Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навукоўцы Акадэміі Навук паказалі прыклад непадпарадкаваньня


Галіна Абакунчык, Менск Агульны сход Нацыянальнай Акадэміі навук не зацьвердзіў новага статуту акадэміі, прапанаванага кіраўніцтвам НАН. Навукоўцы называюць гэта адкрытым актам непадпарадкаваньня і пратэсту супраць парушэньня акадэмічных правоў і свабодаў. Акрамя таго, яны заяўляюць пра рашучасьць адстойваць сваю пазыцыю і надалей, а таксама пра намер стварыць рух інтэлігенцыі.

Агульны сход Нацыянальнай Акадэміі навук не зацьвердзіў новай рэдакцыі статуту НАН з прычыны адсутнасьці кворуму. Але многія навукоўцы называюць гэта перамогай, паколькі бальшыня прысутных падтрымала падпісантаў ліста пратэсту супраць дыскрымінацыйнага праекту. Гаворыць адзін з удзельнікаў сходу, член-карэспандэнт Іван Нікітчанка:

(Нікітчанка: ) “Я расцэньваю гэта як добры прыклад. Гэта адкрытыя акцыя непадпарадкаваньня. І калі б усе пайшлі такім шляхам, то не было бы таго, што адбываецца цяпер”.

У новай рэдакцыі статуту было прапанавана ўвесьці ў Акадэміі кантрактную сыстэму, агульным сходам і праз адкрытае галасаваньне абіраць акадэмікаў і членаў-карэспандэнтаў, забараняць навукоўцам займацца палітычнай дзейнасьцю. Кіраўніца прэсавай службы Акадэміі Тацяна Арэшка пракамэнтаваць вынікі сходу адмовілася. Адносна магчымасьці новага разгляду гэтага пытаньня яна паведаміла:

(Арэшка: ) “Наступны агульны сход заплянаваны на красавік, але на парадку дня не стаіць гэтае пытаньне. Але, як сказаў старшыня прэзыдыюму, калі будзе такая патрэба, то, магчыма, і вернемся да гэтага пытаньня”.

У асяродку навукоўцаў розныя меркаваньні адносна таго, ці будзе яшчэ адна спроба прыняць новы статут акадэміі. Спадар Нікітчанка перакананы, што гэтага ня будзе:

(Нікітчанка: ) “Таму што ў “бацькі” ёсьць шмат другіх задачаў — выбары. А памаранчавая рэвалюцыя, яна ж можа перайсьці ў зялёную і пайсьці на поўнач”.

Паводле спадара Нікітчанкі, цяпер навукоўцы працуюць над тым, каб напярэдадні выбараў стварыць рух інтэлігенцыі.

(Нікітчанка: ) “Мы намераныя стварыць моцную арганізацыю з выхадам на студэнцтва і моладзь. Сілы трэба ствараць, бо бязь сілы ж нічога ня будзе”.

Паводле спадара Нікітчанкі, пачатак гэтай працы быў пакладзены яшчэ падчас агульнабеларускага сходу інтэлігенцыі, але цяпер распачынаецца яе новы этап.
XS
SM
MD
LG