Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адчыняецца яшчэ адна гарналыжная траса


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў Беларусы становяцца на горныя лыжы, таксама і ў правінцыі. 5 лютага ў Магілёве адкрыецца слаламная траса, якую пабудавалі на грошы гораду.

Магілёўская слаламная траса пабудаваная ў Пячэрскім лесапарку. Месяц таму там узарвалі стары лыжны трамплін, якім не карысталіся гадоў дваццаць. Яго абломкі, засыпаныя зямлёй, сталі асновай горкі вышынёй 150 мэтраў. Гэта толькі першая чарга слаламнай трасы, у будучым плянуецца зрабіць горку вышынёй 300 мэтраў.

Паводле інфармацыі аддзелу фізычнай культуры і спорту Магілёўскага гарвыканкаму, кошты на магілёўскай трасе будуць ніжэйшымі за Лагойск ці Сілічы. Гаворыць кіраўнік аддзелу Віктар Ермакоў:

(Ермакоў: ) “У межах 1 тысячы рублёў восем пад’ёмаў — гэта танна. Восем пад’ёмаў — гэтага дастаткова, каб пакатацца, курс маладога байца прайсьці на працягу гадзіны”.

Спадар Ермакоў таксама распавёў, што траса — гэта частка добраўпарадкаваньня ўсяго Пячэрскага лесапарку, якое робіцца за бюджэтныя сродкі. Дарэчы, менавіта там знаходзіцца рэзыдэнцыя старшыні Магілёўскага аблвыканкаму, непадалёк элітная катэджная забудова. Псыхіятрычны шпіталь, старыя і аварыйныя будынкі якога псавалі выгляд гэтага раёну, летась пераехаў у іншае месца. А ў Пячэрску нядаўна адчыніўся тэнісны комплекс, і вось цяпер — слаламная траса. Яна цалкам пабудаваная на грошы з гарадзкога бюджэту.

У гарвыканкаме сьцьвярджаюць, што каштавала гэта нядорага, бо аб’ём зямельных работ быў невялікі. Гаворыць Віктар Ермакоў:

(Ермакоў: ) “Гэта зусім капейкі. Я лічу, што падаткаплатнікі ня будуць крыўдаваць на нас, таму што гэта для масавага катаньня дзяцей і дарослых, для здароўя і адпачынку — цудоўна”.

Плянуецца, што Пячэрскі лесапарк у Магілёве будзе пераўтвораны ў вялікі забаўляльны комплекс для адпачынку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG