Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Новы закон аб унутраных войсках не прывядзе да ўжываньня зброі супраць мірных грамадзянаў”


Алег Грузьдзіловіч, Менск Гэтак лічыць адзін з распрацоўнікаў закону дэпутат Юры Андрэеў. З гэтым ня згодны прадстаўнік апазыцыі Мікалай Статкевіч, які зьвязвае прыняцьцё закону з будучымі прэзыдэнцкімі выбарамі.

Намесьнік старшыні камісіі ў справе нацыянальнай бясьпекі Палаты прадстаўнікоў Юры Андрэеў, адзін з распрацоўнікаў новага закону аб унутраных войсках, ня згодны з крытыкай палажэньня пра дазвол прэзыдэнту Беларусі самастойна вызначаць, калі ўнутраныя войскі могуць выкарыстоўваць спэцсродкі, у тым ліку зброю.

(Андрэеў: ) “У нашага прэзыдэнта сёньня сканцэнтраваныя рычагі для таго, каб не дапусьціць забурэньняў. Паводле Канстытуцыі ён гарант бясьпекі, адказвае за законнасьць. Таму зона гэтай ягонай адказнасьці і прадугледжвае, што ён можа прымаць рашэньні на выкарыстаньне спэцсродкаў”.

Юры Андрэеў перакананы, што ў Беларусі справа ніколі ня дойдзе да выкарыстаньня зброі супраць мірных людзей, паколькі “прэзыдэнт гнуткі і мэтанакіраваны”, а падставаў да забурэньняў у Беларусі “няма і ня будзе”.

Тады чаму спатрэбілася карэктаваць палажэньне закону аб ужываньні спэцсродкаў згодна з вычарпальным сьпісам сытуацыяў? Юры Андрэеў на гэтае пытаньне адказаў, што новая фармулёўка, якая надае прэзыдэнту права самому вызначаць гэтыя выпадкі, “не пашырае паўнамоцтвы прэзыдэнта, а, магчыма, і абмяжоўвае іх”.

Адзін зь лідэраў апазыцыйнай Эўрапейскай кааліцыі “Свабодная Беларусь” Мікалай Статкевіч не падзяляе аптымізму распрацоўніка новага закону Юрыя Андрэева. Мікалай Статкевіч зьвязвае прыняцьцё закону з будучымі прэзыдэнцкімі выбарамі. Апазыцыянэр перакананы, што ўлады будуць фальшаваць вынікі выбараў і прынялі захады, каб падрыхтавацца да магчымых акцыяў пратэсту.

(Статкевіч: ) “Гэтыя зьмены ў закон ёсьць этапам падрыхтоўкі да выбараў. Па-першае, спроба запалохаць грамадзтва, а па-другое, гэта спроба запалохаць выканаўцаў, каб баяліся і выконвалі. Не сумняюся, што гэтыя людзі, калі паўстане пытаньне аб знаходжаньні іх ва ўладзе, аддадуць загад страляць. І, каб гэты загад быў выкананы (а яны хочуць быць у гэтым перакананыя), яму нададзеная форма закону”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG