Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што такое маральны аўтарытэт ва ўмовах сёньняшняй Беларусі?


Аляксандар Уліцёнак, Менск Новая перадача з сэрыі “Палітычная геаграфія”

Адным з галоўных паказьнікаў духоўнага стану грамадзтва заўсёды былі яго маральныя аўтарытэты – тыя, каго людзі паважаюць, з каго бяруць прыклад, кім ганарацца... Хто цяпер прэтэндуе на такую ролю ў Беларусі? Што адбываецца, калі з розных прычынаў паважаныя асобы перастаюць быць у цэнтры грамадзкай увагі? Ці застаюцца ранейшымі сёньняшнія крытэры вызначэньня аўтарытэтнасьці?

Лёс чалавека, чый голас вы зараз пачуеце, драматычны. Бо жыцьцё жорстка ўдарыла па ім тады, калі, здавалася, вытрыманы ўжо ўсе выпрабаваньні, якія выпадаюць на людзкую долю. У народзе пра такіх кажуць: пабыў на кані, пад канём і пад конскім хвастом...

(Старавойтаў: ) “Тут было 60 гадоў калгасу, і я сказаў: “Не пайду!” А потым усё ж такі вырашыў пайсьці і зьявіўся там”.

Гэта Васіль Старавойтаў. За савецкім часам чалавек-легенда: двойчы Герой працы, кіраўнік гаспадаркі, якой не адна Беларусь – Савецкі Саюз ганарыўся. І пасьля такой славы, пад шаноўную старасьць – зьняволеньне... Калі табе амаль 80, турма адбіваецца, як кажуць, напоўніцу. Але яшчэ цяжэй прыгнятала крыўда, нібыта ў крытычны момант ісьціны людзі адвярнуліся: паверылі вэрсіі сьледзтва. Маўляў, старшыня кіраўскага “Рассвету” ня дзеля землякоў жыў, а адно пра сябе дбаў. І ўсё ж Старавойтаў пайшоў у клюб, бо адчуваў за сабой маральнае права на людзкую павагу...

(Старавойтаў: ) “Калі мяне вывалаклі на сцэну, заля ўся паднялася і зрабіла мне такія аплядысмэнты! Там не было ніводнага чалавека супраць мяне... Нават судзьдзя, якая мяне асудзіла, і тая мусіла ўстаць. Вось гэта для мне самае галоўнае – што перавярнуліся людзі...”

Гэты “пераварот” у грамадзкай сьвядомасьці адбыўся няпроста. Некалькі год вэртыкальшчыкі ўсяляк пераконвалі жыхароў Мышкавічаў, што іхны знакаміты зямляк – звычайны злодзей... Піяр-ход традыцыйны ў адносінах да тых, каго ўлада пачынае лічыць сваімі палітычнымі апанэнтамі. Асабліва калі ў такі “чорны сьпіс” трапляюць людзі з высокім маральным аўтарытэтам. Прыкладам, акадэмік Аляксандар Вайтовіч, алімпійскі чэмпіён Уладзімер Парфяновіч, народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка... Каб пераарыентаваць грамадзкую ацэнку такіх асобаў, дзяржаўныя піярнікі не асабліва саромеюцца, лічыць адзін з кіраўнікоў Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў Аляксандар Сасноў:

(Сасноў: ) “Менавіта з-за піяр-кампаніі рэйтынг уздымаецца, калі яна пачынаецца. І падае, калі яна завяршаецца. Вось каб кожны вечар нейкае перацягваньне палітычнага каната вялося, людзі б ведалі, хто ёсьць хто ў нашай краіне, тады можна было б казаць пра нейкі рэйтынг дакладны. Цяпер адзін мае ўсё, астатнія ня маюць нічога. У нас усё робіцца для таго, каб не было ніякіх аўтарытэтаў, акрамя аднаго”.

Паводле сацыялягічных замераў, такая тактыка нярэдка спраўджваецца. Вось і ў Мышкавічах шмат хто напачатку паверыў таму, што казалі пра Старавойтава. Аднак тое, як трымаўся ён у турме, як паводзілі сябе ягоныя наступнікі, як пайшло разьвіцьцё гаспадаркі, пераканала людзей: старшыня быў і застаўся на вышыні. Чаго больш ня кажуць пра тых, хто яго пляжыў.

Дарэчы, на Магілёўшчыне хапае прыкладаў маральнае паразы вэртыкалі, калі яна спрабавала загнаць у кут непажаданых для сябе аўтарытэтных людзей. Напрыклад, палітычная самастойнасьць сталася прычынай раптоўнай адстаўкі аднаго з кіраўнікоў Крычаўскага раёну Мікалая Гердзія. І што ў выніку?

(Гердзій: ) “Увогуле людзі нармальна ставяцца. Цяпер нават болей, чым раней, вітаюцца. Я ўсіх і ня ведаю. У прынцыпе, з нармальнымі людзьмі – нармальна. Я сябе пачуваю досыць камфортна”.

Спадар Гердзій кажа, што пасада, безумоўна, уплывае на фармаваньне аўтарытэту чалавека сярод насельніцтва. Бо дадае публічнасьці. Але, з другога боку, яна больш выразна высьвечвае маральныя якасьці кіраўніка. Асабліва ў сёньняшніх умовах, калі катэгарычна забараняецца мець пазыцыю, адрозную ад афіцыйнай:

(Гердзій: ) “Жыцьцё маё стала больш спакойнае. Я проста перастаў перажываць за тое, што працую ў органе, зь людзьмі, якія робяць, мякка кажучы, злачынствы супраць свайго народу. Таму што ўсё, што тады чынілася і цяпер, мала адпавядае здароваму сэнсу”.

Пасьля адстаўкі Мікалай Гердзій актыўна працуе ў “Народнай грамадзе”, вылучаўся ад гэтай партыі кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Свае перакананьні выказвае на старонках мясцовай незалежнай газэты “Вольны горад”.

Зь недзяржаўнымі мэдыямі зьвязаў лёс яшчэ адзін вядомы на Магілёўшчыне чалавек – Генадзь Суднік. Раней ён кіраваў абласным тэлебачаньнем, меў рэпутацыю сумленнага прафэсіянала. Яна й не дазволіла працаваць зь людзьмі, якія інакш разумеюць прызначэньне журналістыкі:

(Суднік: ) “Я, вядома, нікуды ня зьнік, я запатрабаваны ў прафэсіі і ў тым, што ўмею рабіць, таму я працую – перш за ўсё на нас, на нашую краіну, якая абавязкова будзе”.

Сьвядомы жыцьцёвы выбар чалавека, які мог прыстасавацца да новых умоваў, але ня стаў гэтага рабіць з маральных перакананьняў, высока цэняць ня толькі шараговыя магілёўцы. Прыязна ставяцца да спадара Судніка і шмат якія чыноўнікі, кіраўнікі, што абралі іншы шлях – засталіся на сваіх ранейшых пасадах:

(Суднік: ) “Яны паважаюць чалавека з пазыцыяй. І, дарэчы, чым далей ад улады самі апынаюцца і чым бліжэй да пэнсіі, яны так жа сама да гэтага ставяцца. Ёсьць такія жартачкі... Пытаюцца: “Ну, калі вы там ужо?” І гэта такім прывітаньнем ужо ў нас стала. Я ім кажу: “Ну, цярпіце, вось-вось...”

Дарэчы, наступнікам сталага рэдактара быў 20-гадовы Ягор Рыбакоў. Ён не асабліва цырымоніўся з калектывам, які доўга зьбіраў, зьнітоўваў Генадзь Суднік:

(Суднік: ) “Да мяне даходзілі такія аповеды, што ён з усімі на “ты”, што ён усе праблемы вырашаў за дзьве сэкунды такім чынам, што, маўляў, не падабаецца – сыходзь...”

Аднак гэта не перашкодзіла вышэйшаму палітычнаму кіраўніцтву краіны высока ацаніць дзейнасьць спадара Рыбакова: хутка ён ачоліў Нацыянальную тэлерадыёкампанію. І неўзабаве ўвайшоў у лік самых вядомых, аўтарытэтных людзей краіны. Такі імідж стварала дзяржаўная прапаганда. Аднак землякі зусім не ўспрымалі тэленачальніка ў якасьці маральнага арыентыру. Чаму – тлумачыць Аляксандар Сасноў, пад кіраўніцтвам якога праводзіліся апошнія замеры рэйтынгаў палітычных дзеячоў:

(Сасноў: ) “Можа быць аўтарытэт, а можа быць імідж. Імідж – гэта тое, што вакол чалавека зрабілася, як яго ўспрымаюць. Можа, ён у сапраўднасьці зусім не такі. Вось гэта вельмі добра можна прадэманстраваць на прыкладзе Аляксандра Рыгоравіча. Вось ён імідж мае адзін, а аўтарытэт у яго другі. Бо калі ўглядзецца вельмі пільна, то відаць такое, што ня можа быць для людзей ніякім аўтарытэтам...”

А неўзабаве Рыбакова абвінавацілі ў злоўжываньні службовым становішчам і хабарніцтве: мыльны, дзьмуты аўтарытэт канчаткова лопнуў...

Цікавая акалічнасьць: уладныя піяр-каманды чапляюцца літаральна да драбніц, калі палююць на сваіх ахвяраў. Дастаткова згадаць прэтэнзіі да спадароў Марыніча, Старавойтава, Лявонава... Можна было чакаць, што гэтаксама паставяцца ў Магілёве і да спадара Рыбакова, пад кіраўніцтвам якога, дарэчы, і працавала адна з такіх камандаў. Аднак высьветлілася: прыстойныя людзі грэбуюць бруднымі прыёмамі. Генадзь Суднік, на лёс якога Ягор Рыбакоў актыўна паўплываў, шкадуе маладога чалавека:

(Суднік: ) “Так табе і трэба!”– я такога ня чуў і сам так ня думаю. Я думаю, што ён, вядома ж, ня злосны будзённы злачынца, які мусіць сядзець за кратамі. Я мяркую, таго, што зь ім цяпер адбылося, дастаткова, каб зразумець, і можна было б яго з паседжаньня суду і адпусьціць”.

Аднак ва ўлады іншыя ўяўленьні... і вымярэньні: маральнага і амаральнага, вартага ўвагі і забыцьця. У Полацку, напрыклад, большасьць музэяў месьцяцца на вуліцы, уганараванай імем Леніна. Побач – вуліцы імя Сака і Ванцэці, Карла Маркса, Івана Бабушкіна... Нібыта яны, а не такія выдатныя асобы, як Ян Баршчэўскі ці Валенты Ваньковіч хадзілі па гэтых вуліцах. Вось меркаваньне Ўладзімера Арлова, які нарадзіўся тут:

(Арлоў: ) “Я думаю, у Полацку абавязкова павінна быць вуліца Васіля Быкава. Гучала таксама прапанова надаць імя славутага пісьменьніка Полацкаму дзяржаўнаму ўнівэрсытэту”.

Аднак пісьменьнік ня цешыць сябе ілюзіямі, нібыта такое магчыма ў сёньняшніх умовах:

(Арлоў: ) “Цяжка спадзявацца на тое, што амаральная ўлада будзе называць вуліцы імёнамі маральных аўтарытэтаў нацыі”.

Чаму? Сацыёлягі зафіксавалі несупадзеньне крытэраў вызначэньня вартых павагі асобаў з боку грамадзкасьці і ўладаў. Дарэчы, тое самае адбываецца ва ўсходніх суседзяў: штогод расейцы выводзяць рэйтынг так званых “элітных асобаў”. І часьцяком тыя, на каго ставіць Крэмль, не трапляюць у сьпісы дзьвюх сотняў маральных аўтарытэтаў, якіх вызначае ўся краіна. Вось што кажа пра традыцыйныя народныя чаканьні навуковец Аляксандар Сасноў:

(Сасноў: ) “Гэта павінен быць маральны чалавек, у якім усё адпавядае чалавечым, хрысьціянскім звычкам, правілам. Вось адным зь іх быў Быкаў. Але думаю, што тыя, хто цяпер узначальвае беларускі, напрыклад, палітычны рэйтынг, ня могуць зьяўляцца аўтарытэтамі такога кшталту”.

Ці не таму ў Беларусі адмаўляюцца паўтарыць досьвед расейцаў і вызначыць самых аўтарытэтных людзей? А калі няма шырокіх публічных абмеркаваньняў, тады ствараецца ўражаньне, што краіне бракуе годных асобаў... Вядомы наваполацкі бард Ален на пытаньне, куды падзеліся маральныя аўтарытэты нацыі, адказаў так:

(Ален: ) “Такія людзі ў нашым грамадзтве, вядома, ёсьць. Яны патрэбныя нашай краіне, патрэбныя народу, але яны не патрэбныя нашай дзяржаве. Таму што яны могуць павесьці за сабой людзей, а такога ў нас не павінна здарыцца, бо ў нас правадыр толькі адзін… Таму й ня будзе ў нас вуліцы Быкава, а будзе вуліца Ніякая. І гэта будзе нармальна для нашых уладаў”.

Што да проста таленавітых і вартых павагі людзей, дык іх, на думку Алена, апошнім часам значна паменела:

(Ален: ) “Тэзіс гучаў неаднаразова, што нашыя вядомыя і таленавітыя людзі ад’яжджаюць з нашага гораду і з нашай краіны. І гэта яшчэ адна сур’ёзная грамадзкая праблема ў Беларусі”.

Аднак Аляксандар Сасноў прытрымліваецца іншай думкі:

(Сасноў: ) “Ведаеце, у наш інфармацыйны век вось такі маральны аўтарытэт, якім валодалі ранейшыя нейкія асобы, напрыклад, той жа Машэраў, на мой погляд, немагчымы. Таму што цяпер аўтарытэты сталі меншыя, але іх стала багата”.

Атрымліваецца, выбар усё ж ёсьць. І хай узровень культуры, у тым ліку й маральнай, у палярызаванай беларускай дзяржаве сёньня ня самы высокі, аднак грамадзтва па-ранейшаму мае патэнцыял, дастатковы для таго, каб ня проста выжыць, а – дайсьці да храму...
XS
SM
MD
LG