хто не абыякавы да таго, што робіцца вакол нас. Гэты праект вельмі дарэчы”.

Выдаўцы часопісу гавораць, што на старонках выданьня будзе месца аўтарам з рознымі поглядамі на працэс эўраінтэграцыі Беларусі. Карэн Акопаў спадзяецца, што чытачамі часопісу будуць усе людзі, якія цікавяцца адносінамі Беларусі з Эўропай незалежна ад узросту і прафэсійнай прыналежнасьці.

Першы нумар выйшаў накладам у 200 асобнікаў. Рэдакцыя пакуль плянуе выдаваць часопіс з пэрыядычнасьцю раз на квартал. Цяпер выданьне выходзіць як незарэгістраванае, і пакуль будзе распаўсюджвацца прыватным чынам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG