Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Нямеччына і СССР, Гітлер і Сталін – агрэсары, аднолькава вінаватыя ў разьвязваньні 2-й усясьветнай вайны”


RFE/RL Водгукі слухачоў – 2 і 4 лютага 2005 г. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 229-22-71 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Спадар, Гомель: ) “У 21:00 пачалося вяшчаньне на 49 мэтраў Міжнароднага кітайскага радыё, якое цалкам глушыць беларускае Радыё Свабода”.

(Спадарыня: ) “Добры вечар, паважаная Свабода! Наконт тэмаў 2-й сусьветнай вайны. Хачу прапанаваць крыху пра звычайнае мірнае насельніцтва, якое вытрымала на сваіх плячах і выкарміла армію, партызан, НКВД. Дзякуй”.

(Пятро Міхайлавіч: ) “Паважаныя супрацоўнікі Радыё Свабода, добры вечар! Вельмі хачу, каб у сваіх перадачах, якія вы мусіце рыхтаваць пра 2-ю сусьветную вайну, вы распавялі на падставе дакумэнтаў ці дадзеных сьведкаў пра дзейнасьць органаў НКВД на тэрыторыі Беларусі ад пачатку вайны і да канца яе.

Я многа ведаю пра іх гераічную дзейнасьць з савецкіх паваенных кнігаў і фільмаў, але зараз ёсьць і іншая інфармацыя. Зь яе выглядае так, што іхняя дзейнасьць была мэтанакіраваная. Закінутыя праз лінію фронту, яны скіроўвалі сваю нянавісьць ня супраць немцаў, а вяршылі самасуд над насельніцтвам, і ня толькі. Гэта відаць па тых судовых справах, якія разглядаліся ў апошнія гады над энкавэдыстамі ў прыбалтыйскіх краінах. Дык дзе ж праўда?”

(Спадар: ) “Я хачу сказаць наконт таго, што амэрыканцы вылучылі на Нобэлеўскую Прэмію Міра Саакашвілі, які ўвесь час на мяжы вайны трымаецца з аўтаномнымі рэспублікамі, якія побач знаходзяцца; і Юшчанку, які, я лічу, несправядлівым шляхам перамог, ён падзяліў Украіну на дзьве часткі, і таксама ён – пасланец міру. Дзе ж тут ёсьць лёгіка і справядлівасьць?”

(Спадар: ) “У тэме Вялікай Айчыннай вайны мяне цікавіць роля ўкраінскіх батальёнаў СС у гады Вялікай Айчыннай вайны на баку немцаў. Гэта тэма вельмі мала асьвятлялася. Калі магчыма, няхай Свабода яе асьвятліць. Да сустрэчы на хвалях Свабоды”.

(Ігнась: ) “Хачу далучыцца да меркаваньня вакол закрытага ЭГУ і магчымасьці працягу навучэньня яго студэнтаў за мяжой. Я ня супраць магчымасьці атрыманьня заходняй адукацыі нашай моладзьдзю. Я актыўны прыхільнік гэтага. Але хто больш заслугоўвае гэта ў дадзены час? Наша моладзь і яе бацькі, хто рашуча ўстаюць супраць пануючай дыктатуры, выходзяць на пляцы і вуліцы, хто расклейвае ўлёткі і малюе палітычныя графіці, узносіць на недасягальныя вышыні нашыя сымбалі, а за гэта атрымлівае дубінкамі, шліфуе асфальт, праводзіць суткі побач з парашамі і тыя, хто здольны ня толькі падтрымаць так неабходную зараз аксамітную рэвалюцыю, але яе ўзначаліць – ці тыя, хто ўсегалосна абвяшчаюць, што яны палітыкай не займаюцца, пасьля таго як гэтая самая палітыка зрабіла зь іхняй alma mater? Больш таго, адрынуць працягнутую ім руку салідарнасьці з ліцэістамі. Ня ведаю, ці то адукацыя даводзілася ім не заходняй, ці яны ня здольныя авалодаць ёю. І такім, калі ласка – прыяжджайце!

А вось бясстрашным змагарам за Бацькаўшчыну, у тым ліку творчаму спадару Адамовічу, месца там не знаходзіцца, маўляў, адукацыя не эўрапейская. Прапаную абмеркаваць гэтыя пытаньні на Свабодзе”.

(Мікола Саскевіч: ) “Я, просты чалавек зь Беларусі, шчыра прыношу свае спачуваньні ўсяму грузінскаму народу ў сувязі з трагічнай сьмерцю вашага прэм’ер-міністра Зураба Жванія. Каралеўства яму нябеснага і вечная памяць яму!

Наконт вашага пытаньня. У першую чаргу я хачу ведаць толькі праўду пра 2-ю ўсясьветную вайну, ісьціну, як казаў наш вялікі Васіль Быкаў. Гэта ж нашая гісторыя, якая б яна ні была. Але да гэтага трэба прызнаць, што да вайны ўсходняя Беларусь была акупавана расейскімі камуністамі, якія забівалі беларускі народ і таксама, як пры царскім расейскім рэжыме, працягвалі паступова зьнішчаць нашую Беларусь як дзяржаву. І трэба прызнаць, што беларускі народ з заходняй Беларусі, пасьля аб’яднаньня з брацкім народам Польшчы, не пусьціў камуністычных тэрарыстаў на сваю тэрыторыю, тым самым абараніў заходнюю Беларусь і Польшчу ад забойстваў, крадзяжоў і зьнішчэньня.

А цяпер пра 2-ю сусьветную вайну. Я хацеў бы пачуць, як фашыст Гітлер і камуніст Сталін разьвязалі 2-ю сусьветную вайну, і як фашысцкія і камуністычныя акупанты правялі сумесны ваенны парад у горадзе Брэст-Літоўск у гонар сумеснага падзела Польшчы. Я хачу пачуць ад вас, што калі сталінскія камуністы напалі на Польшчу, тэрыторыю заходняй Беларусі, то першыя, хто панесьлі страту, былі настаўнікі. Усіх іх, літаральна ўсіх сабралі, каго расстралялі, а каго павезьлі ў канцлягеры. Я хачу пачуць ад вас, што калі б тады не прыйшлі нямецкія акупанты, то камуністы працягвалі б зьнішчаць беларускі народ. Гэта дакладна! Я хачу пачуць ад вас, што з пачатку вайны нямецкія войскі не чапалі беларусаў, што ў некаторых раёнах Беларусі, дзе не было партызан, за ўсю вайну зусім не чапляліся да беларусаў, а яшчэ і дапамагалі ім. Я хачу пачуць ад вас, што пры нямецкай акупацыі знайшліся сьмелыя, пісьменныя, сумленныя людзі беларусы, якія стварылі беларускую дзяржаву са сваім прэзыдэнтам Беларусі Астроўскім, са сваёй нацыянальнай арміяй, са сваімі сымбалямі, са сваёй мовай і гісторыяй. Я хачу пачуць ад вас, што думалі ўсе яны, якую Беларусь яны хацелі бачыць і дзе ўсе яны, іх сем’і цяпер. Я хачу пачуць ад вас, як партызаны ў час нямецкай акупацыі ўрываліся ў хаты і рабавалі людзей, забівалі мірных людзей і палілі дамы. Я хачу пачуць ад вас, што ў сярэдзіне вайны пайшлі чуткі пра бясчынства партызан. І ў тых раёнах, дзе не было партызан, людзі вельмі баяліся іх прыходу. Я хачу пачуць ад вас, хто былі гэтыя партызаны, атрады НКВД ці проста камуністычныя тэрарысты. Я хачу пачуць ад вас, як і дзе гітлераўскія фашысты забівалі наш народ. Я хачу пачуць ад вас, як ужо пасьля вайны НКВД праводзіла калектывізацыю заходняй Беларусі, як зьбівалі і запалохвалі народ, а кагосьці і забівалі ці ўвозілі ў канцлягеры ў Сыбір. Вось, мусіць, і ўсё.

А ў дадатак я хачу сказаць, што я ненавіджу фашызм і ненавіджу камунізм. І любы зь іх, хто забіваў і рабаваў мірны народ, будзе заўсёды зьверскім злачынцам. І я іх ненавіджу! Даруй мне Божа. Дзякуй за ўвагу”.

(Сталы слухач Сяргей: ) “Прывітаньне, паважаная Свабода! Я тэлефаную па тэме 2-й сусьветнай вайны. Вось якую тэму я вельмі хацеў бы, каб асьвяцілі на Радыё Свабода. Цяпер ужо дакладна не магу ўзгадаць, дзе я пачуў гэтую інфармацыю, ці то Васіль Быкаў казаў у вас на радыё, ці то я чытаў у незалежнай прэсе. Справа вось у чым. Савецкія дывэрсанты, а таксама некаторыя партызаны наўмысна забівалі невялічкія групы немцаў і паліцаяў у вёсках дзеля таго, каб гэтыя вёскі карнікі СС спальвалі разам зь іх жыхарамі. Хацелася б адзначыць той факт, што байцы францускага супраціву палявалі, калі можна так сказаць, на немцаў толькі на дарогах у далечыні ад населеных пунктаў. Хай Свабода больш падрабязна распавядзе пра гэтыя факты, падасьць прозьвішча людзей і іншую інфармацыю”.

(Пэнсіянэр Канстанцінавіч: ) “Добры дзень, Свабода! Лічу, што аднабакова асьвятлілі матывы і дзеяньні тых, хто пайшоў у паліцыю да немцаў. Шмат тых, хто разумеў, што савецкая ўлада зусім не савецкая, а расейская акупацыя толькі іншага кшталту. І былі ў іх і добрыя ўчынкі, але яны не асьветленыя. Сьведкам такога ўчынку я быў. Дзякуючы сьмелым дзеяньням паліцая, ці то па прозьвішчы, ці то па мянушцы Немчык, жыхары вёскі Прылуччына, што каля чыгункі ў Пружанскім раёне, былі выратаваныя ад спаленьня. А ўжо ж былі мы сагнаныя ў адну хату і прачытаны прыказ аб спаленьні па пляну нямецкага камандаваньня”.

(Ільля Копыл: ) “Добры дзень, Свабода! Наконт 2-й сусьветнай вайны пытаньняў вельмі шмат, шмат цёмных і белых плямаў. Мы больш за 60 гадоў чуем, што Нямеччына разьвязала 2-ю сусьветную вайну, запрыгоніла Эўропу. І маўчым, што вайну разьвязалі два хаўрусьніка: Нямеччына і СССР. Яны сумесна захапілі Польшчу, потым Гітлер праглынаў адну за другой краіны Эўропы. Сталін, яго хаўрусьнік, рабіў тое самае: праглынуў Літву, Латвію, Эстонію, захапіў фінскую тэрыторыю, паўночную Букавіну, Бесарабію.

Нямеччына і СССР, Гітлер і Сталін – агрэсары аднолькавыя, аднолькава вінаватыя ў разьвязваньні 2-й сусьветнай вайны. Вялікі жаль, што кіраўнікі СССР пазьбеглі нюрнбэрскага суду. Хацеў бы пачуць аб гэтым на Свабодзе”.

(Маісеенка Генадзь: ) “Прывітаньне, шаноўныя! Учора пачуў, як найменныя ваяры, вызваліцелі ў Расеі, Расейскі ўрад, Дума, звычайныя абывацелі зь ліку рускамоўных у Латвіі і саміх расейцаў, з агідай сустрэлі заяву прэзыдэнта Латвіі аб тым, што ў 1940 годзе і ад 9 траўня 1945 года Савецкі Саюз акупаваў Латвію, і замест вызваленьня ад фашызму стаў пастаў акупантам і каланізатарам. Дык мушу ім адказаць.

Ня трэба агіду мець, бо спадарыня прэзыдэнтка вельмі праўдзіва і імпэтна насамрэч ім адказала. Калі па сораму і праўдзе, то Савецкі Саюз замест вызваленьня ад фашызму ўсёй Эўропе і ў тым ліку Балтыі, дзе прайшлася нага савецкага жаўнера, мабыць, толькі акрамя Аўстрыі, прынёс і ўсталяваў чырвоны фашызм. Пры тым, краіны Балтыі былі акупаваныя насамрэч – поўнасьцю ўцягнутыя ў Савецкі Саюз. Што і вызначае нават і Арганізацыя Аб’яднаных нацый, і вызначала тады. Так што лепей гэтым агіду атрымаўшым не балбатаць, а пакаяцца і прасіць прабачэньня ў латвійскага ды іншых народаў Балтыі і Эўропы. Вось гэта і будзе па сораму і праўдзе. Трэба за ўсё адказваць”.

(Аляксандар Мікалаевіч, Слонім: ) “У апошні час прадпрымальнікі плачуць аб сваіх крыўдах. Сёньня прагучала, што яны маюць сабе толькі 20 адсоткаў навару. Хлусьня! Сам крыху займаўся гэтым, але хутка кінуў, менавіта таму, што ставіў кошты, зь якіх меў менавіта 20 адсоткаў.

Калі беларускі прадпрымальнік ня будзе мець 50 адсоткаў чыстага прыбытку ў кішэню – задавіцца! Ужо колькі год прадпрымальнікі казалі, што немагчыма працаваць, але меней іх не становіцца. Так што і цяпер пагавораць, пагавораць – і ўсе будуць плаціць. Па сапраўднаму адстойваць свае правы яны ня ў стане. Калі страйк – то адзін дзень, і ў будні. Чаму не страйкаваць у суботу і нядзелю, у гэтыя дні ёсьць пакупнікі. А падаткі яны выплацяць за кошт пакупнікоў”.

(Спадар: ) “Добры дзень! Я хацеў бы, каб асьвятлілася тэма, як сталінскія рэпрэсіі 30-х гадоў трагічна адгукаліся на першых днях і месяцах Вялікай Айчыннай вайны, бо былі зьнішчаны тысячы і тысячы лепшых афіцэраў савецкай арміі. Вось гэта ўсё трагічна паўплывала на падзеі з пачатку вайны.

І яшчэ я хацеў бы, каб асьвятлілі тэму “загараджальныя атрады”, “штрафныя батальёны”, у якіх утрымлівалі ня толькі парушальнікаў, але і шмат бязьвінных людзей. Вось гэтыя дзьве тэмы трэба, на мой погляд, асьвятліць у вашых праграмах”.
XS
SM
MD
LG