Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Нямецкі трэнэр, які трэніруе Вікторыю Азарэнку, у інтэрвію "Bild": З часоў Штэфі Граф у мяне яшчэ не было такой здольнай вучаніцы


Ул. інф. Клаўс Гофзэс (Klaus Hofsäß), колішні трэнэр нямецкай тэніснай зоркі Штэфі Граф і цяперашні трэнэр юнай беларускі Вікторыі Азаранкі заявіў у інтэрвію самаму масаваму нямецкаму выданьню “Віld”, што з часоў Штэфі ў яго яшчэ не было другой такой здольнай вучаніцы, як гэтая беларуска.

“У многім яна вельмі падобная на Штэфанію, а ў чымсьці нават перазыходзіць яе”, – лічыць Клаўс Гофзэс.

“Чаму ні ў Нямеччыне, ні ў іншых заходнеэўрапейскіх краінах цяпер няма такіх таленавітых тэнісістак як ва Ўсходняй Эўропе?” – паўтарае Клаўс Гофзэс пытаньне, якое хвалюе многіх ягоных калегаў і спрабуе даць уласны адказ:

(Гофзэс: ) “Гэтыя дзяўчаты больш амбіцыйныя і прагныя. Тэніс –гэта іхны шанец зарабіць вялікія грошы... Застаецца шкадаваць, што 15-гадовая Вікторыя – ня немка і што выступае яна не за Нямеччыну, а за Беларусь”.

Летась Вікторыя выйграла юнацкі Уімблдон у пары і дайшла да паўфіналу Адкрытых чэмпіянатаў Францыі і ЗША. Пасьля перамогі ў Аўстраліі ў адзіночным і парных разрадах у студзені 2005 году Вікторыя Азарэнка ўпэўнена заняла першы радок юнацкага рэйтынгу.

У тэніснай акадэміі Клаўса Гофзэса, якая месьціцца ў гішпанскім мястэчку Марбэлья, беларуская дзяўчына займаецца ад кастрычніку 2004 году. Трэніроўкі праходзяць штодня і працягваюцца шэсьць гадзінаў. Паралельна Вікторыя наведвае агульнаадукацыйную школу. Лічыцца, што вучоба ў акадэміі Гофзэса даступная людзям са значна большымі даходамі, чым даходы сям’і Азаранкі, аднак, паводле некаторых крыніцаў, за Вікторыю плаціць беларуская фірма “Белтэхэкспарт”.

Многія журналісты і тэнісныя фанаты лічаць, што Азаранка нават вонкава нагадвае Штэфі Граф. Высокая, бялявая, зь вельмі добрымі прапорцыямі. Паводле Клаўса Гофзэса, фізычныя парамэтры беларускі яшчэ лепшыя за тыя, што мела юная Штэфі Граф.

Пры росьце 180 сантымэтраў Вікторыя важыць 55 кіло. “У свае 15 год яна нават у чымсьці пераўзыходзіць Штэфі”, кажа трэнэр. Ва ўсялякім разе пасьля Штэфаніі Граф ў яго не было такой таленавітай спартсмэнкі.

Што да самой Вікторыі, то паводле яе словаў, перамогі на турнірах зусім ня ёсьць такімі лёгкімі, як гэта можа падацца звонку. Дзяўчыне вельмі хацелася б правесьці як мага болей матчаў на высокім ўзроўні, аднак ва ўзросьце да 18 год у тэнісістаў ёсьць пэўныя абмежаваньні па колькасьці турніраў. Пад кіраўніцтвам свайго трэнэра Вікторыя сёлета рыхтуецца выступіць у 10 турнірах.

• 14-гадовая Вікторыя Азарэнка -- абсалютная чэмпіёнка Адкрытага чэмпіянату Аўстраліі сярод юніёраў
XS
SM
MD
LG